У Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча закрылася выстава «Горкія зёлкі», прысвечаная памяці пра Халакост. Аўтарка праекта, мастачка Марыя Гвардзейцава, вырашыла зняць свае працы – прастора музейнай установы, з яе словаў, аказалася не падрыхтаванай да экспанавання далікатнага выказвання.
Нагадаем, што праект адкрыўся 17 мая і мусіў быў працаваць да 17 ліпеня. Але закрыўся праз некалькі дзён пасля вернісажу.
«Выстава была прысвечана жалобе і памяці — у прыватнасці, Халакосту і цішыні, якую ён пакінуў пасля сябе. Яна прасочвала цені больш за мільён жыццяў, сцёртых у лясах і палях Усходняй Еўропы. Калі б вы прыйшлі на выставу без кантэксту, вы маглі б не зразумець, што яна перажывала — ці чаму цішыня, пяшчота і дакладнасць мелі такое значэнне», — патлумачыла сваё рашэнне Марыя Гвардзейцава ў Інстаграме.

Нагадаем, што ў межах праекта «Горкія зёлкі» Марыя Гвардзейцава наведала дванаццаць месцаў масавых пахаванняў ахвяр Халакосту па ўсёй Усходняй Еўропе, збіраючы дзікарослыя травы, якія растуць на могілках. Гэтыя расліны — высушаныя і захаваныя ў батанічных атласах ручной работы — сталі асновай для серыі калажаў і інсталяцый. На выставе высушаная флора з’яўляецца побач з пасмамі чалавечых валасоў і пластамі латексу, якія імітуюць скуру, выклікаючы ўспаміны пра тое, як памяць укаранілася ў зямлю, расліны і целы.
Справа ў тым, што ў тым жа пакоі, дзе ладзілася выстава, адбываліся і іншыя мерапрыемствы музея – рэпетыцыі, лекцыі, танцы. Такое суседства падалося Марыі недарэчным.
Часопісу Chrysalis Mag удалося ўзяць меркаванні двух бакоў непаразумення. Вось што высветлілася.
Меркаванне Марыі Гвардзейцавай
Першы сігнал, які насцярожыў мастачку ў дачыненні да рэжыму экспанавання, – лекцыя ў зале экспазіцыі за гадзіну да адкрыцця выставы. Нагадаем, што адкрыццё ладзілася ў межах акцыі «Ноч музеяў».
Працы мастачкі — гэта серыя калажаў і інсталяцыі, у якіх размешчаны расліны, сабраныя з месцаў пахаванняў ахвяр Халакосту па ўсёй Усходняй Еўропы.
«Наведвальнікі сядзелі на крэслах пад інсталяцыяй, датыкаліся да абектаў, ставілі рэчы побач з экспанатамі, — выказала сваю прэтэнзію Chrysalis Mag аўтарка. —
Прастора не была падрыхтавана да прыёму публікі ў рамках выставы. Паколькі праграма «Ночы музеяў» працягвалася да вечара, я ненадоўга пакінула залу. Вярнуўшыся праз 40 хвілін, я заспела танцавальнае мерапрыемствы, падчас якіх частка работ была знятая, астатнія хісталіся, а адна з іх літаральна сарвалася з мацавання. Я паспела яе злавіць».
Марыя звярнулася да кіраўніцтва, і дырэктарка ўстановы прынесла ёй прабачэнні, патлумачыўшы, што не была ў курсе канцэпцыі праекта. Мастачку запэўнілі, што далей інсталяцыя будзе захоўвацца без умяшання. Аднак праз нейкі час яна атрымала відэа, у якім у экспазіцыйнай зале зноў адбывалася мерапрыемства – з танцамі і песнямі, а працы зноў былі дэмантаваныя.
Пасля гэтага творца вырашыла зняць выставу.

Меркаванне Віленскага беларускага музея
Са слоў кіраўніцтва ўстановы, віна музея, магчыма, у тым, што своечасова не ўдалося патлумачыць мастачцы, наколькі актыўнае жыццё адбываецца ў інстытуцыі.
«Падчас выставы ў той жа залі адбываліся іншыя рэгулярныя і/або загадзя запланаваныя імпрэзы, па-за працоўным часам музея ладзіліся розныя рэпетыцыі. Падчас гэтых рэпетыцыяў мы здымалі некаторыя з працаў, каб іх ненарокам не пашкодзілі, потым вешалі на месца ў арыгінальным парадку. Аўтарку закранула тое, што працы здымаліся ў непрацоўны час. Яе можна зразумець, бо працы фізічна далікатныя. Яна прапанавала, каб музей зменшыў колькасць запланаваных на месяц падзеяў у залі з 15 да 3. Мы не згадзіліся», — цытуе словы дырэктаркі ўстановы Chrysalis Mag.
Музей шкадуе з нагоды такога развароту падзей, бо «для мастака скасаванне выставы ёсць значна буйнейшая страта, чым для галерэі, і ў працы мастачка са свайго боку ўклала несураўнальна больш».
Што цяпер?
З 15 ліпеня праект «Горкія зёлкі» будзе часткова паказвацца ў Яўрэйскім музеі імя Гаона. Там будуць прадстаўлены некалькі батанічных аб’ектаў і калажаў, а таксама будзе дэманстравацца фільм, зняты з месцаў пахаванняў.
Супрацоўнікі Музея Луцкевіча паведамілі, што пасля канфлікту распрацавалі новы дакумент, які рэгламентуе выкарыстанне залы. Новая дамова прадугледжвае, што ў прасторы паралельна з выставамі адбываюцца іншыя мерапрыемствы і што экспанаты павінны мантавацца такім чынам, каб не перашкаджаць агульнаму раскладу.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Ну вы б хаця б гуглянулі гэтую мадам перад тым, як рэкламаваць.