Выпускніка каледжа будуць судзіць за фіктыўнае працаўладкаванне для размеркавання

Выпускнік каледжа фіктыўна ўладкаваўся на працу, каб не адпрацоўваць размеркаванне. Акрамя гэтага, у яго знайшлі марыхуану. У выніку маладога чалавека будуць судзіць па двух артыкулах: аб прычыненні маёмаснай шкоды ў буйным памеры (арт. 216 КК) і захоўванні наркатычных сродкаў (арт. 328 КК).

Згодна з матэрыяламі справы, ураджэнец Гомельскай вобласці фіктыўна ўладкаваўся на працу і прынёс у каледж даведку, паводле якой яго размеркавалі ў пазначаную кампанію. Насамрэч з 2022 года па 2023 год выпускнік нідзе не працаваў.

Следства палічыла, што ён не адпрацаваў размеркаванне, чым прычыніў маёмасную шкоду на суму больш за 11 тысяч рублёў.

Таксама ў лютым 2026 года абвінавачаны купіў 0,39 грама марыхуаны. Частку ён ужыў, а частку захоўваў дома.

Падчас следства 23-гадовы хлопец прызнаў віну ў поўным аб’ёме і часткова кампенсаваў шкоду. Справа накіраваная ў суд, паведамляе пракуратура Мінска.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!