Фонд BYSOL выступіў з заявай у сувязі з прысудамі па «справе BYSOL».
Нагадаем, чатыры чалавекі атрымалі ад 2 да 3 гадоў калоніі па абвінавачанні ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні». Суд палічыў, што яны былі «кур’ерамі» BYSOL у Беларусі. «У задачы “кур’ераў” уваходзіла атрыманне і перадача грашовых сродкаў іншым удзельнікам фарміравання, іх размеркаванне на патрэбы ўдзельнікаў незаконнай пратэснай і экстрэмісцкай дзейнасці», — заявіла пракуратура Мінска.
BYSOL заяўляе, што ў фонду няма «кур’ераў» у Беларусі.
«Фонд BYSOL ніколі не меў “кур’ерскай сеткі” ў Беларусі. BYSOL не стварае падпольных структур, не фарміруе “групы” ўнутры краіны і не арганізуе перадачу наяўных грашовых сродкаў праз фізічных асоб.
Заявы аб існаванні “арганізаванай групы BYSOL” з функцыямі “кур’ераў”, размеркаваннем наяўных сродкаў і захаваннем “канспірацыі” не адпавядаюць рэчаіснасці і не маюць дачынення да рэальнай дзейнасці фонду», — гаворыцца ў заяве.
Фонд таксама нагадвае, што перавод сродкаў на асабістыя рахункі грамадзян у Беларусі ад арганізацый, прызнаных у РБ «экстрэмісцкімі», звязаны з рызыкай для атрымальнікаў. Такія пераводы могуць выкарыстоўвацца ўладамі як падстава для пераследу.
