Скриншот видео
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ, якім уведзена ў дзеянне рашэнне Савета нацыянальнай бяспекі краіны аб санкцыях у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі.
Санкцыі прадугледжваюць пазбаўленне дзяржаўных узнагарод Украіны, блакіроўку актываў, абмежаванне гандлёвых аперацый, абмежаванне транзіту, забарону на ўдзел у прыватызацыі і інш. – усяго 17 мер.
Як паведамілі ў Офісе прэзідэнта Украіны, санкцыі ўведзены, у тым ліку, за разгортванне ў другой палове 2025 года сістэмы рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі дронамі, што павялічыла магчымасці расійскіх войскаў наносіць удары па паўночных абласцях краіны. Акрамя таго, у паведамленні гаворыцца, што больш за 3 тыс. беларускіх прадпрыемстваў пастаўляюць Расіі тэхніку, абсталяванне і камплектуючыя, у тым ліку для вытворчасці ракет.
«Працягваецца і развіццё інфраструктуры для размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ракет сярэдняй далёкасці – “Арэшніка”, што з’яўляецца відавочнай пагрозай не толькі ўкраінцам, але і ўсім еўрапейцам. Аляксандр Лукашэнка не толькі прадаставіў тэрыторыю Беларусі для “Арэшніка”. У мінулым годзе прадпрыемствы краіны забяспечвалі Расію крытычнымі вузламі, кампанентамі і механічнай базай для гэтай зброі. Гэта працягваецца і ў 2026 годзе. Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно абменьвае суверэнітэт Беларусі на працяг асабістай улады», – прыводзяцца ў рэлізе словы Зяленскага.
Таксама адзначаецца, што Аляксандр Лукашэнка садзейнічаў уцягванню беларускіх чыноўнікаў у прымусовую дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расію.
Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што Украіна актывізуе супрацьдзеянне ўсім формам садзейнічання з боку Лукашэнкі забойствам украінцаў.
“Будзем працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект”, – напісаў Зяленскі ў сацсетках.
“Аляксандр Лукашэнка ўжо даволі даўно абменьвае суверэнітэт Беларусі на падаўжэнне ўласнай улады, дапамагае расіянам абыходзіць санкцыі за гэтую агрэсію, актыўна апраўдвае расійскую вайну, а цяпер яшчэ і павялічвае свой уласны ўдзел у маштабаванні і зацягванні вайны. За гэта будуць асобныя наступствы”, – дадаў ён.
У Офісе ўкраінскага прэзідэнта дадалі, што санкцыі супраць Лукашэнкі ўжо ўведзены ЕС, ЗША, Японіяй, Канадай, Швейцарыяй і Новай Зеландыяй.
«Мы доўга назіраем сістэмны ўдзел беларускіх кампаній у абыходзе санкцый ЕС. Гэта і пастаўкі кампанентаў, і лагістычныя маршруты, і фінансавыя паслугі. Санкцыйны рэжым супраць Беларусі павінен быць выраўнаваны з санкцыйным рэжымам супраць РФ», – дадаў дарадца – упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк.