Сталі вядомыя фіналісты літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2025 год. «Шорт-ліст «Вялеса-2026» сабараў практычна ўсе асноўныя жанры літаратуры», — прадставіў абраныя творы пісьменнік і старшыня аргкамітэта ўзнагароды Алесь Аркуш.
Так, у спіс трапілі:
- Зміцер Вішнёў «Я – тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер», раман (Skaryna Press, Лондан)
- Аляксандр Карнаўх «Халодныя землі», раман (Gutenberg Publisher, Кракаў).
- Сяргей Кавалёў «Камедыя Юдзіфі», п’есы (Камунікат, Беласток)
- Ганна Кандрацюк «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці» (Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку)
- Ванда Марцінш душ Рэйш «Таямніцы высокага двара», двухмоўная беларуска-літоўская кніга вершаў (Slinktys, Вільня)
- Уладзімір Сцяпан «Ваўка», кніга апавяданняў (Мяне няма, Варшава)
- Сяргей Сыс «Пералёт трава», нясумная кніга беларускага выгнанца. (Логвінаў, Вільня).
- Юля Цімафеева «Рэжу гісторыю сабой. Ich zerschneide die Geschichte», двухмоўны беларуска-нямецкі зборнік, калажы і вершы (Edition Frölich, Берлін).
- Макс Шчур «Чайны збор», выбраная постпаэзія (SayBeat, Варшава)
«Чарговы раз у шорт-ліст літаратуранай прэміі «Гліняны Вялес» трапілі кнігі, выдадзеныя выключна ў замежжы, — пракаментаваў шорт-ліст Алесь Аркуш. — Але ўпершыню сярод намінантаў на ўзнагароду ёсць кнігі, якія выдалі замежныя, не беларускія, выдавецтвы – гэта двухмоўны беларуска-літоўскі зборнік вершаў Ванды Марцінш душ Рэйш «Таямніцы высокага двара», які выйшаў у літоўскім выдавецтве Slinktys; і зноў-такі двухмоўны, беларуска-нямецкі, зборнік вершаў Юліі Цімафеевай «Рэжу гісторыю сабой. Ich zerschneide die Geschichte», які выдала берлінскае выдавецтва Edition Frölich».
Літаратар падкрэсліў, што сёлета спіс фіналістаў сабраў пракрытычна ўсе асноўныя жанры літаратуры: «два раманы, адзін зборнік апавяданняў, адна кніга п’ес, адна рэпарцёрская і адна эсэістычная кніга; а таксама тры кнігі паэзіі».
Прэмія «Гліняны Вялес» была заснаваная ў 1993 годзе сябрамі Таварыства вольных літаратараў. Прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду— гліняны стод апекуна мастацтва. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

