Праект «Артэфакты»: Папа Бо — пра драматычныя прыгоды дыджэйскага кантролера і любімы стан некамфорту

Культура
Папа Бо. Бэкстэйдж праекта «Артэфакты». Фота: Аліса Ганчар.

Прэм’ера трэцяй стужкі з цыкла «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» рэжысёра Сяргея Кавалёва адбудзецца 11 мая.

«Кантролер Папы Бо — так называецца дыджэйскі пульт, з якім былы арт-дырэктар мінскага культурнага цэнтра «Корпус», дыджэй і прадусар беларускіх гуртоў Папа Бо (Аляксандр Багданаў) ладзіў рэйвы падчас нядзельных маршаў, запускаючы акцыю «Музыка-зброя». Праз год разам з Максімам Крукам быў арыштаваны і асуджаны на тры гады «хіміі», але ўцёк у Грузію, пазней пераехаў у Кракаў, цяпер жыве ў Варшаве.

Reform.news пацікавіўся ў Папы Бо, як ён сёння ацэньвае свой пратэсны рэйв у 2020-м, якую эксплікацыю напісаў бы для свайго музейнага артэфакта і як ідуць справы ў навастворанага «Міністэрства замежных спраў па беларускай музыцы»?

Праект «Артэфакты»: Папа Бо — пра драматычныя прыгоды дыджэйскага кантролера і любімы стан некамфорту

— Стужка пачынаецца з даволі дэпрэсіўных варшаўскіх краявідаў, дзе вы яўна не радыя знаходзіцца. Як вы апынуліся ў Варшаве і чаму выбралі гэты горад?

— У Варшаве я апынуўся пасля вымушанай эміграцыі ў Грузію, а ў Грузіі — пасля эвакуацыі з Мінска. Пражыў у Грузіі паўтары гады і вырашыў, што каб весці сваю дзейнасць больш эфектыўна, варта пераехаць у Польшчу. Спачатку выбраў Кракаў, а цяпер ад пачатку снежня мінулага года жыву ў Варшаве.

Чым вы зараз займаецеся?

— Цяпер я займаюся двума напрамкамі. Першы — гэта Belarus Outside Sound System, наша дабрачынная музычная ініцыятыва, якая намагаецца прасунуць з дапамогай музыкі як універсальнай мовы беларускую актуальную павестку на сусветнай сцэне. Я лічу гэта адзіным шляхам развіцця беларускіх музыкаў у эміграцыі, каб выйсці з гэтага гіганцкага культурнага пухіра і прадэманстраваць тое, што маеш сказаць свету. Мы праводзім рэйвы, фестывалі, каб паказаць, што беларуская музыка палае маладосцю і актуальнасцю.

Летась зладзілі чатыры вялікія фэсты ў розных краінах. А сёлета робім анлайн-актыўнасці, як, напрыклад, вялікі стрым беларускіх дыджэяў, на якім збіраліся грошы на калядныя падарункі дзецям палітвязняў у Фонд салідарнасці BYSOL. Таксама выдалі складанку беларускай электроннай музыкі, усе грошы з продажу якой таксама ідуць у BYSOL: роялтыз з праслухоўванняў на стрымінгах і прыбытак ад продажу складанкі ў добрай якасці. І зараз мы знайшлі фінансаванне на выданне гэтай складанкі на вініле вялікім тыражом, каб у кожнага сусветна вядомага дыджэя, які грае з вінілу на вялікія аўдыторыі, быў гэта вініл.

Таксама рыхтуем вялікі фэст Belarus Outside Sound System, які пройдзе ў Варшаве на Міжнародны дзень дзяцей — 1 чэрвеня. Кожны артыст на гэтым фэсце будзе прэзентаваць сваю праграму ці новы складнік лайф-выступу. Напрыклад, Света Бень прэзентуе новы электронны праект з Сяргеем Навіцкім, Анастасія Рыдлеўская ўпершыню пакажа лайф-праграму, і гэтак далей.

Праект «Артэфакты»: Папа Бо — пра драматычныя прыгоды дыджэйскага кантролера і любімы стан некамфорту
Папа Бо. Бэкстэйдж праекта «Артэфакты». Фота: Аліса Ганчар.

Другі кірунак маёй дзейнасці гэта — BELARUS music EXPORT. Калі казаць простай мовай, гэта такое Міністэрства замежных спраў па музыцы. У кожнай нармальнай развітай краіне ёсць Music Export Agency, якая прасоўвае ў свеце cучасную нацыянальную музыку і дапамагае развіццю нацыянальнага шоу-бізнесу.

За зіму мы зрабілі вялікую працу. Пачалі весці тэлеграм-канал BELARUS music EXPORT, у якім амаль пяцьсот падпісчыкаў. Выкладваем там розныя магчымасці, дасяжныя нашым музычным дзеячам.

Гэтыя два праекты я зараз раблю сам з прыцягненнем розных адмыслоўцаў для канкрэтных задач. І цяпер шукаю людзей у пастаянную каманду.

— З міграцыяй вашы замежныя сувязі ўмацаваліся? Лягчэй стала працаваць?

— Яны пачалі пашырацца пасля пераезду з Грузіі, бо там было цяжка працаваць. А ў Польшчы ўсё пад бокам і ўсё паводле еўрапейскіх стандартаў. І табе не трэба піць чачу і сябраваць са сваякамі грузінскага арганізатара, каб зрабіць фестываль, а можна проста напісаць ліст. Цяпер ідзе вельмі плённая праца, кожны дзень пачынаюцца новыя стасункі, новыя кантакты і новыя прапановы. Неверагоднае развіццё!

Праект «Артэфакты»: Папа Бо — пра драматычныя прыгоды дыджэйскага кантролера і любімы стан некамфорту
Папа Бо. Бэкстэйдж праекта «Артэфакты». Фота: Аліса Ганчар.

— То-бок цяпер вы ў правільным месцы знаходзіцеся?

— Зараз так. Але я лічу, што гэта не апошняе месца. Хочацца нечага паспрабаваць яшчэ. Але я знаходжуся ў працэсе легалізацыі і таму ўжо амаль год невыязны з Польшчы.

— Вы сказалі, што ўся ваша маёмасць змяшчаецца ў два чамаданы — адзін вялікі і адзін маленькі. А калі ўвогуле канец свету і трэба бегчы, што б вы ўзялі з сабой? Якія рэчы вам трэба для шчасця, для камфорту?

— Я вазьму кантролер і зусім няшмат рэчаў — тры майкі, два швэдры. І камп’ютар.

— А што ўвогуле для вас камфорт? Ці ёсць у вашым жыцці такое паняцце? Калі вы адчуваеце раўнавагу са светам?

— Я не люблю камфорт і раўнавагу са светам. У мяне склад характару такі, што мне патрэбна нераўнавага і некамфорт, каб рухацца далей. Таму я жыву дастаткова аскетычна і мне нічога асабліва не трэба, акрамя шляху, поспеху і развіцця. Верагодна, калі б я апынуўся ў поўным камфорце, я расслабіўся б і нічога не рабіў. Пастаяннае знаходжанне ў нестабільным становішчы — фінансавым, псіхічным і побытавым — дае мне імпульс, каб рухацца далей.

— А дзеля чаго? Дзеля працэсу?

— Перш за ўсё, каб не сумаваць і бадзёра ісці па жыцці.

Мой псіхолаг, з якім я пачынаў працаваць некалькі гадоў таму, калі мы толькі з’ехалі з Беларусі, сказала, што ў мяне з галавой пасля турмы ўсё добра, што дзіўна, і мне проста трэба рабіць варушняк, тады я буду ў добрым стане. Рабіць тое, што падабаецца. Так і ёсць. Бо калі я маю некалькі дзён на адпачынак, я пачынаю сумаваць, мне становіцца нецікава і я штосьці пачынаю прыдумляць новае.

Так было і ў Мінску: люблю наводзіць мітусню.

Праект «Артэфакты»: Папа Бо — пра драматычныя прыгоды дыджэйскага кантролера і любімы стан некамфорту
Скрын стужкі Сяргея Кавалёва.

— Сюжэт стужкі Сяргея Кавалёва закручаны вакол дыджэйскага кантролера. Раскажыце, як вы яго страцілі і ўвогуле — выпусцілі з галавы?

— Страціў яго выпадкова. Ён вельмі-вельмі стары. Яму гадоў з пятнаццаць, можа. Шмат разоў рамантаваны, і калі ён даехаў да мяне ў Грузію, то быў у дрэнным стане. Там шмат чаго не працавала.

Аднак ён яшчэ крышку папрацаваў, і я аддаў яго грузінскім майстрам, якія пачалі яго паяць, вельмі неахайна. І сказалі, што дэталяў у Грузіі я для яго не знайду, але на рынку можна нешта купіць. Пасля яны паспрабавалі тое купленае прыпаяць, не атрымалася. І яны мне яго ў такім раздзяўбаным стане аддалі са словамі, што лягчэй новы купіць, чым заказваць з Еўропы ў Грузію дастаўку гэтых дэталяў, якія ўжо не выпускаюцца, хіба дзе на складах заваляліся.

Аддаў я яго ў грузінскі рамонт перад паездкай у Польшчу і Германію на гастролі, рамонту не адбылося і я яго прывёз паламаным у Польшчу. У першы ж дзень, калі прыляцеў у Варшаву, знайшоў афіцыйны сервіс-цэнтр кампаніі «Pioneer», якая гэта кантролер некалі вырабляла.

Сервіс-цэнтр знаходзіўся ў нейкіх сутарэннях у ваколіцах Варшавы. Я паехаў туды на трох аўтобусах у мароз і здаў свой кантролер. Мне сказалі, што яго прадыягнастуюць і паведамяць, што з ім можна зрабіць. А я ўжо набыў новы, таму што мне трэба было катацца з гастролямі. І ўсё, праз нейкі час мне патэлефанавалі і сказалі, што дэталі для гэтага старога кантролера будуць каштаваць вельмі дорага. І я падумаў, навошта мне той стары кантролер, калі ён не працуе. Ехаць зноў на край Варшавы, а можа, яшчэ і за дыягностыку давядзецца даплачваць. А я яшчэ не зняў ні кватэры, ні пакоя. Навошта мне гэты лішні багаж? І я забыўся на яго.

А калі Сяргей Кавалёў звярнуўся да мяне з ідэяй зняць пра яго фільм, я яму адказаў: «Усё класна, і ідэя добрая, але кантролера ўжо даўно няма». Ён такі: «Як няма?».

І так у яго з’явілася мэта яго знайсці, а таксама ідэя пабудаваць фільм на пошуку гэтага кантролера. І на пераасэнсаванні гэтага кантролера ў маёй галаве са смецця на каштоўны артэфакт.

Праект «Артэфакты»: Папа Бо — пра драматычныя прыгоды дыджэйскага кантролера і любімы стан некамфорту
Скрын стужкі Сяргея Кавалёва.

— Кантролер выглядае вельмі нечаканым прадметам у якасці музейнага экспаната, таму ці можаце вы падумаць над яго навуковым апісаннем, то-бок над эксплікацыяй? Чаго гэта сімвал? Як бы вы яго прыгожа апісалі?

— Я лічу, што гэта сімвал такога мемнага выразу, як «слабоумие и отвага». Чаго гэты кантролер толькі не перажыў! Ён праехаў са мною ўвесь свет. Я граў на ім у Індыі, на беразе акіяна, у нейкім гета ў Нью-Ёрку. І вось пікам яго кар’еры стаў выхад на вуліцы Мінска ў 2020-м. А трэба было мне думаць тады галавой і мысліць больш стратэгічна. Азіраючыся назад на тыя падзеі, я разумею, што калі б усе пабеглі, то я б з гэтым кантролерам упаў бы на спіну, ляжаў бы як жук і калыхаў нагамі ды рукамі. І мяне бы заграбасталі. Аднак лёс склаўся інакш.

Праект «Артэфакты»: Папа Бо — пра драматычныя прыгоды дыджэйскага кантролера і любімы стан некамфорту
Кантролер Папы Бо.

— Ок, але давайце вернемся да нашай сур’ёзнай справы — напісання навуковай эксплікацыі да музейнага аб’екта, сімвала, між іншым, нашай рэвалюцыі…

— Над гэтым трэба сур’ёзна падумаць. Верагодна, так:

Pioneer WeGo-2 Dj-controller (2013-2023). Асноўная музычная прылада дыджэя Папы Бо, якая прайшла з ім творчы шлях ад пачатку кар’еры ў 2013 годзе (2013 — год выпуску гэтай мадэлі) па 2023 год, калі яна перастала функцыянаваць. Пабываў у 16 краінах, на ім граліся прыватныя сэты, шматтысячныя рэйвы, тэрапеўтычныя музычныя сесіі і папсовыя дыскатэкі. У 2020-м ён стаў галоўнай прыладай і дзейснай асобай у акцыях #деньпобедыабсурда , #музыкаоружие і #протесТАНЦЫ. Пасля затрымання за гэтыя акцыі ўладальніка кантролер стаў рэчавым доказам і прыладай злачынства ў крымінальнай справе. Быў канфіскаваны, але дзякуючы карумпаванасці сістэмы вызвалены з палону склада ГУБАЗіКа і вывезены ўслед за ўладальнікам, які эміграваў у Грузію. Дзе яшчэ год выконваў свае функцыі, пакуль не трапіў у рукі грузінскіх майстроў, якія не здолелі яго рэанімаваць. Апошняя спроба рамонту кантролера была зроблена варшаўскім сервіс-цэнтрам, але беспаспяхова. Быў пакінуты з-за непатрэбнасці ў сервіс-цэнтры, сувязь з якім была страчана… Дзякуючы здымачнай групе фільма і асабіста зацятасці рэжысёра ператварыўся з кавалка старой непрацоўнай пластмасы ў АРТЭФАКТ Новай Беларусі.

Праект «Артэфакты»: Папа Бо — пра драматычныя прыгоды дыджэйскага кантролера і любімы стан некамфорту
Скрын стужкі Сяргея Кавалёва.

— Вельмі пераканаўча! У маім папярэднім інтэрв’ю і ў праграме «Ноч з Чалым» вы сказалі падобную фразу: «Як усё скончыцца, паеду першым цягніком на радзіму, каб на выпаленым полі…»? Што вы будзеце ўзгадоўваць на гэтым полі? Вернеце, напрыклад, будынак «Корпуса». Ці будзеце змагацца, каб з Валадаркі зрабілі культурны цэнтр? На якія руіны прэтэндуеце?

— Ні на якія руіны я не прэтэндую, але ведаю, што трэба будзе адбудоўваць усё наноў — усё беларускае крэатыўнае культурнае асяроддзе. І я ўпэўнены, што маіх кампетэнцый хопіць для таго, каб у гэтым паўдзельнічаць.

Не ведаю, ці будзе ўзноўлены «Корпус». У тым жа будынку буду працаваць ці пачну іншы праект — няважна. Я — адэпт беларускай культуры. І калі ў мяне будуць шанцы знаходзіцца ў краіне, то буду рабіць Belarus Great Again.

— Для гэтага праекта ў нас ёсць адмысловае пытанне… Беларусы з 2020 года прайшлі няпросты шлях ад веры ў перамогу да разумення, што ўсё гэта можа быць нядоўга. Шмат хто плаціць за свабоду вялікі кошт. Як вы ставіцеся да словаў, што свабода не даецца проста і які ваш кошт свабоды?

— Я згодны з гэтым тэзісам. Адчуў яго на сабе, таму што гэтая свабода, у якой я зараз знаходжуся, дасталася мне дастаткова цяжка. Я яе вельмі цаню.

Думаю, што і для большасці беларусаў яна даецца цяжка.

Для мяне свабода — гэта шлях развіцця. Асэнсаванне таго, што насамрэч нічога, акрамя свабоды, і не патрэбна. Сёння я жыву дастаткова аскетычна і мне сапраўды больш нічога асабліва і не патрэбна.

Адчуванне свабоды зараз са мной, і я яго не пакіну.

Праект «Артэфакты»: Папа Бо — пра драматычныя прыгоды дыджэйскага кантролера і любімы стан некамфорту
Папа Бо. Бэкстэйдж праекта «Артэфакты». Фота: Аліса Ганчар.

Глядзіце прэм’еру другога фільма з цыкла «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» 11 мая на ютуб-канале «Саша, что ты несешь?!».

Зваротная сувязь ад рэжысёра навелы Сяргея Кавалёва

Праект «Артэфакты»: Папа Бо — пра драматычныя прыгоды дыджэйскага кантролера і любімы стан некамфорту
Сяргей Кавалёў. Бэкстэйдж праекта «Артэфакты». Фота: Аліса Ганчар.

— Для праекта «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» я прапанаваў зрабіць сюжэт пра Сашу Бо. Бо яшчэ ў 2022 годзе сам такі фільм задумаў, і калі праз год паступіла прапанова папрацаваць у праекце Макса Шведа, то ў мяне ўжо быў герой, з якім я трымаў сувязь. Новае кіно — лагічны працяг стасункаў, якія пачаліся амаль тры гады таму. Для мяне важна, што ў праекце задзейнічаны чалавек, з якім блізка стасаваўся, з якім выпрацавалася нейкая сувязь. Падчас здымкі я даведаўся пра свайго героя шмат цікавых інсайдаў. На жаль, не ўсё можна паказаць, але фільм стаўся для мяне вельмі асабістым праектам.

Я пабачыў свайго героя — папу Бо — бесшабашным рамантыкам, і менавіта гэта намагаўся падкрэсліць у сваёй стужцы. Ён не спыняецца, і нібы птушка Фенікс паўстае з попелу, як, дарэчы, і яго кантролер…

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: