Лявон Баразна, мастак, даследчык культуры і адзін з лідараў нацыянальна-культурнага супраціву 1960-х — 1970-х гадоў, быў забіты 15 жніўня 1972 года ў цэнтры Мінска пры нявысветленых абставінах.
Ён сабраў некалькі альбомаў малюнкаў, прысвечаных народным строям і арнаментам: «Беларускі народны арнамент Палесся» (1957), «Беларуская народная вопратка» (1958), «Арнамент Гродзеншчыны» (1960). Быў пачынальнікам сучаснай школы нацыянальнага сцэнічнага касцюма: распрацаваў касцюмы для ансамбля «Песняры» і для больш як 15 самадзейных народных калектываў.
Рыгор Барадулін пісаў пра яго ў сваіх успамінах: «Ён вяртаў менавіта наскія, беларускія строі, бо не хацеў, каб хай сабе толькі назваю нацыянальныя калектывы мастацкае самадзейнасці і прафесіяналы насілі абноскі вялікадзяржаўніцкага крою».
Быў аўтарам кнігі «Гравюры Францыска Скарыны», у якой сабраў і сістэматызаваў усе вядомыя гравюры скарынаўскіх выданняў. Яе выхаду не дачакаўся, і нясшытыя аркушы манаграфіі паклалі яму ў труну.
У 1969 годзе разам з Зянонам Пазняком выступаў у абарону вуліцы Няміга. Іх сумесны артыкул надрукавала галоўная савецкая газета «Правда», дзякуючы чаму Машэраў на тры гады прыпыніў знішчэнне Нямігі. Перад смерцю ў 1972 годзе Баразна рыхтаваў публічную акцыю пратэсту супраць разбурэння Нямігі. Блізкія Баразны ўпэўнены, что адказнасць за яго забойства нясуць спецслужбы.
У 1975 годзе ў Мінску зладзілі персанальную выставу Лявона Баразны. «Яна мела велізарны рэзананс, — згадваў пісьменнік Уладзімір Арлоў. — Да кнігі водгукаў нязьменна цягнулася чарга. Там людзі пісалі і чыталі пра тое, чым жыў Баразна. Гэта быў выбух зьняважаных пачуцьцяў нацыянальнай і чалавечай годнасьці. Памятаю, адна старонка проста крычала вялікімі літарамі: «Спыніць русіфікацыю! Тут – Беларусь!».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram