“БелДжы” можа стварыць канструктарскі цэнтр, каб распрацаваць цалкам беларускі аўтамабіль. Пра гэта ў эфіры СТБ расказаў гендырэктар прадпрыемства Генадзь Свідэрскі. Паводле яго слоў, цяпер на заводзе такога цэнтра няма, бо ён уяўляе сабой ліцэнзійную вытворчасць.
“БелДжы” — гэта ліцэнзійная вытворчасць. І нашым партнёрам з’яўляецца кампанія Geely, таму мы сучасныя мадэлі прапануем на беларускі рынак.
Вы згадалі электрамабіль. Тут, мне здаецца, проста ёсць недахоп інфармацыі. Сёння легкавы аўтамабіль — гэта праграмна-апаратны комплекс. І калі мы гаворым пра лакалізацыю, калі мы зразумеем алгарытмы працы, калі мы можам праграміраваць самастойна, тады мы можам сказаць, што «БелДжы» стаў на адзін узровень з МАЗам, БелАЗам, Трактарным заводам, «Амкадорам», — сказаў ён.
Свідэрскі расказаў, што пры рэалізацыі праекта электрамабіля завод будзе працаваць з інстытутам Акадэміі навук.
“У гэтым сутнасць задачы. Яна складаная, таму калі была пастаўлена задача па электрамабілі, то Аб’яднаны інстытут разам з нашымі тэхнолагамі працаваў над тым, каб авалодаць гэтымі кампетэнцыямі. Так, досвед аказаўся такім, што тыя кампаненты, якія былі створаны, яны даражэйшыя, чым у Кітаі. Адпаведна, прывялі да неконкурэнтаздольнасці”, — сказаў ён.
Свідэрскі таксама адзначыў, што цяпер перад заводам стаіць задача зрабіць цалкам беларускі аўтамабіль, і ўжо для гэтага спатрэбіцца ўласны цэнтр распрацоўкі.
“Цяпер і кіраўніком дзяржавы падчас уручэння прэміі якасці было сказана: трэба зрабіць 100% айчынны аўтамабіль. Яго трэба разумець так, што ў нас павінен з’явіцца, можа, нават канструктарскі цэнтр распрацоўкі, у якім будуць кампетэнцыі — і алгарытмы, і праграмы, і электронныя блокі. Гэтым шляхам мы павінны ісці разам з навукай”, — сказаў ён.
Нагадаем, у лістападзе старшыня КДК Васіль Герасімаў абвясціў, што яго камітэт выявіў карупцыйную схему ў Аб’яднаным інстытуце машынабудавання. Сродкі, выдзеленыя на распрацоўку электрамабіля, размеркаваліся паміж дзевяццю супрацоўнікамі, а затым яны перадавалі палову з іх кіраўніцтву інстытута.
