Музыка і вакаліст Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў (Лэслі Найф) у верасні выпускае кнігу «Білінгва». На сёння на зборнік паэзіі і прозы гомельскага артыста адкрытая перадзамова.
У «Білінгва» ўключаны творы, напісаныя Лэслі Найфам у перыяд з пачатку стагоддзя да нашага часу, а таксама вершы, створаныя пасля ўцёкаў з Беларусі, з нагоды палітычнага пераследу.
Зборнік фіксуе шлях творцы ад гомельскага расійскамоўнага беларуса да свядомага беларускамоўнага аўтара. У кнізе можна будзе знайсці і сатырычныя п’есы Уладзіслава, і беларускі вершы, і фэнтэзійнае апавяданне «Оранжевая дверь», у якім герой падарожнічае паміж светам сноў і рэальнасцю.
Сам Лэслі прадстаўляе сваю творчасць так:
«Мае тэксты — з драпінамі, шнарамі і плямамі ад кавы. Грубае слова для мяне — не понт і не празмернасць, а цвік, які трымае канструкцыю. Калі сюжэт хоча звярнуць у падваротню — я не буду цягнуць яго назад на магістраль. А падрабязнасці? Падрабязнасці я пакідаю на сумленні чытача — няхай фантазія працуе на поўную магутнасць».
«Я не міксую жанры — я нацкоўваю іх у сутарэнні і чакаю, хто выйдзе жывым. Букоўскі, Даўлатаў, Прэтчэт, Кінг у мяне б’юцца за месца ў маёй галаве, і я не заўсёды іх разнімаю. Я не салат раблю, я адпраўляю жанры і стылі ў байцоўскі клуб».
«У маіх творах нельга без Гомеля, нават калі на шыльдзе напісана «Атлантыда», хаця там можа быць напісана клінапісам, не зразумець. Гомель сам па сабе — клінапіс».
«Я не прыйшоў у літаратуру — я туды ўваліўся, як бухі ў пад’езд. Пакуль суседзі спрачаліся, што са мной рабіць, я ўжо заносіў мэблю, расстаўляў бутэлькі з танным пойлам і ўрубаў на поўную гучнасць стары хэві метал».
«Чытач для мяне — не кліент. Ён змоўшчык. Мы разам ускрываем замок гэтай кнігі: у мяне адмычкі, у яго ліхтарык. Я прынёс запалкі, а ён — бензін!».
«Я пішу не па правілах».
Зрабіць перадзамову выдання можна тут.
Пачытаць інтэрв’ю з музыкантам тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram