XI Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі, які мусіць прайсці з 22 па 24 верасня ў Гданьску, вяртаецца да першапачатковага фармату. Як паведаміў аргкамітэт форуму, яму ўдалося пераадолець фінансавыя цяжкасці і пазбегнуць пераводу часткі праграмы ў анлайн-рэжым.
«У папярэднім публічным звароце мы паведамілі пра складаную сітуацыю, якая паўстала з фінансаваннем Кангрэса, у сувязі з чым было прынятае няпростае рашэнне пра перавод некалькіх секцый Кангрэса (культурніцкай скіраванасці) у анлайн-рэжым, — звярнуўся сёння аргкамітэт Кагрэсу да ўдзельнікаў форуму. — Гэта рашэнне выклікала публічную дыскусію і хвалю падтрымкі ў бок Арганізацыйнага камітэта.
Мы шчыра ўдзячныя ўсім, хто звярнуўся з прапановамі дапамогі, бо выявілася, што Кангрэс – гэта сапраўды важная з’ява для беларускай навукі, для беларускага грамадства, для нашай супольнасці.
Мы рады абвесціць, што прапанаваная дапамога дазваляе нам вярнуць усе секцыі ў звычайны рэжым. Выбачаемся, што сітуацыя склалася такім складаным чынам, але спадзяемся і на аднаўленне працы ўсіх секцый і панэляў, як гэта было першапачаткова запланавана».
Нагадаем, што папярэдняе складанае рашэнне Кангрэсу аб пераводзе часткі секцый у анлайн-фармат — а гэта датычылася панэляў па філалогіі, гістарычнай і культурнай спадчыне, культуры і культурных даследаваннях — выклікала рэакцыю з боку даследчыцкай супольнасці. Навукоўцы напісалі зварот нязгоды з такой пазіцыяй.
Зараз сітуацыю ўдалося вырашыць.
Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі (International Congress of Belarusian Studies) — штогадовы акадэмічны і экспертны форум даследчыкаў Беларусі і рэгіёна Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ён быў заснаваны прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці ў 2010 годзе з мэтай інтэграцыі даследчыкаў і экспертаў у палітычнай, сацыяльнай і гуманітарнай сферах, спрыяння больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічных і грамадскіх асяродках краін рэгіёна і свету. Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй Беларусі, у працы якой прымаюць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследавання грамадства, палітыкі і культуры Беларусі.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: