«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе

Главное
Ганс Астапенка. Tryzub Interpretation. 2023. На заднім плане: Данііл Шуміхін. Непрыкметны дом. 2022. Фота: Андрэй Дурэйка.

У Дзюсельдорфе ў галерэі AURA адкрылася выстава «АГУ УРА. Украінскае мастацтва з Паўночнага Рэйна-Вестфаліі» пад куратарствам беларускага мастака і даследчыка Андрэя Дурэйкі.

Некаторыя з сямі ўкраінскіх удзельнікаў выставы, якія жывуць на тэрыторыі гэтай нямецкай зямлі, пераехалі даўно, некаторыя нядаўна, нехта з іх яшчэ вучыцца, а хтосьці ўжо праявіў сябе як сталы майстра… Якой логікай кіраваўся куратар у падборы аўтараў? Якая аўра ўкраінскага мастацтва праяўляецца ў нямецкім кантэксце? І што азначае гэтая дзіўная кароткая назва?

Усё гэта паспрабавалі высветліць у гутарцы з Андрэем Дурэйкам, які жыве ў Дзюсельдорфе з 1998 года.

«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе
Від экспазіцыі выставы «АГУ УРА. Украінскае мастацтва з Паўночнага Рэйна-Вестфаліі». Фота: Андрэй Дурэйка.

— Андрэй, як так атрымалася, што беларускі куратар займаецца прэзентацыяй украінскага мастацтва?

— У канцы лютага мы з групай украінскіх, нямецкіх і беларускіх куратараў на базе платформы antiwarcoalition.art зладзілі выставу ў Дзюсельдорфе пад назвай «Nicht Unser Krieg» — «Не наша вайна». І на яе адкрыцці да мяне звярнуліся мастакі дзюсельдорфскай галерэі AURA Kunstraum з ідэяй зрабіць украінскую выставу. Я паабяцаў дапамагчы.

Пасля з’явілася ўдакладненне, што трэба выбраць украінскіх мастакоў, якія жывуць у Паўночным Рэйне-Вестфаліі.

Гэта істотна ўскладніла маё куратарскае заданне, таму што калі я пагаджаўся на гэтую прапанову, то думаў пра творцаў, якіх я ведаю даўно і чыё мастацтва мне падабаецца, без геаграфічных абмежаванняў.

Аднак задача падалася мне цікавай, бо тут я мог выкарыстаць свой досвед наладжвання кантактаў і пабудовы сеціва беларускага мастацтва за мяжой. Магчыма, таму да мяне і звярнуліся.

Да таго ж за апошнія паўтары гады я прымаў удзел у чатырох праектах, звязаных з украінскім мастацтвам. «АГУ УРА» — пяты.

Часу было няшмат, даволі складана за месяц знайсці людзей, якія б пасавалі да канцэпту галерэі AURA і адпавядалі ўсім крытэрыям. Праз свае кантакты і праз звароты да ўкраінскіх культурніцкіх інстытуцый я знайшоў 22 аўтараў, вельмі розных: ад класічных савецкіх акадэмістаў да людзей, якія працуюць з новымі медыямі. Паралельна я спрабаваў знайсці ўкраінскіх куратараў для гэтага праекта.

Я зрабіў прэзентацыю для будучай экспазіцыі, і прадстаўнікі галерэі засталіся ёй задаволеныя, таму прапанавалі мне курыраваць гэты праект. Тады і пачалася праца па выбудоўванні выставы.

У выніку я выбраў сем творцаў.

«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе
Від экспазіцыі выставы «АГУ УРА. Украінскае мастацтва з Паўночнага Рэйна-Вестфаліі». Фота: Андрэй Дурэйка.

— Канцэпт гэтай выставы, як я разумею, акрэсліваецца словамі з назвы «АГУ УРА»… Якім чынам? Што азначаюць гэтыя словы?

— Праца з кантэкстам, са словам заўсёды была вельмі важная для мяне. Спачатку гэтая назва была працоўнай — як эмацыйны пароль, а пасля падалася мне даволі адпаведнай. Я праглядаў творы ўдзельнікаў і знаёміўся з канцэптам галерэі. Яе назва AURA мяне зачапіла. З гэтай гульні слоў і з’явілася «АГУ УРА». І я пакінуў украінскую версію, што яшчэ больш прываблівала тутэйшых.

«Агу» — гэта пошук адно аднаго, так мы крычым у лесе, калі заблукалі, так украінцы звяртаюцца да дзіцяці. Яшчэ нагадаю, што куратарства з лаціны перакладаецца як апякунства, і адна з задачаў праекта мела сацыяльны характар: дапамагчы прагучаць сучаснаму ўкраінскаму мастацтву і пашырыць кантакты.

Іншае слова — «Ура» — азначае баявы кліч або ўсхваленне.

Гэтыя два словы акрэсліваюць сённяшнія эмацыйныя арэлі, і паміж імі ствараецца сэнс для пабудовы прасторы выставы.

А на заднім плане мільгаціць гэта слова «аўра» — як святло, як німб украінскага духу, які сёння праяўляецца і ў Нямеччыне.

«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе
Від экспазіцыі выставы «АГУ УРА. Украінскае мастацтва з Паўночнага Рэйна-Вестфаліі». Фота: Андрэй Дурэйка.

— Украіна сёння, як і ўкраінскае, напэўна, мастацтва, асацыюецца найперш з вайной… Ці шмат такіх твораў на выставе?

— Мне было вельмі важна праз гэту выставу даць рэфлексію не столькі на вайну, бо такіх выставаў сапраўды сёння вельмі шмат, а сярод іх мноства просталінейных і плакатных, колькі ўвайсці ў новы трэнд — прамаўляць пра мастацтва. Для мяне здаецца вельмі важным пытанне «За што ідзе вайна?». Важна падкрэсліць, што калі мы цяпер за нешта змагаемся, то выніковым этапам гэтага змагання становяцца адбіткі культуры, мастацтва як такое. Што застаецца пасля змагання? Культура, нацыя. А мастацтва — адзін з найважнейшых элементаў, які стварае нацыю. Таму нават у часы вайны вельмі важна працягваць працаваць на тэму мастацтва.

З іншага боку, вельмі важна не забывацца, што вайна калі-небудзь скончыцца.

— Як адбываўся адбор аўтараў на выставу? Якія былі крытэрыі?

— Я спрабаваў знайсці мастакоў, якія размаўляюць на сучаснай мове. Аднак я быў абмежаваны тэрыторыяй Паўночнага Рэйна-Вестфаліі, таму выбар ускладніўся.

Яшчэ пры адборы прац я спрабаваў паказаць украінскае мастацтва як частку еўрапейскага. Бо да вайны ў Еўропе было шмат стэрэатыпаў што да ўкраінскага, што да беларускага мастацтва. Меркавалася, што мы бліжэй да Расіі, чым да Еўропы.

— Калі не вайна, то якія тэмы цяпер уздымаюць мастакі, якія працуюць у полі сучаснага мастацтва?

— Сёння немагчыма зусім адвярнуцца ні ад кантэксту вайны, ні ад разважанняў пра палітычную будучыню. Але ў гэтай выставе мы спрабавалі больш думаць пра пластыку, якая выбудоўвае новую рэчаіснасць і вядзе з сучаснасцю дыялог з пазіцыі мастацкага бачання і творчага ўзаемадзеяння, ствараючы асаблівую атмасферу, аўру. І ў такім стаўленні мастацтва мае, безумоўна, не толькі эстэтычныя мэты, але і сацыяльныя і нават стварае тэрапеўтычны эфект.

«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе
Ганс Астапенка. Дормундт. 2023. Фота: Андрэй Дурэйка.

Напрыклад, Ганс Астапенка (Ганс Остапенко) у сваіх творах здзяйсняе канкрэтныя інтэрвенцыі ў гарадскім асяродзі, гэта такі аб’ёмны стрыт-арт. Ён шмат працуе з платамі, якія ўвесь час нагадваюць прa межы, а ён гэтыя межы пераадольвае. Ён праразае нейкія элементы, ствараючы выхад ад абмежаванай банальнасці ў новыя прасторы, поўныя правакацыі і іроніі.

«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе
Данііл Шуміхін. Непрыкметны дом. 2022. Фота: Андрэй Дурэйка.

Данііл Шуміхін (Данііл Шуміхін) таксама стварае канструктыўныя аб’екты, але скульптурныя і архітэктанічныя. Ён расказваў, што амаль ва ўсіх сваіх працах рэагаваў на асяроддзе роднага Херсона — праз архітэктуру і футурыстычную пластыку. І тут, у Мюнстэры, ён звярнуў увагу на дом з дзіўнымі канструкцыямі, і аказалася, што гэта адзін з найстарэйшых будынкаў у горадзе з фахверкам — дом майстроў, які захаваўся з 1592 года і перажыў бамбардыроўку 1944. Яго нехта набыў і хацеў зносіць, але горад выкупіў і цяпер бярэцца за рэстаўрацыю. І гэты стан будоўлі падштурхнуў мастака да ставрэння манумента канструкцыі, якая трымае сцяну, яна вельмі нагадвае авангардныя архітэктоны.

 

«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе
Аглая Нагіна. Terra. Memoria Mundi. 2023. Фота: Андрэй Дурэйка.

Аглая Нагіна (Аглая Ногіна) закончыла Кіеўскую Акадэмію мастацтваў, а цяпер вучыцца ў Дзюсельдорфскай. Яна пераглядае свой свой ранейшы падыход да графікі, які яна выпрацавала яшчэ ва Украіне, і шукае новую стылістыку. У гэтых новых працах яна ўсё болей выкарыстоўвае простыя формы і геаметрычныя элементы. На выставу яна прапанавала пяць новых вялізных прац на тэму зямлі. Успамінаў пра зямлю. Яны выклікаюць розныя асацыяцыі — ад вулканаў да цела кабеты, і адлюстроўваюць унутраны стан мастачкі: з аднаго боку, чалавек мае ўспаміны пра сваю зямлю, а з іншага, вымушаны апрацоўваць новую глебу і будаваць на ёй падмурак.

«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе
Справа: Нікіта Серада. Blood and Tears. 2023. Злева: Максім Дутка. Self-Portrait.Фота: Андрэй Дурэйка.

Нікіта Серада (Нікіта Середа) яшчэ вучыцца ў мастацкай акадэміі, у мастацтва ён прыйшоў з фэшн-індустрыі. Ён займаецца фатаграфіяй і знайшоў для сябе спецыяльную тэхніку друку, якая хутчэй нагадвае акварэль. Мікіта фатаграфаваў маладых людзей яшчэ перад нападам Расіі. І цяпер паспрабаваў зрабіць партрэты гэтых людзей, якія быццам зазірнулі ў будучыню. Творы — даволі трагічныя, з дамінуючай чырвона-чорнай гамай і вольнай дэфармацыяй.

«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе
Максім Дутка. Self-Portrait. 2023. Фота: Андрэй Дурэйка.

Як куратар я заўсёды спрабую ў сваіх экспазіцыях выбудоўваць дыялогі і выяўляць сувязі паміж творамі, не толькі тэматычныя, але і фармальныя. Наступны аўтар — Максім Дутка (Максим Дутка) — таксама працуе з фотаздымкамі людзей, якія рабіў да свайго ад’езду ў Нямеччыну. Але паспрабаваў гэтыя партрэты нацягнуць на іншую форму і перавесці ў іншы матэрыял, ствараючы керамічныя аб’екты. Гэта такі сюррэалістычны падыход, ясна, што немагчыма ператварыць адну форму ў іншую без скажэнняў. Таму атрымліваюцца такія кубістычныя заломы, збіўкі. І мне гэтая ідэя: зламаць і трансфармаваць фатаграфічны натуралізм і перавесці яго ў скульптуру, падалася вельмі цікавай.

«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе
Юлія Прыс. Inbetween. 2022/23. Фота: Андрэй Дурэйка.

Словы «Агу, ура» ў назве выставы — амаль абстрактныя, як гук, як крык, які людзі выдаюць, калі нешта цяжка выразіць. Таму я хацеў адшукаць працы, звязаныя з сучаснымі медыя, створаныя на мяжы жанраў. І мне пашанцавала знайсці такіх мастачак, як Юлія Прыс (Юлія Прісс) і Вольга Чэкатоўска (Ольга Чекотовська).

Юлія стварае перформансы і працуе з музыкай. Таксама яна зрабіла да перформансу скульптуру з лёду, у якой змясціла ноты з металу. Паступова лёд растае, ноты плывуць і распадаюцца, і змяняецца характар музыкі, якую выконваюць дзве скрыпачкі. Пасля ў экспазіцыі застаецца толькі відэа.

«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе

«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе

«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе
Вольга Чэкатоўска. Пазваночнік: фармаванне. 2023. Фота: Андрэй Дурэйка.

Працы Вольгі Чыкатоўскай найбольш звязаныя з вайной. Яе сябра на фронце і дасылае ёй відэа, якія яна інтэгруе ў свае інсталяцыі побач з уласнымі паляроіднымі здымкамі. Большасць матываў пра сланечнікі — традыцыйны нацыянальны сімвал, але варыяцыі і шматлікія інтэрпрэтацыі медыяінсталяцыі ў спалучэнні з жорсткай металічнай канструкцыяй ствараюць атмасферу, далёкую ад банальнага штампу.

Галерэя AURA размешчана паміж двума вокнамі. Тут паўстае яе канцэпт мастацтва паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам. І мне вельмі хацелася, каб вокны заставаліся адкрытымі, але Вольга замуравала гэтую шыбу ў сад і размясціла там свае відэапрацы. Летні садок — вельмі рамантычны, надта ідэалістычны і каляровы, у адрозненне ад жорсткай рэчаіснасці.

Так што фота і відэа як бы пераўтвараюцца ў вокны, якія дазваляюць нам бачыць сапраўдную Украіну амаль што ў рэальным часе.

Увесь гэты час я адкрываў для сябе вельмі цікавых масткоў, якія маюць паралелі з маёй творчасцю ці з маім мастацкім інтарэсам. І мне здавалася, што ў нейкім сэнсе я магу маўчаць, бо іх працы і так выкажуць мае думкі.

— Дарэчы, вы ж спачатку не хацелі быць куратарам выставы ўкраінскіх мастакоў?..

— Так, напачатку я казаў прадстаўнікам галерэі, што ў нейкім сэнсе гэта правакацыя з іх боку — запрасіць беларуса ладзіць украінскую выставу. Аднак у выбудоўванні камунікацыі вельмі дапамагла беларуская мова, не трэба было адно аднаму нешта перакладаць, і нават паўставала дзіўнае пачуццё пастаяннага адкрыцця ад магчымасці разумення іншай мовы.

— З апісання гэтых твораў становіцца зразумела, што мастакоў яднае пазіцыя не эскапізму, а пераасэнсавання і развагаў пра тое, што будзе пасля вайны…

— Цяпер адчуваецца вельмі вялікая прысутнасць украінскага мастацтва ў Еўропе, падкрэсліванне таго, што ўкраінскае мастацтва вартае, яно мае свой асабісты досвед, яно пра сучаснасць і ў яго ёсць будучыня. І ва Украіны ёсць будучыня. Ёсць адчуванне таго, што разам з ёй ва ўсёй Усходняй Еўропе магчымыя вялікія перспектывы.

Таму цяпер усім патрэбна мяняць оптыку, і тут умоўная куратарская праца вельмі важная.

Праз 5-10 год мы ўбачым зусім іншы патэнцыял украінскага мастацтва, і я мушу сказаць, што гэта, безумоўна, адзін з пазітываў гэтай сітуацыі, нягледзячы на ўсю трагедыю вайны.

«Паміж хаосам вуліцы і райскім садочкам»: мастак Андрэй Дурэйка стаў куратарам украінскай выставы ў Дзюсельдорфе
На адкрыцці выставы прысутнічала Генеральная консулка Украіны ў Дзюсельдорфе Ірына Шум (злева). Перформанс Юліі Прыс «Inbetween I» з удзелам Джэ А Шын і Катарыны Кох. Фота: Андрэй Дурэйка.

— А для беларускага мастацтва можна знайсці пазітыў у нашай мігранцкай сітуацыі?

— Мы, на жаль, страцілі той карт-бланш, які мелі ў 2020 годзе. За паўтары гады вельмі змянілася стаўленне да Беларусі. Калі Украіна мае імідж са знакам плюс, то Беларусь, як і некалі раней, са знакам мінус. Хоць кансэлінг культуры ў Нямеччыне не працуе: у верасні ў Дзюсельдорфе будзе велізарная выстава Суціна; Kaiserring — адна з найважнейшых узнагарод для масткоў, будзе ўручана Захараву і Альберту, расійскім канцэптуалістам, яны, праўда, даўно жывуць у Нямеччыне, аднак беларусы будуць сутыкацца з абмежаваннямі як прадстаўнікі краіны-агрэсара, у адрозненне ад украінцаў, якім будуць адкрывацца ўсё болей дзвярэй.

Хоць нам цяжка працаваць без інстытуцый. Ва ўкраінскага мастацтва больш перспектыў, бо іх дзяржаўныя і грамадскія інстытуцыі працуюць на карысць Украіны па ўсім свеце. А мы яшчэ толькі пачынаем ладзіць свае новыя інстытуцыі, ствараем незалежныя беларускія фундацыі і рэзідэнцыі, і гэта доўгая і велізарная праца.

Аднак нягледзячы на ўсе гэтыя факты, я гляджу ў будучыню з аптымізмам.

Многія мастакі майго пакалення трыццаць гадоў таму былі выціснутыя за мяжу, і сёння мы маем тры дзясяткі творцаў, якія актыўна працуюць у Еўропе.

Праз дзесяць год тыя сотні і тысячы маладых людзей, якія сёння выехалі і вучацца ў добрых еўрапейскіх школах, пакажуць вынік. Бо цяпер яны не сядзяць у сваіх хатах, плаваючы ва ўласных штучна створаных міфалогіях і рэаліях цэнзуры. Сённяшняя сітуацыя зусім іншага маштабу. Досвед рэпрэсій, памножаны на вопыт вайны і шырака адчыненыя дзверы ў сусветную прастору, дадуць свой плён.

Гэта заўсёды пытанне: уваходзіць у творчасць праз траўму або мець спрыяльнае цывілізаванае асяроддзе, дзе ёсць гранты, стыпендыі і выдатныя школы.

Розныя людзі па-рознаму будуць на яго адказваць, але ў мяне ёсць аптымістычны погляд, што менавіта гэтыя людзі і зробяць нашу прастору цывілізаванай і еўрапейскай.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: