Сыход беларускага лінгвіста і дыпламата Пётры Садоўскага выклікаў хвалю развітальных і ўдзячных допісаў ад калег, паплечнікаў і грамадскіх дзеячаў. Першы пасол незалежнай Беларусі ў Германіі, дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання і бліскучы мовазнаўца пакінуў пасля сябе незгладжальны след у гісторыі айчыннай дыпламатыі і культуры. Згадваем, якім унікальным чалавекам і прафесіяналам быў спадар Пётра.
«Спалучаў у сабе вернасьць караням і праекцыю ў будучыню»
Пра беларускага лінгвіста згадвае мовазнаўца Вінцук Вячорка.
«Пётра Садоўскі для мяне быў увасабленьнем беларускае жыцьцёвасьці, жыцьцяздольнасьці, жыцьцярадаснасьці — і таму цяжка пісаць кароткае слоўца „быў“…
Ён як мала хто спалучаў у сабе вернасьць караням і праекцыю ў будучыню. Узорны „чалавек беларускі“, прычым полацка-ветрынскі, і пры гэтым адкрыты сьвету, глядзеў на сьвет празь беларускую прызму, пачуваўся сваім і ўплывовым у эўрапейскай цывілізацыйнай прасторы, зьняпраўджваў сваёю чыннасьцю гнілы пастулят пра заведамую беларускую „правінцыйнасьць“.
Садоўскі быў працавіты, крэатыўны, упарты ўва ўсім — будзь гэта лінгвістычная нетра ці місія першага амбасадара ў найноўшай гісторыі Беларусі…
А выбітны мовазнаўца ён дзякуючы не фармальнаму аб’ёму працаў, а глыбіні падыходу і непарушнаму пункту адліку. Ён ніколі ня быў пакорлівым згоднікам і ў навуцы, парушаў савецкага ўзору рутыну й інэрцыю — дзеля навуковай праўды і дабра беларускае мовы.
Адважны і прынцыповы, Садоўскі заўсёды быў на правільным баку гісторыі. Нават так: сам і быў гэтым правільным бокам. Галоўную песьню ягонага жыцьця — Купалаву „А ў бары, у бары“ — пра сьцежачку, што вядзе ў родну межачку — абавязкова пачуюць тыя, хто недачуў.
Спачуваю ўсім ягоным блізкім і сябрам. Пухам зямля й сьветлая Вам памяць, дарагі Пётра».
«Парадаксальны мысляр»
Свае развітанне са спадаром Пётрам размясціла на старонцы ў Facebook літаратуразнаўца, педагог Ганна Севярынец.
«Памёр Пётра Садоўскі. Акрамя ўсяго іншага маштабнага і трапнага, што зрабіў у жыцці гэты цікавы чалавек і часам парадаксальны мысляр, ён быў адным з трох дарагіх майму сэрцу тутэйшых сяброў, хто пільна сачыў за маёй мовай і выпраўляў малыя і вялікія памылкі, заўсёды тактоўна, з экскурсіямі ў гісторыю і геаграфію.
Харошае, паўнавартаснае, важкое жыццё. Бывайце, дзядзька Пётра. Лёгкіх вам нябёсаў. Вы застанецеся ўва мне, у кожным маім беларускім слове вечнай удзячнасцю».
«Дзякуючы такім людзям, Беларусь аднавіла незалежнасць»
Дзяніс Марціновіч, гісторык, тэатразнаўца:
«Дзякуючы такім людзям як Пётра Садоўскі, дэпутат парламента пачатку 1990-х, Беларусь аднавіла сваю незалежнасць і існуе як дзяржава. Светлая памяць».
«Чую яго сьпеў на Плошчы»
Сяргей Навумчык, палітык, журналіст:
«Памёр Пётра Садоўскі.Абаронца роднага слова, дэпутат БНФ і першы амбасадар у Нямеччыне, удзельнік галадоўкі супраць прыніжэньня нацыянальнай годнасьці — і чалавек, чый голас заўсёды вылучаўся ў палітычным ды інтэлектуальным хоры. Скрозь гады, чую ягоны сьпеў на Плошчы купалаўскай “Тры дарожанькі” у пераможны вечар 25 жніўня 91-га. Вечная Памяць».
Пётра Садоўскі (1941–2026) — адна з ключавых постацяў беларускага адраджэння, выбітны лінгвіст, палітык і дыпламат. Кандыдат філалагічных навук. Шмат гадоў выкладаў германістыку і тэорыю перакладу ў Мінскім інстытуце замежных моў (МДЛУ), бліскуча валодаў некалькімі мовамі.
У 1990 годзе стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання ад БНФ. Быў адным з тых, хто непасрэдна прымаў Дэкларацыю аб суверэнітэце Беларусі, змагаўся за вяртанне «Пагоні» і Бел-чырвона-белага сцяга і ўзначальваў парламенцкую камісію па замежных справах.
У 1992 годзе стаў першым Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом незалежнай Беларусі ў Германіі. Сышоў у адстаўку ў 1994-м, нязгодны з палітыкай новага кіраўніцтва краіны.
У красавіку 1995 года быў сярод дэпутатаў Апазіцыі БНФ, якія абвясцілі галадоўку ў залі парламента супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму, і быў жорстка збіты спецслужбамі.
Пасля завяршэння дыпламатычнай місіі працягваў актыўную грамадскую і культурніцкую дзейнасць, быў сябрам Сойму БНФ. Аўтар шматлікіх публіцыстычных артыкулаў, эсэ і кнігі ўспамінаў «Мой шыбалет» (2008), прысвечанай моўным пытанням, дыпламатыі і беларускаму адраджэнню.
Пра смерць Пётра Садоўскага сёння раніцай паведаміла яго дачка Аліна.
Грамадскаму дзеячу было 87 гадоў.
Развітанне з Пётрам Садоўскім адбудзецца заўтра, у аўторак, з 9.00 па 9.45 па вуліцы Сямашкі, 8, корпус 8.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
