У пошуках беларускіх руін. Мастак Уладзімір Грамовіч пра новы праект архіва VEHA

Культура
Фотаздымак з архіва VEHA, калекцыя "Руіны Беларусі"

Ініцыятыва VEHA працягвае збіраць фатаграфіі з сямейных архіваў. Да ранейшых тэмаў — партрэтаў на фоне тканага дывана, пахавальных і вясельных здымкаў, людзей у лесе — дадалася новая: руіны Беларусі. Прыняць удзел можа кожны, хто мае фота людзей, знятых на фоне руін на тэрыторыі сучаснай Беларусі да 1970 года.

Кожная сабраная ў архіве VEHA калекцыя фотаздымкаў ператвараецца ў якасную кнігу з тэкстамі, а таксама — у выставачны праект.

Па выніках збору новай калекцыі фотаздымкаў з руінамі Беларусі запрошаны мастак Уладзімір Грамовіч будзе працаваць над новай выставай.

Паразмаўлялі з Уладзімірам Грамовічам пра старыя здымкі і вобраз руін у канцэпцыі архіва VEHA.

— Чаму вы вырашылі так актыўна ўключыцца ў працу архіва VEHA?

— Архіў VEHA займаецца рэчамі, якімі павінна займацца ці дзяржаўная інстытуцыя, ці ініцыятыва, што дзяржавай фінансуецца. Аднак ужо амаль 30 гадоў улады Беларусі працягваюць займацца адсячэннем усяго, што не прыносіць ім карысці або замінае. Беларуская культура стала адной з першых ахвяраў такой палітыкі.

Пасля 2020 года сітуацыя з культурай у краіне ўвогуле стала катастрафічнай, аднак, на шчасце, ніводны актуальны аўтар не пайшоў на калабарацыю з рэжымам. У незалежнай беларускай культуры сёння таксама хапае праблем: няшмат фінансаў і людзей, многае робіцца толькі на энтузіязме. Таму я бачу VEHA як праект, які дапаўняе тое, чаго не стае ў нашым культурным жыцці.

У пошуках беларускіх руін. Мастак Уладзімір Грамовіч пра новы праект архіва VEHA
Фотаздымак з архіва VEHA, калекцыя «Руіны Беларусі»

— Чаму выбрана такая незвычайная тэма — чалавек на фоне руін?

— Гэта лагічнае развіццё ўсіх папярэдніх збораў VEHA. Аднак, калі папярэднія тэмы факусаваліся на спадчыне пераважна вясковай, то настаў час павярнуцца да горада як фармавання сучаснага нам грамадства і паглядзець, як чалавек выглядаў падчас трагедый ці адбудоў. І падаецца, руіны добра рэзануюць з нашым сённяшнім часам.

— Што вам цікава ў гэтым праекце менавіта як мастаку?

— Цяпер актыўна ідзе канцэптуальная праца, пошук таго, як можна працаваць з нашай візуальнай спадчынай. І мне як мастаку цікава, што наша памяць не ўспрымаецца застылай, а шукаюцца шляхі, якім чынам яе можна актуалізаваць.

Тэма руін тычыцца гарадскіх жыхароў, а я заўсёды цікавіўся гарадскімі даследаваннямі.

Мае першыя праекты звязаныя з горадам, а пасля я стаў вывучаць тэму руйнавання, бо тады, у пачатку і сярэдзіне 2010-х, зносіліся важныя для гарадскога асяроддзя будынкі, кшталту ВДНГ, Маскоўскага вакзала, мінскай электрастанцыі, і не толькі мінскія. Іх, безумоўна, варта было захаваць, але яны нішчыліся дзеля інвестыцыйных праектаў, якія ў выніку не рэалізоўваліся ці рэалізоўваліся кепска.

У Беларусі яшчэ цягнецца час капіталістычных руін, такое міжчассе, дзе руіны з’яўляюцца не ў выніку войнаў, трагедый ці катаклізмаў, а палітычных ці эканамічных бед, якія з намі перманентна адбываюцца. Але, як мы бачым, усе мяняецца ў свеце даволі хутка.

— Але VEHA вызначае часавы рубеж для гэтых фатаграфій руін — да 1970-х. І, верагодна, таму гэты праект не рухаецца так хутка, як папярэднія, бо не ўсе прымалі тады руіны як нешта эстэтычна важкае.

— Безумоўна, людзі тады не фатаграфаваліся на фоне руін, ці прынамсі гэта не так часта адбывалася. Калі хтосьці і здымаў руіны, то гэта былі фотадакументалісты. Напрыклад, падчас вайны маглі здымаць савецкія рэпарцёры, але вельмі абмежавана, у адрозненне ад нямецкіх вайскоўцаў, дзе ў многіх былі фотаапараты. Дзякуючы іх здымкам мы ведаем, як Мінск выглядаў падчас акупацыі.

А як выглядаў пазней, мы можам даведацца з кнігі Сяргея Абламейкі пра страчаны Менск, там многа фотаздымкаў, напрыклад, Няміга падчас вайны… Такія здымкі могуць патрапіць у кнігу VEHA, але важна, каб яны былі добрай якасці, а для гэтага трэба шукаць, у каго на іх ёсць правы.

У пошуках беларускіх руін. Мастак Уладзімір Грамовіч пра новы праект архіва VEHA
Фотаздымак з архіва VEHA, калекцыя «Руіны Беларусі»

— Якія здымкі з гэтай калекцыі для вас асабліва цікавыя?

— Мяне ўразіў здымак міжваеннага часу, магу памыляцца, але там стаіць мужчына яўрэйскай нацыянальнасці на фоне Ружанскага палаца. Ружанскі палац, наколькі ведаю, быў арандаваны яўрэйскім прадпрымальнікам Пінасам у 1900-х. Для мяне гэты здымак прадстаўляе частку Беларусі, якая больш не існуе, маю на ўвазе яўрэйскую спадчыну. І мне здаецца, што такіх здымкаў павінна быць даволі шмат, бо яўрэі якраз і складалі значную частку, калі не большую, даваенных беларускіх гарадоў.

— Ці можаце вы класіфікаваць беларускія руіны?

— Руіны ХІХ стагоддзя, якія натхнялі мастакоў рамантызму, індустрыяльныя, пачатку ХХ стагоддзя, калі адбываўся знос старога і будаванне новага. Потым ідуць руіны вайны, першай і другой, далей — руіны новага часу, забудова гарадоў, перапланіроўка і пашырэнне вуліц, савецкі мадэрнізм, знос Нямігі, ну і наш час “бульдозернай рэстаўрацыі”.

Усе гэтыя руіны прамаўляюць пра рознае, іх фатаграфавалі ў розны час, рознымі людзьмі і з рознымі мэтамі.

У пошуках беларускіх руін. Мастак Уладзімір Грамовіч пра новы праект архіва VEHA
Фотаздымак з архіва VEHA, калекцыя «Руіны Беларусі»

— Ці асэнсоўвалі вы, як у сучаснай Беларусі ўспрымаецца гэта тэма руін?

— Канцэпт руін стаў вельмі актуалны сёння, з улікам таго, што зараз адбываецца.

У нас проста хваля недабудаваных праектаў, асабліва ў сферы культуры: людзі не паспяваюць нешта зрабіць, як ім даводзіцца ці збягаць, ці з’язджаць. Таму мне здаецца сучаснаму беларусу гэта тэма павінна адгукацца.

Напрыклад, ОК16. Будынак быў у нейкім сэнсе ў стадыі руіны. На гэтым месцы пачаў будавацца крэатыўны кластар, які выкаранілі. Нешта падобнае адбылося з галерэяй «Ў», стары будынак знесены.

Гэта такія ўласцівыя для Беларусі рэчы, калі адныя пакаленні нешта не дабудоўваюць, а потым новыя пакаленні пачынаюць тое ж самае з нуля, і таксама не паспяваюць дабудаваць.

Аднак я не лічу, што гэта кепска. Нам трэба прыняць нашу руіннасць і працаваць з ёй.

Асэнсаваць, што гэта можа быць часткай нашага архітэктурнага планавання. Ёсць адчуванне, што нам трэба архітэктура не грунтоўная, не патэрналісцкая як зараз, а нешта, што можа трансфармавацца, нешта намадычнае, цякучае.

— Перанясем «ліючуюся форму» Абдзіраловіча ў архітэктуру!

— Абдзіраловіч для ўсіх нас сёння вельмі актуальны.

У пошуках беларускіх руін. Мастак Уладзімір Грамовіч пра новы праект архіва VEHA

***
Збор фатаграфій на фоне разбураных будынкаў для калекцыі архіва VEHA працягнуты да 20 кастрычніка.

Арганізатары просяць дасылаць на пошту [email protected] адсканаваныя фатаграфіі, знятыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі да 1970 года.

Яны стануць часткай кнігі пра візуальную гісторыю Беларусі!

Фота павінны быць адсканаваны ў вялікім памеры з подпісам «Нумар фота + Год? Месца? Хто? Каму належыць архіў?».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: