Вяселле па беларускіх канонах рэканструююць у Гродзенскай вобласці

Культура
Адноўлены вясельны строй у Лідскім раёне. Фота: СБ

У Гродзенскай вобласці з лютага 2026 года па ініцыятыве Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці пачне рэалізацыю абласны праект «Вяселле па беларускіх канонах». Праект — лагічны працяг абласной даследчай ініцыятывы «Выяўленне і адраджэнне традыцыйнай рэгіянальнай абраднасці Гродзеншчыны», які быў распачаты ў 2022 годзе.

Намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч расказала дзяржаўнаму выданню «СБ», што ў раёнах вобласці ўжо сфарміраваны невялікія электронныя архівы матэрыялаў па рэгіянальнай сямейнай абраднасці, у тым ліку пра пэўныя этапы вяселля. Ёсць алічбаваныя матэрыялы, фота- і відэазапісы.

Дарэчы, два элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны, якія маюць непасрэднае дачыненне да вяселля, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэта «Веды і навыкі па вырабе традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне» і «Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне. Каляндарна-абрадавая выпечка».

Заходнебеларуская вясельная традыцыя багатая на разнастайныя па тэматыцы і жанрах песні, прыкметы і павер’і, мае свае лакальныя адметнасці. Наталля Рамановіч кажа, што багацце вясельных абрадавых дзеяў, само вяселле і далейшыя крокі па збліжэнні родаў нявесты і жаніха можна параўнаць з народнай операй. У ёй ёсць месца вераванням, замовам, народнаму гумару, выканальніцкаму майстэрству ўдзельнікаў вясельнага свята: тэатралізацыя, спевы, танцы і шмат што іншае.

Паводле звестак, запісаных у Астравецкім, Воранаўскім, Свіслацкім, Гродзенскім, Мастоўскім, Слонімскім, Шчучынскім раёнах, для структуры вяселля на Гродзеншчыне характэрны абрадава-этнаграфічныя рысы традыцыйнага вяселля цэнтральнай зоны беларускага Панямоння. Вяселле на вёсцы было жаданым святам, якое доўжылася некалькі дзён. У ім былі такія абрадавыя этапы, як сватаўство (сватанне), даволі развіты цыкл каравайных абрадаў, прыезд маладога да маладой. Затым ішло вянчанне, вясельнае застолле ў маладога, пасля — у маладой; радзей — зборная субота. На вяселлях у вёсках абавязкова ставілі брамы і прыязджалі «цыганы». Нікому з хлопцаў не хацелася атрымаць адмову ад будучай нявесты і стаць аб’ектам для здзекаў аднавяскоўцаў на доўгі час, калі не на ўсё жыццё. Таму перад тым, як ісці ў сваты, рабілі перапыты: ці згодная дзяўчына пайсці замуж?

Захаваныя вясельныя экспанаты спецыялісты паспрабуюць паказаць у побытавым асяроддзі. Многія экспанаты спецыяльна пашыюць ці выткуць да вяселля, напрыклад, стылізаваныя вясельныя строі, галаўны ўбор нявесты — вэлюм – зробяць паводле старога фотаздымка, адновяць абутак, выткуць паясы, майстры народнай творчасці зробяць упрыгажэнні

У рамках праекта прадугледжаны арганізацыі выставак этнапрадметаў пад адзінай назвай «Арнаменты памяці ў вясельным куфары», дзе наведвальнікі змогуць пабачыць рэканструяваныя ці нават захаваныя вясельныя строі жаніха і нявесты, куфры з пасагам: дываны ручной работы, паясы, ручнікі, прадметы інтэр’ера, традыцыйныя музычныя інструменты, што выкарыстоўваліся падчас вяселля.

Фотавыстаўкі з сямейных альбомаў «Вяселле ў маёй вёсцы», на якіх будуць сабраны калекцыі вясельных фотаздымкаў розных часоў, раскажуць цікавыя гісторыі не аднаго чалавека, а цэлай сям’і і яе пакаленняў. Плануецца выкарыстанне і лічбавых тэхналогій: ля кожнай экспазіцыі з фотаздымкамі будзе прымацаваны аркуш з QR-кодам. Пры ягоным сканіраванні можна патрапіць на старонку ўстановы культуры і атрымаць больш звестак пра выставу ці іншыя здымкі і гісторыі людзей, якія на іх занатаваны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости