Запасы Расіі па малацэ перанасычаныя дзякуючы пастаўкам з Беларусі. Пра гэта ў інтэрв’ю ТАСС паведаміла намесніца старшыні камітэта Дзярждумы РФ па аграрных пытаннях Юлія Аглобліна.
Паводле яе слоў, па большасці харчовых напрамкаў Расія цалкам забяспечвае сябе за кошт уласнай вытворчасці. Гаворка ідзе пра збожжа, цукар, сланечнікавы алей і мяса. Яна адзначыла, што па асобных катэгорыях — гародніне, садавіне, ягадах, а таксама малацэ і малочных прадуктах — краіна “трошкі не дацягвае” да мэтавых паказчыкаў дактрыны харчовай бяспекі.
“Але за кошт братоў-беларусаў мы тут таксама, вядома, цалкам забяспечаныя, — заявіла Аглобліна. — У цяперашні час у нас нават перанасычэнне. Калегі з “Саюзмалока” нядаўна былі ў нас у аграрным камітэце, кажуць: “У нас назапасілася вельмі шмат малака, малочных прадуктаў”.
“Гэта сведчыць пра тое, што ў прынцыпе ў нас усё ў доступе, усё ёсць, каб нашы грамадзяне не хваляваліся”, — запэўніла яна.
Дэпутатка адзначыла, што ў Расіі ёсць разуменне, як нарошчваць уласную вытворчасць малака. Паводле яе слоў, Мінсельгас РФ робіць упор на павышэнне прадукцыйнасці кароў і развіццё буйных індустрыяльных малочных комплексаў. Яна падкрэсліла, што малочная жывёлагадоўля мае прыярытэт па ўсіх мерах падтрымкі і льготным крэдытаванні.
