Праект «Летняе кіно ў Каралеўскіх лазенках» чарговы раз адбываецца ў Варшаве.
Вечаровыя адкрытыя паказы праходзяць па аўторках з 4 ліпеня па 29 жніўня ў палацава-паркавым ансамблі «Каралеўскія лазенкі» ў двары Стайні Кубіцкага, класіцыстычнага будынка XVIII стагоддзя.
Ужо прайшлі фільмы пра Фрыду Кало, яе інтэрактыўная выстава якраз адбываецца ў «Лазенках», і пра Вермеера.
Сёння пакажуць фільм славутага рэжысёра Анджэя Вайды «Павідокі» («Powidoki») пра Уладзіслава Стрэмінскага, польскага авангардыста і тэарэтыка сучаснага мастацтва, які нарадзіўся ў Мінску. У галоўнай ролі — зорка польскага кінематографа Багуслаў Лінда.
У ліпені праграма будзе прысвечана жыццю і творчасці выбітных мастакоў розных эпох, у жніўні запланаваныя стужкі польскай і сумеснай вытворчасці.
У праграме кінапаказаў — два фільмы беларускіх рэжысёраў, якія будуць дэманстравацца 8 жніўня. Дата выбрана невыпадкова — у гэты дзень будзе роўна тры гады з пачатку пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў.
Першая стужка — «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа — дакументальны фільм пра мастака Захара Кудзіна, які ва ўзросце 33 год, неўзабаве пасля выхаду фільма, пайшоў з жыцця, пакінуўшы па сабе значную мастацкую спадчыну.
Другая — «У жывым эфіры» Мары Тамковіч, якая расказвае гісторыю затрымання журналістак «Белсату» падчас іх стрыму з Плошчы Пераменаў у 2020 годзе.
Расклад паказаў Летняга кіно ў «Каралеўскіх лазенках»
18.07, 21.00
«Павідокі»
Гісторыя пра харызматычнага мастака Уладзіслава Стрэмінскага, які не прыміраецца з сацыялістычным рэалізмам і застаецца верным свайму мастацкаму шляху. Фільм — апошняя пастаноўка рэжысёра Анджэя Вайды.
25.07, 21.00
«Караваджа» (1986)
Біяграфія Мікеланджэла Караваджа, выбітнага мастака італьянскага барока. Гісторыя жыцця — дзяцінства, раннія няўдачы і наступны поспех — успамінаецца мастаком на смяротным ложы.
8.08, 20.30
«Чыстае мастацтва» (2019)
Фільм пра маладога мастака Захара Кудзіна, які пакідае сваю студыю і пачынае займацца мастацтвам на вуліцах Мінска. Партрэт беларускага грамадства, расказаны праз прызму ўзаемадзеяння мастака з мінакамі — і афіцэрамі міліцыі.
«У жывым эфіры» (2022)
Узнагароджаны прэміяй на FPFF у Гдыні і срэбным Hugo на МКФ у Чыкага, фільм распавядае гісторыю журналістак, якія былі адсочаны беспілотнікам падчас асвятлення пратэстаў у Менску ў 2020 годзе. Фільм быў спрадзюсаваны Wajda School & Studio у рамках конкурсу «15 хвілін да прэм’еры».
15.08, 20.30
«Фантастычны Мэт Пэры» (2023)
Сёлета на фестывалі Millenium Docs Against Gravity быў паказаны фільм-партрэт галоўнага рэдактара новай фантастыкі і аднаго з ключавых персанажаў польскага фэндома – Мацея Параўскага, таксама вядомага як Мэт Пэры. У ролях: Анджэй Сапкоўскі, Стэфан Твардох, Лукаш Орбітоўскі і Мэт Пэры.
Увага — перадпрэм’ерны паказ!
«Бяскроўная рэвалюцыя. Кароткая гісторыя польскага інтэрнэту» (2022)
Дакументальны фільм, створаны NCK, пра падключэнне Польшчы да глабальнай сеткі Інтэрнэт. Праз прызму выказванняў павітух бяскроўнай рэвалюцыі: фізікаў і інфарматыкаў з найважнейшых навуковых асяродкаў у Польшчы, а таксама яе бенефіцыяраў: мастакоў, гуманістаў і спажыўцоў культуры, стваральнікі шукаюць адказы на пытанне аб тым, як новыя тэхналогіі паўплывалі на грамадства на працягу трох дзесяцігоддзяў польскай незалежнасці.
Фільм быў намінаваны на прэмію PISF у катэгорыі «Дэбют года» і прэмію Hollywood Eagle на польскім кінафестывалі ў Лос-Анджэлесе.
22.08, 20.30
«Саната» (2021)
Фільм заснаваны на фактах гісторыі Гжэгажа Плонкі — выдатнага музыканта, талент якога праявіўся пасля позняга дыягназу аўтызму. Дэбют двух новых талентаў польскага кіно — рэжысёра Барташа Блашке і выканаўцы галоўнай ролі Міхала Сікорскага.
29.08, 20.30
«Песні пра каханне» (2021)
Камерная гісторыя цяжкіх адносін двух артыстаў — музыканта-пачаткоўца, няздольнага вырвацца з-пад уплыву знакамітага бацькі, і таленавітай спявачкі, якая не ўсведамляе свайго ўнікальнага дару.
***
Арганізатары кінапаказаў: музей Каралеўскіх лазенак у Варшаве, Нацыянальны культурны цэнтр, кампанія «Wyświetl Film» і Фонд развіцця кінематаграфіі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: