Анастасія Махамет прызначана намесніцай прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольгі Зазулінскай. Яна будзе займацца работай з добраахвотнікамі і іх сем’ямі, паведамляе АПК.
«Напрамак працы з добраахвотнікамі вельмі важны для нашага прадстаўніцтва і ўсяго Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў цэлым. І я вельмі рада, што ім зоймецца Анастасія, якая мае адпаведны досвед і ўцягнутасць у тэму», — заявіла Зазулінская.
Анастасія Махамет мае медыцынскую адукацыю і досвед працы медыкам. У 2020-2021 удзельнічала ў пратэстах у Беларусі. З’яўляецца адной з заснавальнікаў незалежнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У канцы 2021 года была вымушана пакінуць краіну, не завяршыўшы інтэрнатуру.
Пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны Анастасія далучылася да палка Каліноўскага, займала пасаду камандзіра медыцынскай роты, забяспечвала арганізацыю медыцынскай дапамогі і эвакуацыю параненых у зоне баявых дзеянняў. У 2025 годзе завяршыла службу па стане здароўя.
У Беларусі Махамет завочна прыгаворана да 18 гадоў пазбаўлення волі па палітычных матывах.
