Пераслед, забарона, зняволенне: Беларускі ПЭН выклаў гадавую справаздачу парушэнняў культурных правоў у Беларусі

Культура
Друкаваныя выданні, забароненыя да распаўсюджання ў Беларусі. Фота: https://penbelarus.org

Сфера культуры Беларусі знаходзіцца ў глыбокім крызісе, выкліканым дзяржаўным ціскам, цэнзурай і рэпрэсіямі, — піша Беларускі ПЭН у гадавой справаздачы парушэнняў культурных правоў у Беларусі за 2024 год. Культурныя інстытуцыі пазбаўляюцца прафесійных кадраў, кіраванне імі аддадзена лаяльным рэжыму людзям, якія часцяком не маюць профільнай адукацыі. Людзі творчасці сутыкаюцца з пераследам, маргіналізацыяй або вымушанай эміграцыяй.

Матэрыял падрыхтаваны на падставе абагульненых звестак, сабраных маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа на працягу 2024 года з адкрытых крыніц, а таксама праз асабістыя кантакты і непасрэдныя зносіны з дзеячамі культуры на ўмовах прыватнасці.

2024-ты – гэта трэці год утрымання ў зняволенні лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронцы і літаратуразнаўцы Алеся Бяляцкага і яшчэ як мінімум 103 палітзняволеных – дзеячаў культуры ў месцах пазбаўлення волі, а з улікам тых, хто адбывае пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі», – не менш за 168 чалавек на канец года. Гэта таксама больш за паўтара года рэжыму поўнай ізаляцыі (інкамунікада) дзеячаў культуры Максіма Знака, Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага, якія знаходзяцца ў зняволенні.

2024-ты – гэта год, калі былі затрыманыя ўдзельнікі рок-гурта «Nizkiz» – аўтары адной са знакавых песень беларускіх пратэстаў 2020 года – пасля іх вяртання з гастроляў, і наступныя адміністрацыйныя і крымінальныя працэсы былі адкрыты супраць іх. Адбылася хваля затрыманняў і ператрусаў сярод архітэктараў, дырэктараў івэнт-агенцтваў, вядучых акцёраў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (іх наступнае звальненне і пазбаўленне тэатра – аднаго з самых запатрабаваных у гледачоў – яго самых папулярных пастановак) і іншых дзеячаў культуры. Гэта звальненні з Музея традыцыйнай культуры ў Браславе, з кінастудыі «Беларусьфільм», з Універсітэта культуры і мастацтваў і іншых устаноў. Гэта далейшыя палітычна матываваныя выключэнні з творчых саюзаў.

Пераслед, забарона, зняволенне: Беларускі ПЭН выклаў гадавую справаздачу парушэнняў культурных правоў у Беларусі

Гэта трансгранічны пераслед дзеячаў культуры, які набірае абароты: завочны судовы працэс супраць незалежных даследчыкаў (паводле так званай справы «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай»); завядзенне крымінальнай справы супраць прадстаўнікоў Народных амбасад Беларусі і пераслед дзеячаў культуры ў эміграцыі за святкаванне Дня Волі, за ўдзел у выбарах у Каардынацыйны савет – крымінальныя справы, ператрусы, арышт маёмасці палітычных эмігрантаў. Гэта акты вандалізму ў дачыненні да беларускіх арганізацый у Вільні. Гэта прызнанне незалежнай тэатральнай трупы «Вольныя Купалаўцы» «экстрэмісцкім фарміраваннем»  і абвяшчэнне сямі былых акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, а таксама рэжысёра Аляксандра Гарцуева ўдзельнікамі гэтага «фарміравання». Гэта пагроза экстрадыцыі рэжысёра Андрэя Гнёта з Сербіі на запыт уладаў Беларусі.

Гэта новыя выпадкі палітычнай і ідэалагічнай цэнзуры: заўчаснае закрыццё ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры выставы, прысвечанай 100-гадоваму юбілею Васіля Быкава; часовае прыпыненне ў Палацы мастацтваў выставы «1,10 квадрата», прымеркаванай да 110-годдзя «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча; зняцце прац шэрагу мастакоў з экспазіцыі «Арт-Мінск 2024»; адмена тэатральнай пастаноўкі праз рашэнне Грамадскага савета па маральнасці. Гэта закрыццё найбуйнейшых адукацыйных цэнтраў, далейшая прымусовая ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Гэта прызнанне «экстрэмісцкімі матэрыяламі»  яшчэ 19 кніг, у тым ліку твораў Паўла Севярынца, зняволенага з чэрвеня 2020 года; YouTube-канала паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча пра беларускую літаратуру, а таксама YouTube-канала і сацыяльных сетак праекта пра беларускую культуру Мікіты Моніча – мастацтвазнаўцы, звольненага ў 2020 годзе з Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі паводле палітычных матываў. Прызнанне «экстрэмісцкімі» тэксту песні «Не быць скотам» і відэакліпа на яе гурта «Ляпіс Трубяцкі» (у аснове песні – верш народнага паэта БССР Янкі Купалы «Хто ты гэткі?», напісаны ў 1908 годзе).

Гэта спіс з 35 найменняў забароненай Міністэрствам інфармацыі літаратуры, у якім большасць кніг тычыцца тэматыкі ЛГБТ і анімэ і выпушчана расійскімі выдавецтвамі.

Гэта новыя выпадкі разбурэння мясцін памяці і аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны, дыскрымінацыі беларускай мовы, пераследу за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі – бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня».

Гэта 30-годдзе кіравання Аляксандра Лукашэнкі і арганізаваныя да гэтай даты «ўрачыстасці», якія наглядна дэманструюць, як культура ператварылася ў інструмент абслугоўвання рэжыму. Гэта прызначэнне ў канцы года новага міністра культуры і дадзены яму Лукашэнкам наказ: «Або памерці, або навесці парадак у гэтай сферы».

Пераслед, забарона, зняволенне: Беларускі ПЭН выклаў гадавую справаздачу парушэнняў культурных правоў у Беларусі

У дзяржаўнай культурнай палітыцы маюць месца далейшая інстытуцыялізацыя рэпрэсій і ўзмацненне кантролю над сферай. Заканадаўства ў сферы культуры Беларусі мае рэпрэсіўны характар і не адпавядае стандартам рэалізацыі свабоды творчасці і культурных правоў. У 2024-м узмацнілі патрабаванні да атэстацыі экскурсаводаў, звузілі спектр дазволеных відаў дзейнасці для індывідуальных прадпрымальнікаў.

Адбываецца манапалізацыя гістарычнай праўды і маніпуляцыя тэмай «генацыду беларускага народа». Так, у школьную праграму ўведзены факультатыў «Генацыд беларускага народа», у якім праводзіцца паралель паміж калабарацыяністамі часоў вайны і пратэстоўцамі 2020 года. У снежні 2024 года Генеральная пракуратура прадставіла чацвёртае выданне кнігі з серыі «Генацыд беларускага народа. Карныя аперацыі. Частка 2», якая працягвае фармаванне афіцыйнай версіі гісторыі.

У 2024 годзе працягнуўся пераслед за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі – бел-чырвона-белага сцяга, герба «Пагоня» і лозунга «Жыве Беларусь!», цяпер пераважна за іх распаўсюджанне ў анлайн-прасторы.

Расійска-беларуская культурная інтэграцыя працягвае паглыбляцца праз шматлікія супольныя праекты і мерапрыемствы. У 2024 годзе былі падпісаны новыя пагадненні і мемарандумы паміж культурнымі і адукацыйнымі ўстановамі дзвюх краін; арганізаваны супольныя відэамасты школьнікаў; укаранёны новыя навучальныя дапаможнікі, распрацаваныя разам з расійскімі спецыялістамі; працягнулася праца над стварэннем адзіных падручнікаў.

У Гродне адкрыўся чацвёрты філіял Расійскага цэнтра навукі і культуры.

Сфера культуры Беларусі знаходзіцца ў глыбокім крызісе, выкліканым дзяржаўным ціскам, цэнзурай і рэпрэсіямі. Культурныя інстытуцыі пазбаўляюцца прафесійных кадраў, кіраванне імі аддадзена лаяльным рэжыму людзям, якія часцяком не маюць профільнай адукацыі. Людзі творчасці сутыкаюцца з пераследам, маргіналізацыяй або вымушанай эміграцыяй. Дзеячы культуры, якія трапілі ў «чорныя спісы», не могуць працаўладкавацца ў дзяржаўных установах, а любая асацыяцыя з пратэстамі 2020 года робіцца прычынай забароны на ўдзел у фестывалях, канцэртах і выставах. Выкарыстанне беларускай мовы можа стаць падставай для падазрэнняў з боку спецслужбаў.

Дзяржаўная культура – шмат у чым адно вялікае ідэалагічнае мерапрыемства з мілітарысцкай эстэтыкай, а ўдзел у міжнародных конкурсах і фестывалях цяпер прадугледжвае краіны СНД, а не Еўропы. Установы культуры і адукацыі ператвораны ў інструменты прапаганды, дзе супрацоўнікаў і студэнтаў не толькі прымушаюць да ўдзелу ў дзяржаўных мерапрыемствах, але і выкарыстоўваюць як масоўку для гэтых акцый. Сегмент «дазволенай культуры» на сёння вельмі вузкі, і асноўная пляцоўка для незалежнай творчасці – падполле.

Цалкам вынікі маніторынгу можна паглядзець на сайце Беларускага ПЭНа.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости