Скан пашпарта Яна Булгака — беларуска-літоўска-польскага фатографа ХІХ-ХХ стагодзяў — першым з’явіўся ў пабліку «Менск у часе і прасторы», потым яго актыўна пачалі перадрукоўваць іншыя тэматычныя групы. Нягледзячы на тое, што крыніцай дакумента пазначаецца «прастора інтэрнэту», выява падняла хвалю інтарэсу да ідэнтычнасці фатографа — бо ў паблік быў выкладзены пашпарт, выдадзены Булгаку ў 1941 годзе.
Паспарт, аўтэнтычнасць якога пакуль не пацверджана, запоўнены на рускай мове і ўтрымлівае наступные звесткі.
Імя, імя па бацьку, прозвішча — «Булгак Иван Валерианович».
Час і месца нараджэння — «6 ХІ 1876 г, Минск, Б.С.С.Р».
Нацыянальнасць — «поляк».
Сацыяльнае становішча — «кустарь».
Стаўленне да ваеннай службы — «невоеннооб».
Кем выдадзены пашпарт — «п. №1, 1 отдел. милиции г. Вильнюс Лит. С.С.Р.
На заснаванні якіх дакументаў выдадзены пашпарт — «паспорта Вильн.бурм.17 VII 40 №1359 п,спр. ф.№1»
Выдадзены дакумент Булгаку 12 чэрвеня 1941 года і дзейнічае па 12 чэрвеня 1946 года.
Абмеркаванні разгарэліся вакол пазначанага ў дакуменце месца нараджэння — Мінск, БССР і нацыянальнай прыналежнасці фатографа, кім ён сябе лічыў.
Але перш, чым унікнуць у сутнасць дыскусіі, нагадаем біяграфію славутага фатографа.
Ян Булгак нарадзіўся 6 лістапала 1876 года ў вёсцы Асташын Навагрудскага павета Расійскай імперыі. Будучы «Майстра з Вільні», «бацька польскай фатаграфіі» скончыў гімназію ў Вільні, вывучаў філасофію ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Але яго знаёмства з фатаграфіяй, калі верыць легендам сям’і Булгака, адбылося менавіта ў сядзібе Перасека пад Мінскам, дзе фатограф жыў, атрымаўшы маёнтак у спадчыну ад маці ў 1893 годзе. Тут быў абсталяваны «цёмны пакой», дзе ён рабіў першыя фотаэксперыменты, тут фатограф пачынае свой творчы шлях, які прывядзе яго спачатаку ў Вільню, а потым у Дрэздэн, дзе Булгак будзе вывучаць фатаграфічную справу і браць урокі ў слыннага нямецкага фатографа-партрэтыста Хуга Эрфурта.
Далей тэхнічна падкаваны мастак паедзе ў Вільню, там адкрые сваю майстэрню і на працягу сямі гадоў будзе фатаграфаваць помнікі Віленшчыны — на гэта яго натхніць вядомы жывапісец Фердынанд Рушчыц. Булгак увойдзе ў гісторыю польскай, літоўскай і беларускай фатаграфіі як аўтар тэрміну, ідэі «айчынная фатаграфія». Пад фатаграфіяй Бацькаўшчыны, роднага краю майстар будзе мець на ўвазе не толькі пэўнае сведчанне, — паводле Булгака, яны выступаюць і сродкам фарміравання культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасці. Ян Булгак таксама з’яўляецца аўтарам тэрміна «фатаграфіка» — тут майстар асэнсоўвае фатаграфію як самастойную мастацкую творчасць.
У 1919 годзе Булгак пачынае выкладаць майстэрства мастацкай фатаграфіі ва Універсітэце імя Стэфана Баторыя ў Вільні. Праз амаль дваццаць гадоў выкладчыцкай дзейнасці фатограф атрымае званне дацэнта ад Сената Акадэміі.
Булгак з’яўляецца заснавальнікам Віленскага фотаклуба (1927), Польскага фотаклуба ў Вільні, а пазней — сузаснавальнікам Саюза польскіх фотамастакоў (1947).
У 1945 годзе майстар пераязджае ў Варшаву пасля таго, як падчас ваенных дзеянняў у 1944 годзе яго віленская студыя і вялізны фотаархіў былі знішчаны ў пажары. У Варшаве ён фатаграфуе разбураны за час вайны горад і яго аднаўленне.
Памёр Булгак 4 лютага 1950 года ў Гіжыцку, быў пахаваны ў Варшаве ў Алеі Заслужаных Асобаў.
Чаму Булгак, калі верыць пашпарту 1941 года, пазначыў месцам свайго нараджэння Мінск? Чаму атрымаў пашпарт у 1941 годзе? Чаму назваў сябе «кустарем»? Палякам? Навошта яму спатрэбіўся гэты дакумент? У абмеркаванні загадкавага дакументу прапаноўваюцца самыя розныя ідэі.
«Пасля 1939 года, калі Заходняя Беларусь апынулася ў складзе БССР, [Булгак] мусіў атрымаць савецкі пашпарт. Не ведаю, чаму ён пазначыў Мінск як месца нараджэння. Можа, гэта давала нейкія прэферэнцыі?» — пытаецца адзін з каментатараў.
«Ян Булгак жыў у Вільні, якая да 1939 года знаходзілася ў Польшчы, потым стала літоўскай, потым літоўска-савецкай. І гэты пашпарт яму выдадзены ў Літоўскай СССР. То-бок, ён нікуды не перамяшчаўся, змянялася дзяржаўная прыналежнасць Вільні», — адказвае адзін з вядомых гісторыкаў.
«Што да вызначэння Булгакам (як і Рушчыцам, і многімі іншымі) сваёй уласнай ідэнтычнасьці, то гэта быў звычайны, тыповы выпадак: да пач. 1920-х схільны быў ужо стаць беларусам, але, урэшце, абраў пальшчызну. Меў права, як кожны іншы чалавек з нас. Але заставаўся да конца дзён НАШЫМ, тутэйшым чалавекам, які бязьмежна любіў памежжа гэтае! І плён ягонае творчасьці сёньня належа ўсім нам — літоўцам, беларусам і палякам. Ён, бадай, ня быў супраць такой любові да свайго даробку», — падзяліўся сваім меркаваннем адзін беларускі мастацтвазнаўца.
Калі ўзнавіць кампанію Беларускай Рады культуры #art_born_Belarus, якая «вяртае» Беларусь у сусветны мастацкі кантэкст, то прыналежнасць Яна Булгака да беларускай культуры ў святле знойдзенай цікавосткі становіцца пытаннем у тэму — пытаннем надзённным. Тым больш улічваючы той уплыў, які фотамастак аказаў на беларускую мастацкую традыцыю.
Але ці лёгка будзе «вярнуць» Булгака да беларускай прасторы — задача на сёння з некалькімі, у тым ліку, і палітычнымі, пераменнымі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: