У Епіскапальным саборы Святой Марыі, галоўнай царкве Эдынбургскай дыяцэзіі і адным з галоўных англіканскіх сабораў Шатландыі адкрылася выстава Ксішы Ангелавай «Мартыралог Беларусі».
Над серыяй малюнкаў беларускіх палітвязняў «Мартыралог Беларусі» мастачка працуе з 2020 года і працягвае яе ствараць, бо рэпрэсіі не спыняюцца.
«Сабор прапануе месца цішыні, малітвы і маральнай увагі, запрашаючы наведвальнікаў сустрэць партрэты як асобныя жыцці, адзначаныя мужнасцю, пакутамі і годнасцю», — напісала мастачка ў сваіх сацсетках, прыводзячы цытату пастара Мэрыёна Чатэрлі: «Сабор Святой Марыі імкнецца быць месцам, дзе рэаліі свету разглядаюцца ў святле малітвы, праўды і спачування. Гэтыя партрэты патрабуюць большага, чым нашага спачування; яны заклікаюць нас да памяці, салідарнасці і адноўленай прыхільнасці да міру і чалавечай годнасці.

«У маім доме чатыры вялікія валізкі, напоўненыя гэтымі партрэтамі. Я жыву ў здымным пакоі, і гэтыя партрэты сталі значнай часткай майго жыцця. Я малюю гэтыя творы ўжо пяць гадоў. Хацелася б, каб гэтай галерэі не існавала. Але паколькі яна існуе, я лічу сваім абавязкам гаварыць пра яе. Я не ведаю для гэтага іншай мовы, акрамя сваёй творчасці», — кажа мастачка.
У адным з інтэрв’ю мастачка расказвала, што дала зарок «працягваць справу» пасля забойства Рамана Бандарэнкі ў 2020 годзе. «Я нібы стала адчуваць адказнасць за ўсё, што адбываецца, каб усё гэта, што мы перажылі і зрабілі, не было дарма.
Мне здаецца, што сустрэча з нашымі палітвязнямі «вочы ў вочы» можа пакінуць глыбокае ўражанне на гледача. Мы чытаем, чуем звесткі пра нашых вязняў. Я спадзяюся, што калі чалавек бачыць партрэт, ён па-іншаму ўспрымае асобу на ім, бо нехта, малюючы, прапусціў «праз сябе» яго ці яе лёс і асобу. Малюючы, я спадзяюся, што спрацуе «ланцужок ад цябе-да-мяне-ад-мяне-да-цябе» і далей. І гэтыя ланцужкі вельмі чалавечыя, бо ёсць розніца — проста чытаць вачыма паэзію і бачыць, як нехта яе дэкламуе».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

