Беларускі ПЭН апублікаваў хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за другую палову снежня. Людзей слова ў няволі – не менш за 32, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 152.
Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
Спявачцы Кацярыне Цэван прысуджана 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Кацярына Цэван затрымана за спяванне гімна на словы Наталлі Арсенневай «Магутны Божа» на прыступках мінскай філармоніі ў жніўні 2020-га.
Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры
1. Паэта і барда Сяргея Чарняка асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Гэта паўторнае затрыманне, першы раз яго затрымалі з катаваннямі на пачатку снежня на працоўным месцы, тады ў судзе ў Сяргея Чарняка здарыўся сардэчны прыступ, хуткая дапамога павезла яго ў кардыялагічнае аддзяленне.
2. Блогер Алесь Сабалеўскі не выйшаў на волю пасля 10 сутак адміністрацыйнага арышту. На яго быў складзены новы адміністрацыйны пратакол паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў), так суды інтэрпрэтуюць падпіскі на незалежныя СМІ). Алесь Сабалеўскі вядомы сваім блогам пра падзеі культурніцкага і грамадскага жыцця ў Магілёве.
3. У Браславе Віцебскай вобласці дырэктарку браслаўскага Музея традыцыйнай культуры Элеанору Зінкевіч асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, яе мужа таксама арыштавалі на 15 сутак. На 15 сутак асудзілі майстра музейнага аб’яднання Людмілу Рулевіч з мужам. Падчас ператрусаў у музейных супрацоўнікаў знайшлі кнігі па гісторыі Беларусі і дакумент, на якім стаіць пячатка з выявай старажытнага герба «Пагоня».
4. Затрыманы ў Мінску вядоўца святаў Сяргей Туманаў, які ўдзельнічаў у пратэстах супраць фальсіфікацыі 2020 года.
Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
1. У Віцебску на 3700 рублёў (1117 долараў) аштрафаваны Аляксандр Павалоцкі за фотаздымак з бел-чырвона-белым сцягам у сацыяльнай сетцы Instagram.
2. За бел-чырвона-белыя стужкі на працоўным месцы затрыманы дзве супрацоўніцы швейнай фабрыкі «Элема».
3. У Лідзе затрымалі інжынера-праграміста, у кватэры якога знайшлі калядную ялінку, упрыгожаную шарамі з надпісам «Жыве Беларусь!».
4. На мяжы пры заездзе ў Беларусь затрымалі Дзмітрыя Федаровіча. У яго тэлефоне супрацоўнікі спецслужбаў знайшлі фотаздымкі з бел-чырвона-белым сцягам.
Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных
У Магілёве ў турме № 4 палітзняволенага мастака Генадзя Драздова шмат разоў змяшчалі ў карцар. Стан здароўя вязня моцна пагоршыўся, у яго вельмі высокі ціск, а належных медыкаментаў адміністрацыя не выдае. Генадзь Драздоў – мастак, кіраўнік ліквідаванай творчай суполкі «Пагоня». Быў затрыманы ў жніўні 2022 года і асуджаны на 3 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Рэпрэсіі ў дачыненні людзей слова, якія выехалі з Беларусі
Улады пагражаюць канфіскаваць мінскую кватэру пісьменніцы, лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, дзе засталіся рукапісы і дзённікі. Пісьменніца кажа, з кватэры ўдалося вынесці нобелеўскі медаль.
Рэпрэсіі ў сферы кнігавыдавецтва
1. У стадыі ліквідацыі знаходзіцца выдавецкі дом «Віта», які выпусціў кнігу для сексуальнай асветы дзяцей.
2. У 2024 годзе перастане выходзіць літаратурны часопіс «Дзеяслоў», які быў заснаваны ў 2002 годзе і з таго часу выходзіў кожныя два месяцы. У часопісе публікаваліся творы беларускіх і замежных аўтараў, усяго выйшла 127 нумароў.
Звальненні дзеячаў мастацтва з устаноў культуры
З Мінскага абласнога драматычнага тэатра звольнілі мастацкага кіраўніка Валерыя Анісенку. Сярод яго пастановак – спектакль «Чарнобыльская малітва» паводле кнігі Святланы Алексіевіч, які знялі з рэпертуару ў 2021 годзе.
Закрыццё культурніцкіх прастор
У Гродне зачынілася беларускамоўная дзіцячая крама «Шустры вожык», якая адначасова дзейнічала як культурніцкая прастора.
Цалкам хроніку можна паглядзець тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: