Ціхан Чарнякевіч: «Максім Багдановіч — гэта наш Віктар Цой»

Главное
Ціхан Чарнякевіч. Фота: facebook.com/tsikhan.charniakevich.

Сёння, 9 снежня, спаўняецца 130 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Калі паэзія можа лекаваць і падтрымліваць, — то цяпер яна патрэбна як ніколі.

«Хто мы такія? Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі Сваркі і звадкі, боль і горыч, Калі ўсе мы разам ляцім Да зор?» — прыгадаем знакаміты радок з верша класіка «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…».

«Ёсць пэўныя рэчы, якія былі і будуць, незалежна ад майго існавання ці існавання нейкіх там дзіўных людзей у дзіўных касцюмах», — лічыць літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч. У інтэрв’ю з вядомым знаўцам творчасці беларускага класіка аглядальніца Reform.by пагутарыла пра сілу і сучаснасць касмічнага Багдановіча нават у жорсткай рэальнасці 2021-га.

Ціхан, у мінулым годзе, калі святкаваўся юбілей Уладзіміра Караткевіча, падавалася, што гэта было такім калектыўным шанаваннем постаці паэта і пісьменніка. Супольные чытанне-цытаванне яго вершаў, поўных нават не любові, а жарсці да Беларусі, непахіснай веры ў яе адраджэнне, стала вялікай падтрымкай. Нібыта ад самога Уладзіміра Сямёнавіча прыйшла дапамога, нейкая сіла, якая, ведаеш, у часы рэпрэсій, гуманітарнага крызісу надала магчымасці рушыць далей, не раскісаць, верыць у перамогу. Зараз кантэкст і класік іншыя. На двары — канец 2021 года, мы святкуем юбілей не Караткевіча, а Багдановіча, паэта іншага тэмпераменту, паэта адзіноты, кахання і смерці, ды, вядома, паэта, адданага Беларусі. Для першага пытання, мабыць, вельмі глабальна, але: чым, на тваю думку, нас сёння можа падтрымаць Багдановіч? Куды, на што параіш глядзець у яго творчасці ў такі час?

— Не ведаю, для мяне адзінота, каханне і будучая смерць заўжды былі добрымі імпульсамі, каб чыкільгаць далей і ў прынцыпе варушыць той ці іншай звілінай. Разгортваючы “Вянок” і думаючы над гэтымі вершамі, можна ўсведаміць, што тое самае да цябе рабіў і Антон Луцкевіч, і Уладзіміры Жылка з Дубоўкам, Міхась Стральцоў, Алесь Разанаў, згаданы табой Караткевіч. Ёсць пэўныя рэчы, якія былі і будуць, незалежна ад майго існавання ці існавання нейкіх там дзіўных людзей у дзіўных касцюмах. Таму Багдановіч вельмі падтрымлівае менавіта цяпер. У яго можна сысці і не выйсці, ім можна мераць тэмпературу, урэшце – ён можа патрымаць талерку з супам ці нарэзку контрсанкцыйных сыроў, але я так ніколі не раблю.

Калі сур’ёзна, то ён, канечне, наш Віктар Цой. Чалавек за восем-дзевяць год актыўнай дзейнасці пабыў цяжарнай жанчынай, японцам, шведам, перакладчыкам Гарацыя і Верлена, аўтарам эратычных вершаў і твораў пра гаротную долю селяніна, пабыў газетчыкам, лектарам, пісаў апавяданні, казкі і фельетоны, аналізаваў фальклор і метрыку ўкраінскай паэзіі, выдаў паўдзясятка першых крытычных пендзеляў беларускім літаратарам, акрамя таго быў юрыстам, анархістам, складаў турыстычныя даведнікі і эпіграмы. Калі вы шукаеце чалавека, які пастаянна прагнуў навізны і перамен – гэта ён. Калі вы шукаеце чалавека з абсалютнай неўтаймоўнай энергіяй – гэта таксама ён.

Ціхан Чарнякевіч: "Максім Багдановіч - гэта наш Віктар Цой"
Максім Багдановіч сярод гімназістаў-аднакласнікаў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі (другі ў першым шэрагу). Фота: wikipedia.org.

Ці можна, на тваю думку, назваць сёння Максіма Багдановіча, у пэўным сэнсе, эмігрантам? Мінск, Гродна, Ніжні Ноўгарад, Яраслаўль, Вільня, Мінск, Ялта — гарады, у якім яму давялося жыць за свае 25 гадоў. Якім было яго адчуванне дома, на тваю думку?

— Я думаю, што пра эміграцыю тут казаць можна. Прынамсі, пра ўнутраную дакладна. У той жа час гэта было хутчэй дваістае адчуванне адначасовай эміграцыі і дому. Таго самага, якім з’яўляецца мова. Яшчэ адным домам, акрамя мовы і наогул “беларусістыкі”, як казаў Адам Багдановіч, для Максіма Адамавіча была праца, справа ці пакліканне. Калі ведаць аб’ём толькі таго, што захавалася, становіцца ясна: ён працаваў увесь свой вольны час. Яраслаўскі бульвар, па якім “праплёванай дарожкай” ходзяць парачкі, увайшоў у беларускую паэзію, але сам Багдановіч, па сведчаннях сяброў, туды не хадзіў. Яму хапала самога факту, каб ператварыць яго ў тэкст. Сама прастора пастаянна станавілася нагодай для верша, які і быў домам. І ў той жа час месцам эміграцыі.

Я часам пачынаю задумвацца над тым, якім быў бы лёс паэта ў 1930-я. Яго смерць у 1917 годзе — гэта што: трагедыя ці не зусім так?

— Гэта ўсё збольшага нейкія вонкавыя штукі і прастора дапушчэнняў. Самая хвароба, безумоўна, уплывала на ўсё, што ён рабіў. Напрыклад, верш “Пагоня”, даволі нехарактэрны для яго, напісаны падчас гарачкі. “У гарачцы добра пішацца”, — сказаў тады Багдановіч. Як уплываюць сухоты на змены ў псіхіцы і паводзінах, пра гэта лепш бы гаварылі галіновыя спецыялісты, да якіх я сябе адносіць ніяк не магу.

Ціхан Чарнякевіч: "Максім Багдановіч - гэта наш Віктар Цой"
Вокладка факсімільнага выдання «Вянок» Максіма Багдановіча, 1914 г. Аўтар ці малюнак вокладкі ў арыгінальным выданні не пазначаны. Фота:wikipedia.org.

Ціхан, што сёння адбываецца са спадчынай паэта і літаратурнага крытыка? Памятаю, як у 2013 годзе ты атрымаў грамату Міністэрства культуры за кнігу «Максім Багдановіч: вядомы і невядомы» і адаслаў узнагароду назад у міністэрства ў знак пратэсту супраць пераўтварэння Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў філіял Музея гісторыі беларускай літаратуры. Музей як асобную ўстанову тады не ўдалося адстаяць: разам з іншымі літаратурнымі ўстановамі ён увайшоў у Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Сёння ўжо гаворка ідзе пра тое, што акурат у гэтым музеі, які ўключае дзевяць філіялаў, не працягваюць кантракты з «непажаданымі» супрацоўнікамі. А як жа Багдановіч? — хочацца спытаць. Хто яго будзе даследаваць?

— Насамрэч сітуацыя з Багдановічам фактычна заўсёды ў плане даследавання была цікавейшай у параўнанні з астатнімі сферамі. Яго любілі і любяць літаратуразнаўцы, пісьменнікі. Пра яго прыемна думаецца і пішацца. Апошнія гады, з улікам развіцця сеціва, лічбавання архіўных матэрыялаў, багдановічазнаўства проста квітнее – знойдзены добры стос невядомых тэкстаў, у тым ліку рукапісны сшытак вершаў, дасланы Максіму Горкаму. Выходзяць добрыя кнігі: каталог аўтографаў, біяграфія, выпускі архіўных матэрыялаў (калісьці запачаткаваныя ў 1990-я Алесем Бяляцкім).

Спадзяюся, што гэта ўсё не паабсякаюць пад корань. Гэта было б абсурдам, да якога, зрэшты, мы ўжо амаль прывыклі.

Увогуле, ці не падаецца трошкі парадаксальным такое «дзіўнае суседства свята і пакарання»: у краіне святкуецца 130-гадовы юбілей класіка беларускай літаратуры, пры гэтым Саюз беларускіх пісьменнікаў і ПЭН-цэнтр, арганізацыі, якія аб’ядноўваюць творцаў беларускай літаратуры, ліквідаваны па незразумелых прычынах. Выбачаюся, што мы пачалі з Багдановіча, але заканчваем інтэрв’ю вось гэтак. Як існаваць беларускай літаратуры, аўтарам, даследчыкам у такіх варунках?

— Калі бачу, што нешта робіцца для Багдановіча, мне хочацца паўтарыць словы кардынала Рышэльё, маўляў “гэта зроблена дзеля славы Францыі і паводле майго загаду”. Юбілей – нагода ўрэзацца ў бюджэт для добрай справы, нядобрых хапае і без юбілеяў. Любіць добрую літаратуру мы ўмеем і без дзяржаўнага бюджэту. Вось калі развучымся канчаткова, калі ніхто не будзе ведаць “Пагоні” і з цяжкасцю ўспомніць хоць самое імя Багдановіча, вось тады будуць трывожныя званочкі.

Але пакуль варункі хутчэй адваротныя. Паэзія, літаратура – той самы дом, у якім мы можам жыць незалежна ад межаў і візаў. І нават ад калючых дратоў: калі Алесь Бяляцкі ў гэтыя дні піша, што чытае Багдановіча, то як мы можам не быць з ім салідарнымі?

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.by


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: