У адрас карціны расійскага рэжысёра Барыса Гуца «Minsk» пра беларускія пратэсты 2020 года ў беларускім сеціве ўзнялася хваля крытыкі. У выходныя фільм эстонска-расійскай вытворчасці быў адзначаны дзвюма ўзнагародамі на Котбускім міжнародным кінафестывалі — адным з выбітных форумаў усходнееўрапейскага кіно, які ладзіўся з 8 па 13 лістапада. Беларускія кінематаграфісты, якім удалося ўбачыць карціну, палічылі адзнакі журы недарэчнымі.
«Minsk» атрымаў у Котбусе прыз Экуменічнага журы, які ўручаецца як за мастацкія якасці фільма, так і рэлігійную, сацыяльную і гуманістычную праблематыку. А таксама стужка Барыса Гуца была ўдастоена прэстыжнай узнагароды Міжнароднай фэдэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI. Свае рашэнне журы кінапрэсы патлумачыла так:
«Фільм, які пачынаецца з дзіўна мілых адносін, прапануе вісцеральны вопыт, які разгортваецца ў рэальным часе. Непазбежная харэаграфія жаху ўцягвае гледача ў спектакль жорсткасці, ад якога немагчыма схавацца. За гэты бязлітасны погляд на паліцэйскі гвалт у марыянетачнай дзяржаве ўзнагарода FIPRESCI прысуджаецца Барысу Гуцу за фільм «Minsk».
Прызнанне карціны на нямецкім форуме выклікала здзіўленне і абурэнне Максіма Шведа і Улады Сяньковай — беларускіх рэжысёраў, вядомых сваімі яскравымі стужкамі і грамадзянскай пазіцыяй. Беларускія кінематаграфісты прысутнічалі на Котбускім кінафестывалі і пасля прагляду фільма не прынялі «мастацкай умоўнасці» расійскага аўтара ў адлюстраванні важнай для іх, як і для многіх беларусаў, тэмы.
«Як можна было ўзнагародзіць гэты другасны «трэш», які бездарна эксплуатуе траўму беларусаў? — напісаў рэжысёр дакументальных стужак «Чыстае мастацтва», «Маршрут перабудаваны» Максім Швед у каментарах пад пастом на старонцы Барыса Гуца. (Да слова, фільм рэжысёра «Маршрут перабудаваны» дэманстраваўся ў адмысловай праграме Котбускага фестывалю «Што засталося?» ). — Пытанне не ў паветра, я задаў яго і сябрам журы, але выразнага адказу не пачуў. Boris Gouts, Вы, спадзяюся, цяпер будзеце ведаць, што адказваць на пытанне «Што пра ваш фільм думаюць беларусы?». Мне глядзець яго было вельмі горка, сваімі «мастацкімі ўмоўнасцямі» Вы абясцэнілі важныя для мяне сэнсы.
Рэжысёрка Улада Сянькова, вядомая сваімі кінапрацамі «Граф у апельсінах», «From the great height», «ІІ» напісала вялікі пост на сваёй старонцы пра «Minsk». Аўтарка таксама папракнула Барыса Гуца ў мастацкіх праліках, надуманасці, ды, увогуле, павярхоўным стаўленні да балючай тэмы, якое ў дадзеным выпадку недапушчальна.
«Аднойчы ў канцы 2020-га ў мяне была размова з расейскімі прадусарамі наконт майго беларускага сцэнара. Яны сталі вылучаць свае думкі, якія, на мой погляд, ніяк не ладзіліся з беларускай рэчаіснасцю. Аб чым я ім і сказала. На гэта адзін з іх устаў і прынес магніцік з беларускім аўтазакам. Маўляў, глядзі, я ўсё пра Беларусь ведаю, у мяне нават магніцік беларускі ёсць. Гэта лепшае апісанне фільма «Minsk», зробленага расейцам Барысам Гуцам […], — выказалася Улада Сянькова.
І яшчэ.
«[…] Спадзюся, калі Барыс браўся за такі амбіцыйны праект пра надзею і трагедыю беларускага народа, ён уяўляў сабе, што гэта вялікая адказнасць, і глядзець гэтае кіно будуць пад павелічальным шклом. Але ведаеце, у выпадку фільма «Minsk» павелічальнае шкло не спатрэбілася».
«Фільму далі два прызы ў Котбусе зараз. Ведаеце чаму? Таму што другога гульнявога паўнаметражнага кіно пра пратэсты няма. Ёсць вось гэтае — пра пагром ментоўкі, «е****х шлюх» і «мяў» (Улада выкарыстоўвае цытаты з фільма — Reform.by). Кіно, якое мы заслужылі. Пачынаю разумець украінцаў пра кэнселінг усё больш і больш […]».
Ды абурэння Улады і Максіма гэтаксама далучылася беларуская сцэнарыстка і рэжысёрка Марта Дар’я Клінава («Зніклая паэзія», «Усе мерапрыемствы згодна з планам», «Тато»). Яна бачыла стужку раней.
«Протест в фильме полностью обесценен, а Минск превращен в какую-то российскую провинцию, с «чё», мэрией и Пушкиным», — напісала яна свой водгук на асабістай старонцы.
Вакол «Minskа» такім чынам разгарэўся скандал, да якога далучаюцца галасы і тых, хто яшчэ не бачыў стужку. Гучаць папрокі і ў расійскім шавінізме, і ў эксплуатацыі траўмы беларусаў. «Мінск», які распавядае пра страшныя падзеі, што перажылі беларусы ў 2020 годзе (ці перажылі яшчэ?), выклікае жывую і эмацыйную рэакцыю людзей, якія ці не на ўласным досведзе спазналі гвалт і беззаконне беларускіх уладаў у той час. То-бок кіно крочыла па свежым следам падзей і зараз атрымоўвае фідбэк ад, магчыма, самага важнага свайго гледача — беларускага. (Прынамсі, і Максім Швед, і Марта Дар’я Клінава былі затрыманы ў тыя жнівеньскія дні).
Натуральна, любы мастацкі твор можа выклікаць палеміку і дыскусіі, і дзеля таго, каб уступаць у яе, усё ж варта паглядзець фільм, каб не быць павярхоўным суддзёй. Тым больш Барыс Гуц казаў, што такая магчымасць у беларусаў у бліжэйшыя часы будзе.
Аднак ці не маюць рацыю і беларускія кінематаграфісты, якія выносяць у публічнае поле сваё меркаванне датычна карціны, якая падманула іх чаканні? Як ставіцца да іх рэакцыі? І якія крокі беларуская (кіна)грамадскасць можа зрабіць, каб данесці свой пункт гледжання ў выпадку нязгоды? Ці гэта рэакцыя — прэцэдэнт альбо ўсяго толькі палемічны водгук на чарговы фільм з прыстаўкай «арт»?
Каб разабрацца ў гэтых пытаннях, Reform.by звярнуўся да кінакрытыка, сябры Міжнароднай фэдэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI, прадстаўніцы Беларускай Рады культуры Ірэны Кацяловіч.
— Я не глядзела фільм і назіраю за дыскусіяй толькі збоку, таму пакуль эмоцыі не заслалі вочы і мне, бачу, што беларускія фільмейкеры ўспрымаюць «Minsk» перадусім не як прафесіяналы, а як беларусы, — адказала яна. — Для беларусаў падзеі 2020-га – каштоўнасць з п’едэстала і балючая сітуацыя, у якой мы знаходзімся дагэтуль, таму калі нехта выкарыстоўвае яе для забаўляльнага павярхоўнага “атракцыёна”, гэта непазбежна выклікае адмоўную рэакцыю.
Хаця і ў беларускім кіно, і ў кіно суседзяў, напрыклад, Другая сусветная вайна даўно стала антуражам для танных баевікоў з самаахвярнымі героямі і слоўмо.
Не ведаю, чаго можна было чакаць ад расейскага рэжысёра, для якога нашы пратэсты – толькі ўражальная карцінка з экрана тэлефона. Дакладна не нейкай глыбіні, прынамсі, такой, якая б задаволіла нас як беларусаў.
Яшчэ больш муляе вока няўважлівасць да беларускіх дэталяў, што ў часе адноўленай дыскусіі пра расейскі імперыялізм успрымаецца востра. Можна было б успомніць панятак мастацкай умоўнасці, усё на яго спісаць і забыць, але «Minsk» прасоўваецца як першая ігравая стужка пра беларускія пратэсты, цяпер яшчэ і з фестывальнымі ўзнагародамі.
Пакуль у ігравым поўным метры нам няма чаго гэтай “першай” стужцы супрацьпаставіць, таму, каб паказаць альтэрнатыву, паставіць тэму фільма ў больш сэнсоўны кантэкст, патрэбная гэтая цалкам апраўданая дыскусія, і варта, каб яна гучала таксама на пляцоўках, дзе паказваецца «Minsk».
Нагадаем, што знятая адным кадрам, без мантажных склеек, ігравая стужка Барыса Гуца распавядае пра першы дні і ночы пратэснага жніўня ў Мінску ў 2020 годзе. Расійска-эстонскі праект, на які эстонскі Інстытут кіно вылучыў 80 000 еўра, здымаўся ў Таліне, у раёне Ласнамяэ. На фільме прадзюсарам і кансультантам працаваў паліттэхнолаг Віталь Шкляраў. У карціне здымаліся беларускія і расійскія акцёры: Аляксей Маслодудаў, Анастасія Шамякіна, Юлія Ауг, Анастасія Проніна, Данііл Сцяклоў, Максім Стаянаў, і іншыя артысты.
У сваім фейсбуку рэжысёр у пасце пра адзнаку Minska на Котбускім фестывалі напісаў лозунг, які ў Беларусі ўжо лічацца «нацысцкім вітаннем» — «Ж*** Б*******!».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: