«З эсэсэсараўскай магілы павылазілі дэбілы», «Кепска спіць адзін дыктатар, бо ля ложку чорт рагаты» — гэта ўсё радкі з песень новага медыяпраекта N.O.Ž. & Гудбай, кукуха! беларускага музыкі Уладзіслава Наважылава (Лэслі Найф). Адзін з заснавальнікаў легендарнага метал-гурта Gods Tower, аўтар, музыка і рэжысёр, сёння жыве ў Літве і несупынна крэатывіць, стараючы, у тым ліку, сатырычны музычны кантэнт на сваім Ютуб-канале.
Як пачувае сябе Уладзіслаў у Літве пасля двух гадоў эміграцыі? Што за праект N.O.Ž. & Гудбай, кукуха!, што ён запусціў на YouTube? Калі пачалася «беларуская гісторыя» для гурта Gods Tower? Што «па металу» і не «па металу» для Лэслі Найфа? І хто сёння для музыкі галоўныя героі?
Пра цяпершнее, мінулае і будучыню, бюлетэні БНФ, lo-fi кіно, маральны heartland і людзей-«пачвар» — у вялікай размове Reform.by з Лэслі Найф.
«Я тут размаўляю на беларускай. І гэта зашыбіся!»
— Уладзіслаў, падштурхнула да гутаркі з вамі несупынная ваша крэатыўнасць. За апошні час вы напісалі кнігу. Запусцілі рубрыку на персанальным Ютуб-канале «Гудбай, кукуха», у якой вы размяшчаеце кліпы на вашы песні, розныя відэа. Чула, што плануецца канцэртны тур Gods Tower. У мяне ўзнікла адчуванне, што ў вас дакладна ў Літве пайшла, што гаворыцца, творчая пруха. Ці так гэта?
— Гэта ж творчая штука — бывае па-рознаму. Але жаданне ствараць ёсць, так.
Прызнацца, я доўгі час пасля пачатку рэпрэсій думаў, што анічога не змагу рабіць.
Але калі ўжо перасёк мяжу з Расіяй і сядзеў на канспіралагічных кватэрах, я тады намаляваў сабе такое правіла — трэба штотыдзень нешта рабіць: верш, аповед, нейкую «крывую» песню — проста для таго, каб мазгі не перасохлі. Здаецца, у мяне цяпер так і атрымліваецца.
— Вы ўжо амаль як два гады з’ехалі з Беларусі. Як вы сябе пачуваеце ў Літве?
— Добра. У Беларусі апошнія пару гадоў я наогул быў у вельмі дэпрэсіўным стане. Толькі ў 2020-м знікла гэта «агульная мляваць і абыякавасць да жыцця», калі быў пратэсны ўздым.
Але потым мы ведаем, што здарылася — пачаліся гэтыя рэпрэсіі. І я ж таксама «трапіў пад каток», таму і ўцякаў.
— Прыжыліся тут?
— Літва для беларуса — гэта вельмі выгоднае месца, каб застацца беларусам. Тут жа справа такая: трапіш у Расію — станеш рускім, трапіш у Польшчу — станеш палякам. Беларусы паланізуюцца ў Польшчы з хуткасцю святла: вжух — і ўсё, ён «пан». Людзі самі пішуць у чатах: «А нашто нам мова беларуская? польскую вучым усёй сям’ёй».
Тое самае ва Украіне. Прыязджаюць беларусы туды і проста перастаюць быць беларусамі. Я глядзеў Таццяну Мартынаву (беларуская журналістка — Reform.by), глядзеў-глядзеў, а потым ў адзін момант — раз! — і яна ўжо не беларуская вядоўца, а ўкраінская. Усё, паглынула.
Ток-бок, усе вышэйпералічаныя тры напрамкі моўна і культурна паглынаюць беларусаў.
— А ў Літве — не?
— Не. Беларус у Літве не толькі застаецца беларусам, больш за тое — ён вучыць літоўскую мову. Гэта ж такі чэлендж — літоўцы на ёй размаўляюць, а я што — не змагу? І панеслася! Па маіх назіраннях беларусы ў Літве не хочуць быць літоўцамі, яны хочуць быць як літоўцы. У гэтым розніца.
— Вы вучыце літоўскую?
— Вядома! Быць у Літве і не вучыць літоўскую, не спрабаваць разумець, што людзі кажуць — гэта нейкае свінства.
Па-другое, мне заўжды падабалася слухаць музыку балтаў — латышскі і літоўскі фальклор. Само гучанне гэтых моваў — адначасова незвычайнае і нейкае роднае.
Ды і самае галоўнае, — я тут свабодна размаўляю па-беларуску, што не мог дазволіць сабе ў Беларусі. Бо ў нас — скрозь руская мова, бо рэжым такі. А тут я размаўляю на мове, і ведаеце што? Гэта зашыбіся!
«Gods Tower пачынаўся з хатняга тэатра»
— Уладзіслаў, хачу пагаварыць пра ваш інтэрнэт-праект, які вы развіваеце апошнім часам — праект, пазначаны так: «аднаго метал-чалавека ў стылі lo-fi» — «Гудбай, кукуха!». Вы на ім размяшчаеце песні і кліпы. Спадабалася адна з кампазіцый — «Злая калыханка». Там такія словы: «Спі, скаціна, вечным сном, плача па табе дурдом. Пакрысе, па расе, ляснуць дыктатуры ўсе». У песні нават адсылкі ёсць да «Калыханкі» Васіля Раінчыка на словы Бураўкіна. Але гэта, натуральна, пра наша палітычнае жыццё. «Гудбай, кукуха» для вас — гэта такі антыдот ад спліна беларускай рэальнасці?
— Можна сказаць, што так. Антыдот.
«Гудбай, кукуха» — гэта, лічыце, маё маленькае персанальнае выдавецтва, медыякампанія. Я тут сам сабе і тэлевізар, і кінакампанія, і музычны лейбл. Мне вельмі падабаецца сама ідэя D.I.Y. (Do it yourself — «Зрабі гэта сам» — Reform.by). Я дужа люблю аматарскія фільмы. Вы ўявіць не можаце: я шукаю па інтэрнэтах стужкі, у якіх няма ні сэнсу, ні тэхнікі здымкі, нічога няма — і з задавальненнем іх гляджу.
Умоўна кажучы, хлопцы цягаліся недзе там ў 1985 годзе, набылі відэакамеру і пайшлі здымаць. А што здымаць? А давай пра Тэрмінатара, пра Чужых, пра Штырліца… І сёння я гляджу гэта кінамесіва і не магу нарадавацца. І калі б быў у мяне вольны час, то я пра гэту творчасць ці сам феномен аматарскага кіно абавязкова напісаў бы навуковую працу.
І сюды ж можна і аматарскую музыку ўключыць.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Вось сёння ёсць такая штука — падкаст…
— Так.
— Але гэта вельмі даўняе вынаходніцтва. Гэтай штукай яшчэ ў 1970-я — 1980-я гады людзі займаліся. Вось ёсць дома магнітафон, так? «А давай запішам на ім радыёпраграму?» — узнікае ў сябры прапанова. І пачынаецца. «Сегодня мы поговорим с председателем колхоза «Красный хомут» Олегом Петровичем…», — пішам, канечне ж, парадыйную радыёпраграму. І самае цікавае, што было ў тых праграмах, — гэта гукаперайманне: дзесьці штосьці ляснула, грукнула, пачынаецца хатні тэатр. І туды ж, на стужку, песні розныя пісаліся пад гітару.
Можна сказаць, што Gods Tower пачынаўся адсюль. Бо да таго, як мы сабраліся з Уракавым ствараць гурт (Аляксандр Уракаў — гітарыст, адзін з заснавальнікаў гурта Gods Tower — Reform.by), мы два гады на «бабіннік» пісалі такое абы-што — туды «ішло» і піяніна, і гітары, якіх у мяне былі дзве штукі, і баян. Усё, што знаходзілі, усё запісвалі. Гучала ўсё!
Так вось «Гудбай, кукуха!» ствараецца такім жа чынам. Я адмыслова раблю «нізкую» — lo-fi — якасць, непрафесійную. Бо мне важна, каб адчувалася, што гэта зроблены «на каленцы». І відэа ў «Кукусе» таксама робяцца дома на камп’ютары. І вось так з нічога нараджаецца цэлы сусвет.
А што наконт кантэнту — так навіны падкідваюць такія тэмы, што «пілі» кіно хоць кожны дзень. Падстаў хапае.
— У вашы песнях на канале моцна «дастаецца на арэхі» і дыктатарам, і сілавікам. Як вы іх толькі не называеце — «зомбі», «тэлемерцвякі», «недарэкі», «небаракі», «чорныя пакеты ў форме чалавека»…
— Бо для мяне тыя людзі — гэта самыя што ні на ёсць пачвары. Што называецца, улада кепскіх — какакратыя. Усё, што яны могуць — гэта несці лухту, і шчоўкаць абцасамі. І ўсё. Таму я асабліва не цырымонюся.
— Для вас гэта ў пэўным сэнсе тэрапія?
— І тэрапія, і творчасць. Ды і радасць, бо я люблю здымаць кіно.
— А калі вы знялі сваю першую карціну? Ведаю, што ў вашым даробку ёсць не толькі актуальныя кліпы на «Кукусе», але іншыя кароткаметражныя карціны, якія, у прыватнасці, дэманстраваліся некалі на фестывалі «Белакіналета».
— Усё так. Але я ўжо дакладна не памятаю.
Але свой першы фільм я зрабіў у 2010 годзе. Называўся ён «Тынкоўшчык». Парадыйная карціна, хвілін на пятнаццаць. Што характэрна — стужка называлася «Тынкоўшчык», не «Штукатур». Беларускамоўнае кіно, але нямое.
Сюжэт там такі. Хлопец ідзе працаваць тынкоўшчыкам. (Я ў фільме і здымаўся). Прыходзіць на кропку і сядзіць там, чакае: то інструментаў, то расходных матэрыялаў. Сядзіць так і гэтак — справа не рушыцца. У выніку вяртаецца дадому, іграе ў «танкі», кладзецца спаць, а ўначы бачыць у сне зямлю Франца Іосіфа. Раптам ён чуе будзільнік, круціць будзільніку «дулю», і на працу ўжо не ідзе. Бо нефіг там рабіць.
Я раней не здымаў, таму што асабліва не было на што здымаць. А потым з’явіўся мабільнік, і справа пайшла актыўней. На мабільніку і мантаваў. Сёння ўжо на камп’ютары.
Увогуле я вельмі люблю нямое кіно. Гэта традыцыі і моцны творчы інструмент насамрэч. Гэта вельмі цікава — выразіць тое, што ты задумаў, без слоў.
Але ў «Гудбай, кукусе!» — там збольшага відэа на песні, але сустракаюцца і розныя, так скажам, эксперыменты. Здаецца, што такое кіно і не мастацтва наогул, але гэта тая з’ява, феномен, які мяне моцна прыцягвае.
«Мы ўваходзілі ў склад гомельскага філіяла БНФ»
— Уладзіслаў, вось вы кажаце, што і першы ваш фільм называўся па-беларуску. Уласна, і Gods Tower заўжды падаваў сябе і падае як беларускі метал-гурт, хоць спявае па-англійску. Мяне даўно цікавіць: калі вы для сябе адкрылі беларускую прастору — мову, культуру? Адкуль гэта? Хто вам прывіў беларушчыну?
— Гэта досыць цяжкае пытанне, бо яно заўжды для мяне было адкрытае. Проста пад уплывам тэндэнцый часу, і наогул сітуацыі, яно то адкрывалася, то закрывалася.
У мяне ў школе, насамрэч, была барацьба дзвюх настаўніц: у нас выкладала вельмі крутая настаўніца беларускай мовы і вельмі крутая настаўніца рускай мовы. Але руская мова тады перамагла, хоць насамрэч перамагла ангельская. Калі з’явіўся Gods Tower у 1989 годзе, я сказаў так: «Мы — банда з Беларусі. А значыць, спяваем альбо па-беларуску, альбо па-ангельску. Бо калі мы пачнем спяваць па-руску — гэта рускі рок называецца, а не беларуская банда». І тады гэта пазіцыя ў Gods Tower была вырашана.
Насамрэч, мне вельмі пашанцавала з тым, што я адразу трапіў у добрыя рукі, — звязаўся з «дрэннымі хлопцамі» з «Выбранецкіх шыхтоў», «Талакі», і «прочих БНФ-цев». У годзе 1990-м — 1991-м мы ўжо тусаваліся са Змітром Сасноўскім у гомельскай «Талацэ». Таму гэта было наканавана.
Праўда, прызнаюся, што ў мяне быў перыяд, калі я трапіў пад вялізны ўплыў рускага нацыяналізму, нават гэтай трыадзінай ідэі. Прызнаю гэта. 1998 год. Была такая тусоўка, дзе тая ідэя была моднай, так вось я там тусіў і «набраўся». Але калі выбыў з таго кола, то ідэя хутка «выветрылася». Чужая рэч.
Я больш памятаю, калі мы паехалі ва Украіну выступаць з гуртом, і першай справай пачалі вучыць розныя слоўцы на ўкраінскай. І ўначы пасля канцэрта крычалі ў вакно «Слава Украіне!». Бо мы гэта вывучылі, нам дужа спадабалася.
Тут важна дадаць, што ў гэтай умоўнай вайне культур для мяне істотную ролю адыграў і эстэтычны складнік. Мне ніколі не падабаліся гэтыя «рускія моды»: какошнікі, кафтаны, тое, што мы бачым у фільме «Іван Васільевіч мяняе прафесію». Гэта пендык нейкі. Нейкае «ўбоства» — іншага слова і не магу падабраць.
І заўжды мне падабалася ўсялякая панская шмотка — гэта было і ёсць для мяне класна і прыгожа.
Насамрэч, скажам сумленна, калі вагу гэтых бэкграўндаў, культур пакласці на шалі — то беларуская культура і яе эстэтычны складнік адразу пачне пераважваць. Бо наша культура — гэта кавалак Еўропы, і ён проста прыўкрасны. А руская культура — калі выняць адтуль тое, што прыйшло ад Еўропы, — то застанецца мядзьведзь, лебяда, балалайка і какошнік. Усё гэта выглядае надта нудна для мяне.
— Цікава. Я прачытала недзе, што вы былі сябрам БНФ у 1990-я. Гэта так?
— Так. Я і Аляксандр Уракаў былі сябрамі БНФ. Мы нават падавалі заяўкі ў радыкальнае крыло нацыяна-дэмакратычнай партыі Беларусі ў 1991 ці 1992 годзе. Нам тады ніхто не адказаў, і мы такія: «Ну і добра!». Але мы ўваходзілі ў склад гомельскага філіяла БНФ.
Калі БНФ ладзіла рэферэндум за выхад з Савецкага Саюза, мы акурат былі сярод тых людзей, якія вазілі падпісныя лісты ў Гомлю. Мы ездзілі ў Менск, забівалі купэ гэтымі бюлетэнямі — недзе пад 300 тысяч — і везлі ў наш горад. З намі, металістамі, яшчэ было два чалавекі. Чаму мы гэта рабілі? Таму што не хрэн у тым Савецкім Саюзе рабіць! 1991 год — там ужо ўсё было зразумела.
— Вы бачылі Пазняка ў той час?
— Не. Але я галасаваў за Пазняка на выбарах, мне імпанавала яго праграма. У мяне ў сям’і ўвогуле ніхто не быў за Лукашэнку. Мяне вельмі здзівіла тое, што гэта «чучала» выйграла. Проста тады ніхто не лічыўся з «дзярэўняй», дзе ў кожнай хаце ў Сашы было ўсё навострана. Гэта сыграла сваю ролю.
Па шчырасці, у мяне не мелася моцных сувязяў з палітычнымі коламі. Мне заўжды было больш цікава, што адбываецца на рэгіянальным узроўні — я прыхільнік глабальнага магдэбургскага права. Калі ёсць дэцэнтралізацыя — лічу, што гэта добра. Я наогул не люблю вялікія гарады, таму мне і падабаецца Вільня, бо яна як Гомель — няма мільёна жыхароў, скрозь зеленіна, вельмі ўтульны, зручны, кампактны горад.
Лічу, што калі Беларусь не знікне, дзякуючы гэтым казлам, то наша будучыня менавіта ў тым, каб у нас было шмат маленькіх, моцных мястэчкаў. Рэгіяналізм — наша ўсё!
А вяртаючыся да пытання, Пазняка тады не бачыў і не ведаў. Ды асабліва не шкадую. Я зараз гляджу яго выступы, у яго «паўсюль агентура» — ды я не гару асаблівым жаданнем яго ведаць. Бо я таксама «агентура» (усміхаецца), сыходзячы з яго пазіцый.
«Гэта не рок — гэта гаўно»
— Такое назіранне ў мяне. Звычайна музыкі, асабліва метал-музыкі, трошкі адасоблены ад грамадскага жыцця. І гэта нармальна, бо каб ствараць свой адметны стыль, свет, музыку, часам варта вытрымліваць дыстанцыю. І ў Gods Tower — стыль фольк-готык-дум, тут патрэбна выдумка, фантазія — у пэўным сэнсе, трэба адасаблівацца. Але пры гэтым я не магу не адзначыць, што вы ўвесь час былі і ёсць ўключаным у грамадскае жыццё. Вазілі тыя ж бюлетэні з Гомеля ў Мінск, выступалі з бела-чырвона-белымі сцягам… Як вы гэта спалучалі і спалучаеце, Уладзіслаў? Адкуль гэты актывізм?
— Тут насамрэч усё вельмі проста. Метал — ён вельмі розны.
Па-другое, давайце зазірнем у гісторыю — як узнік метал. Ён жа брат-блізнюк панка.
Метал і панк з’явіліся ў адных умовах, у адзін час і ў адным месцы — у 1970-я, у Англіі, у працоўных раёнах. Спачатку розніца была на касметычным узроўні. Ды ў тым, што панкі — ці то левыя, ці то анархісты, а металісты — быццам бы правыя. Але металісты такія ж правыя, як я — кітаец.
То-бок трэба разумець, што метал насамрэч у сваёй прыродзе ніколі апалітычнай музыкай не быў. Але ён з’явіўся, у пэўным сэнсе, як трохі процівага панку. Не ўсім жа спяваць пра тое, што «Падымайся, В’етнам, перамагай, В’етнам!». Панк — гэта перформанс і дэкламацыя. А металісты, яны больш такія: «Оба-на, так гэта ж і пайграць можна!», «О, бас-гітара, зараз сола запілім…». А потым яны такія: «А навошта нам пра той В’етнам спяваць, давай праспяваем ведаеш пра што? Быў такі Рычард Львінае Сэрца…». І ты пачынаеш плыць па музыцы і разумееш, што трасца з імі, знойдуцца абавязкова людзі, якія праспяваюць пра В’етнам, а я лепш пра драконаў. Маўляў, хто ж яшчэ, калі не я?
Метал насамрэч так развіваўся. Калі надта шмат людзей спявалі пра драконаў, з’яўляліся гурты, якія пачыналі спяваць пра космас. Калі тых, хто спяваў пра космас, станавілася зашмат, зноў прыходзілі тыя, хто спяваў пра драконаў, ці такія, як мы, хто спяваў пра беларускія балоты…
Але трэба разумець, што глеба, на якой узнік метал — гэта часткова грамадскі актывізм. Ён — у генах металістаў. Але тое, што шмат металістаў адмахваюцца і кажуць, што не-не-не, мы наогул у палітыку не лезем — гэта таксама ў прыродзе метала.
Для мяне ніколі не былі аўтарытэтамі тыя музыкі, якія казалі, што яны, маўляў, не лезуць у палітыку. Мне — наадварот — заўжды падабаліся бунтары. Бо што такое рок? Гэта ж «рокаш» — бунт, нязгода з тым, што насаджаецца ўладамі, тэлебачаннем і гэтак далей. Навошта ты тут наогул? Для таго, каб стварыць свой свет, культуру — і гэта і ёсць тваёй задачай, сэнсам жыцця. А калі ты будзеш рабіць так, як табе казалі ў «партийной ячейке», гэта не рок — гэта гаўно.
— Вельмі даходліва.
— Пры гэтым калі штосьці такое ўзнікала на сцэне — яно нараджалася спантанна.
Быў такі прыкол. Ён, дарэчы, ёсць у інтэрнэтах. Здаецца, мы спявалі песню пра мерцвякоў, пра балота, багоў, сонца змроку, — якое гэта можа мець дачыненне да БНФ? Але ў той момант блізка да сцэны падышоў хлопец з бела-чырвона-белым сцягам. І я ўбачыў сцяг, узяў і пацалаваў палатно. Гэта была абсалютна спантанны жэст, а фота атрымалася нібыта гэта такі перформанс.
— Пастаноўка.
— Нібыта так.
Я памятаю, як у Маладзечна ў 1990-я быў вельмі круты фестываль. І людзі прыходзілі на канцэрт з бела-чырвона-белымі сцягамі — гэта было абсалютна нармальна, гарманічна. Так вось на трэці год праўлення Лукашэнкі канцэрт у Маладзечне закончыўся масавымі затрыманнямі. «Заваліліся» менты і пачалі ўсіх круціць, хто быў з бела-чырвона-белымі сцягамі. Мы збеглі адтуль, пахаваліся па грымёрках, і нас не чапалі. А народ «грэблі» добра.
Потым яшчэ ў Брэсце ў клубе быў дзвіжняк. Мы паспелі толькі дзве песні сыграць, як прыйшлі арганізатары па загадзе ўладаў і ўключылі святло: «Усё, канцэрт скончаны». Такая гісторыя тыповая для Беларусі — нічога новага тут няма.
Ніякай любові да ўладаў у мяне не было ніколі, ды і не магло ў такіх умовах з’явіцца.
Таму для мяне заўжды вельмі дзіўным выглядае, калі рок-музыканты замест таго, каб гучна выказваць сваё незадавальнне, пазіцыю, бо ў цябе ёсць такая магчымасць, раптам спяваюць: «А вот тут у нас цветочки». Гэта дакладна не па металу.
«Усё музло, што яны робяць — гэта кроў з вушэй»
— У 2021 годзе вы былі вымушаны пакінуць Беларусь нібыта за абразу гомельскага чыноўніка. Дарэчы, вы гэты досвед вымушанага ад’езду апісалі ў сваёй кнізе «Білінгва». Асабістае пытанне — ці змяніў вас досвед турмы і вымушанай эміграцыі?
— Такі досвед зменіць каго заўгодна. Але я ў гэтай гісторыі далёка не галоўны герой — вось што скажу. Галоўныя героі сёння — тыя людзі, якія зараз сядзяць у турме, якія ваююць на фронце. Вось у іх досвед, які змяняе чалавека.
У мяне ж гэта былі хутчэй прыгоды — такі вельмі дарагі атракцыён. Тарзанка, скачок на якой скончыўся добра, і я атрымаў магчымасць працягваць рабіць тое, што рабіў — двіжуху, музыку, кіно.
Ведаеце, што цікава — мне захацелася жыць, калі я трапіў у Літву. Бо ў Беларусі я проста не бачыў ніякай будучыні.
Як было. Я, да прыкладу, апантаны матацыкліст. І часам думалася: «Зараз як паеду куды-небудзь у Браслаў!». А ў выніку выходзіў на вуліцу, рабіў кола вакол Менска і нікуды не ехаў. Здавалася б, гэта ж кайф на матацыкле пакатацца! Але ты рушыш па горадзе, бачыш мянтоў, іх кіслыя рожы, і думаеш: «Які, на фіг, матацыкл? Куды я еду? Што я тут увогуле раблю?». І самае страшнае, што ў галаву пачынаюць лезці і такія думкі: «Колькі я пражыву? Мне ўжо больш за 40 гадоў. Што яшчэ? Гадоў дзесяць?». Ты ходзіш і проста не бачыш аніякай мэты — навошта гэта ўсё. Тут не атрымалася, гэта не зрабіў. Кватэру, працуючы музыкантам, у Беларусі немагчыма купіць. Поўная такая дэматывацыя. Я з 2006 года не п’ю наогул, але вось ходзіш па горадзе і зайздросціш тым, хто бухае.
— Тут такога няма?
— Няма. Тут я магу нават планаваць штосьці. Імпэт з’явіўся.
А ўвогуле я хацеў бы, калі ўсё ўстаканіцца, нармалізуецца, і тое будзе каму-небудзь патрэбна, зняць кіно пра свае ўцёкі, пра пераход мяжы. Штосьці ў духу «Ведзьмы Блэр» — з камерай, ад першай асобы. Гэта было б прыкольна.
— Пытанне да вас як прадстаўніка цэха музыкаў. На Дзень палітвязня Беларуская Рада культуры апублікавала статыстыку: сярод 146 зняволеных культурных дзеячаў больш за ўсё – 34 чалавекі – менавіта музыкаў. Як бы вы маглі гэта пракаментаваць? Чаму для рэжыма музыкі — злачынцы?
— Слухайце, шукаць логіку ў гэтых загадах, у тым, што яны робяць, няма сэнсу. Гэта — modus vivendi, modus operandi («лад жыцця», «лад дзеяння» — Reform.by). Але я магу падзяліцца тэорыяй псіхалагічнага плану. Сярод творчых людзей яны таму вылучаюць музыкантаў, што ў іх саміх ніякай музыкі не было і не будзе. Ды і зараз няма. Бо ўсё музло, што яны робяць, гэта слухаць немагчыма — гэта кроў з вушэй.
Вось Tor Band сабраліся ў Рагачове. А тыя абураны: маўляў, а хто наогул дазволіў, што там можна іграць музыку? Ды гэтыя — Tor Band — не проста граюць музыку, а робяць хіты, якія ўся Беларусь спявае. Ну, гэта «вообще»! Як так?!
Памятаеце, што яны зрабілі, калі хлопцаў затрымалі? Захапілі каналы Tor Band і павыдалялі музыку і кліпы. Што гэта як не помста?
Маўляў, «у яго ж курачка, а ў мяне курачкі няма». Мне падаецца, што тут такая логіка.
Я не ведаю, калі і як лясне гэты рэжым, я не аракул. Але ведаю адно — людзі, якія яго ўвасабляюць, гэтыя часы стануць для беларусаў старонкай нацыянальнай ганьбы. Шмат у якіх нацый у гісторыі ёсць такая старонка, і хоць лепш было б без яе, але як атрымалася. Гэта ганьба больш не паўтарыцца.
«Пакуль гастролі адкладваюцца»
— Чула, што ў Gods Tower плануюцца гастролі. Як вашы справы ў гурце? Ці будзе новы матэрыял?
— Пакуль гастролі адкладваюцца, на жаль.
Хачу нагадаць, што Gods Tower — гэта, паўтаруся, калектыўная творчасць, рэч, у якой я раблю менавіта тэксты. І каб у нас з’явіліся новыя песні, нам патрэбна сабрацца разам. Хоць бы ў Zoom. Вельмі цяжка на адлегласці нешта рабіць. Зараз увогуле няма рашэння дзе збірацца тым, хто, прынамсі, у Беларусі.
У цэлым гэта не толькі наша гісторыя. Шмат хто з беларускіх каманд не мае магчымасці нешта рабіць. Яны проста сядзяць у падпольшчыне і ўсё. Паглядзіце, колькі музыкантаў з’ехала, не таму, што яны хацелі ехаць, а таму, што інакш нельга. Бо ў Беларусі амаль немагчыма зараз штосьці ствараць, запісвацца.
Наконт Gods Tower хачу паўтарыць, што гурт — гэта не адно частка Леслі Найфа, гэта калектыў. І для супольнасці гэтых вельмі добрых музыкантаў, для іх творчасці патрэбныя ўмовы. Зараз гэтых умоваў няма, таму цяжка сказаць, што стане нашым наступным крокам.
Але магу адзначыць, што ў нас ёсць планы рабіць шмат беларускамоўных тэм.
«Гэта шлях ад гомельскага расійскамоўнага беларуса — да беларуса-беларуса»
— Уладзіслаў, вы нядаўна ў сеціве выклалі вашу кнігу «Білінгва». Распавядзіце колькі словаў пра яе, калі ласка.
— Кніга — гэта рэтраспектыва маіх твораў з пачатку стагоддзя, у якой, мне падаецца, адчуваецца шлях ад гомельскага расійскамоўнага беларуса — да беларуса-беларуса. Усе творы ў зборніку існавалі паасобна і пісаліся ў розны час, але дзякуючы падтрымцы маіх сяброў «Білінгва» аформілася ў штосьці канкрэтнае.
Карацей, гэта выданне рабілася талакой. Мой сябра Канстанцін Ісачанка адрэдагаваў мае творы і выклаў зборнік у сеціва. Вокладку зрабіла мая даўняя сяброўка, гомельская мастачка Аксана Гатальская. А мой сябра Агнявіт напісаў прадмову, якая мне вельмі даспадобы. Іншымі словамі, калі б не ўдзел гэтых людзей, прычым на абсалютна валанцёрскіх пачатках, — выдання не было б. І гэта для мяне нагода для гонару — бо тут здарылася акурат тое, што я прапаведую — калі з нічога ствараецца нешта.
Кніга не ідэальная, гэта не шэдэўр, але, мяркую, яна вартая ўвагі. Гэта зборнік самых розных тэкстаў — ад фэнтэзійнага апавядання «Оранжевая дверь» — да сатырычных п’ес, вершаў.
— Вы цяпер працягваеце пісаць?
— Так. Але сёння знаходжу асаблівы кайф пісаць кароткія аповеды ў колькі абзацаў. І раблю гэта ўжо ў сюррэалістычным стылі. Выглядае так, што гэта нібыта хроніка сусвету, калі «оранжевая дверь» з майго ранейшага твора не зачыніліся. (Аранжавыя дзверы ў аднайменным аповедзе Лэслі Найфа адчынялі праход у свет сноў — Reform.by). Я не ведаю, ці буду ў будучыні рабіць кнігу, але пішу.
«ВКЛ да гэтай пары — мой маральны heartland»
— Уладзіслаў, мае апошняе пытанне. У адным з інтэрв’ю вы некалі казалі, што для вас тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай — гэта тая прастора, у якую вы верыце. Маўляў, вы не думаеце, што Заходняя Еўропа нас так зразумее, як Польшча, Літва… Вашы погляды за гэты час не змяніліся?
— Гэта думка майго жыцця, і так заўжды для мяне будзе. Я лічу, што ў рамках ЕС мусіць існаваць асобная супольнасць балта-чарнаморскіх народаў, якая будзе ўключаць тэрыторыю ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Украіну. Бо гістарычна так было. Галоўнае толькі разумець, што гэта не палітычны саюз, а культурны і эканамічны. Часткі гэтага саюза заўжды адстойвалі свае інтарэсы, ва ўсіх былі свае парадкі, усе думалі па-свайму, і якраз, калі Польшча ўзяла сабе нейкую імперскую аснову і вырашыла, што ў саюзе яна галоўная, тады і наступіў кірдык.
На маю думку, галоўны моц гэтага саюза акурат у гістарычных, культурных і эканамічных сувязях; палітычна, паўтаруся, заўжды ў кожнага былі свае інтарэсы. І так, супольнасць гэтых народаў для мяне прыцягальная. ВКЛ да гэтай пары — мой маральны heartland.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: