Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла падрабязнасці пра сітуацыю з атручэннем дзяцей у Барысаве.
Паводле інфармацыі ведамства, усяго з вечара 2 чэрвеня па 3 чэрвеня ў інфекцыйную бальніцу звярнуліся 30 дзяцей з 11 дашкольных устаноў горада ва ўзросце ад 2,8 да 8 гадоў з шматразовымі ванітамі, болямі ў жываце і слабасцю.
27 дзяцей былі шпіталізаваныя з папярэднім дыягназам «Востры гастраэнтэрыт». Стан на момант паступлення ацэньваўся як сярэдняй ступені цяжкасці. У трох выпадках бацькі аформілі пісьмовую адмову ад шпіталізацыі.
Усе шпіталізаваныя агледжаны ўрачамі-інфекцыяністамі і хірургам. На фоне лячэння ва ўсіх пацыентаў адзначаецца станоўчая дынаміка, да 18:00 3 чэрвеня 8 дзяцей ужо выпісаны.
Сітуацыя знаходзіцца на кантролі Міністэрства аховы здароўя. Прычыны захворвання ўстанаўлівае санітарна-эпідэміялагічная служба. Следчы камітэт па даручэнні Генеральнай пракуратуры праводзіць праверку.