Заўтра ў Францыі стартуе Тыдзень незалежнага беларускага кіно

Культура
Афіша да дакументальнай карціны Таццяны Свірэпа "Беларусь 23.34".

З 17 па 22 траўня ў трох гарадах Францыі — Ансі, Лясалі і Парыжы — пройдуць паказы ігравых і дакументальных фільмаў незалежных рэжысёраў і рэжысёрак з Беларусі — падзея вылілася ў Тыдзень беларускага кіно.

Заўтра, 17 траўня, сустрэчы распачнуцца з паказа ў Культурным цэнтры Ансі La Turbine адной з найвядомейшых стужак незалежнага беларускага кінематографа апошніх гадоў — дакументальнай карціны «Кураж» («Смеласць») беларуска-нямецкага аўтара, сябра Еўрапейскай кінаакадэміі Аляксея Палуяна. Кіно, прэм’ера якога адбылася на Берлінале ў 2021 годзе, за два гады фестывальнага і пракатнага жыцця дэманстравалася ў Германіі, Польшчы, ЗША, Латвіі, Літве, Украіне ды іншых краінах свету, але, па словах рэжысёра, пасля 2022 года стужка зноў набыла «другое дыханне», пацвердзіўшы сваю актуальнасць і запатрабаванасць. 18 траўня ў Ансі ў прасторы Salle de Gerbier — «пару» «Куражу» складзе яшчэ адзін «хіт» беларускага рэжысёра — намінант на «Оскар» 2020 года — кароткаметражная карціна «Возера радасці» з Настассяй Пляц у галоўнай ролі.

18, 19 і 20 траўня ў Лясалі ў кінатэатры па адрасе 86 rue de la Place адбудуцца французскія прэм’еры адных з найноўшых стужак беларускага незалежнага дакументальнага кіно: карціны Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча «Радзіма» і стужкі «Беларусь 23.34» Таццяны Свірэпа. Нагадаем, што фільм «Радзіма», які выкрывае гвалт і карупцыю ў беларускім войску праз гісторыі маці, толькі на пачатку мая быў адзначаны прызам Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI на 23-м Міжнародным фестывалі кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы goEast у Вісбадэне. Сёння разам з кіно-дакументам, кіно-сведчаннем Тані Свірэпа «Беларусь 23.34»  праца беларускіх дакументалістаў дэманструецца на Міжнародным фестывалі дакументальнага кіно ў Севенах. Падрабязней пра паказы на фэсце можна даведацца тут.

 

Заўтра ў Францыі стартуе Тыдзень незалежнага беларускага кіно
Афіша Тыдня беларускага кіно ў Францыі.

Кульмінацыяй Тыдня беларускага кіно 22 траўня стане дэманстрацыя «Куражу» ў Парыжы. Месца паказу — 60 rue Pierre Сharron. Фільм, які паспеў захаваць прыгажосць і маштабнасць беларускіх пратэстаў 2020 года, агаліць «карані» гвалту лукашэнкаўскага рэжыму, дэманструе свету таксама і надзённасць выбару, які прыходзіцца здзяйсняць беларусам у аўтарытарнай краіне зноў і зноў.

Гэты выбар ажыццяўляецца сёння, магчыма, не так адкрыта, як у 2020 годзе, але для яго па-ранейшаму неабходна Смеласць.

Арганізаваны Тыдзень беларускага кіно ў Ансі і Парыжы пры падтрымцы беларускай дыяспары ў Францыі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: