Сёння ў Гданьску ў Музеі Другой сусветнай вайны прайшла цырымонія ўзнагароджання Прэміі Кангрэса даследчыкаў Беларусі за лепшыя навуковыя публікацыі 2022 года. Ушанаванне даследчыкаў за іх навуковыя працы адбывалася ў трох кірунках: Гісторыя, Гуманітарныя навукі і Сацыяльна-палітычныя навукі.
Так, у галіне Сацыяльна-палітычныя навукі быў адзначаны артыкул Пётры Рудкоўскага «Is There a Demand for Autocracy in Belarusian Society?» (Journal of Belarusian Studies, 2022). У фокусе ўвагі даследчыка — не праціўнікі, а прыхільнікі аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі.
У Гуманітарных навуках лаўрэатам Прэміі была названа Алеся Серада за артыкул «Died from Debeeration’: The Case of the First Belarusian Political Game». (Studies in Eastern European Cinema, 2022). У артыкуле, які вырас з даследавання 2018 года, аб’ектам даследавання становіцца MSD-ская гульня 1998 года. «І з гэтае пушынкі Алеся Серада разгарнула цэлы свет», — прадставіла навукоўцу гісторык літаратуры і культуры Жанна Некрашэвіч.
Гісторык Алесь Смалянчук назваў пераможцу ў галіне Гісторыя. Ім стаў Андрэй Чарнякевіч за артыкул «Быць канфідэнтам»: штодзённае жыцце інфарматара польскай службы бяспекі ў паўночна-ўсходніх ваяводствах ІІ Рэчы Паспалітай» (1921–1939 // Homo Historicus. 2022).
«Аўтар паспрабаваў зразумець таго чалавека, які стаў даносчыкам. Гэта антрапалагічная гісторыя аднаго сацыяльнага маргінала, які стаў дзяржаўным служачым, фактычна служачым польскай паліцыі», — прадставіў працу спадара Андрэя Алесь Смалянчук.
І прэміяй у гэтай жа галіне была адзначана Таццяна Астроўская за манаграфію «Культура і супраціў. Iнтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у Савецкай Беларусі (1968-1988)» (Беласток: Вясна, 2022). Даследаванне прысвечана культурніцкаму змаганню з аўтарытарызмам у 1960-я — 1980-я гады.
ХІ Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ладзіцца сёлета ў Гданську з 22 па 24 верасня.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: