Навукоўцы напісалі адкрыты ліст да арганізатараў Кангрэса даследчыкаў Беларусі з нагоды яго частковага пераводу ў анлайн-фармат

Культура

Арганізатары Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, запланаванага на верасень гэтага года, паведамілі, што з-за недастатковага фінансавання частка панэляў будзе праходзіць анлайн — па філалогіі, гістарычнай і культурнай спадчыне, культуры і культурным даследаванням.

Таццяна Астроўская і Таццяна Арцімовіч, беларускія даследчыцы, нягледзячы на тое, што іх панэль засталася афлайн, вырашылі задаць пытанні арганізатарам Кангрэса і прапанавалі альтэрнатыўныя рашэнні.

Публікуем гэты ліст, выкладзены на Facebook са скарачэннямі.

«Добры дзень, паважаныя арганізатары Кангрэса!

Дзякуй за Вашую працу, якая асабліва зараз падаецца вельмі важнай і, напэўна, як ніколі запатрабаванай сярод беларускіх даследчыц і даследчыкаў. […] Цікавасць да Кангрэса (і яго значная роля ў развіцці беларускай гуманітарнай, сацыяльнай і палітычнай навукі) пацвярджаецца і той колькасцю заявак, якія былі пададзеныя. А гэта зноў жа падкрэслівае важнасць той працы, што Вы паслядоўна і ўпарта робіце кожны год.

Вельмі шкада было чытаць, што нягледзячы на такія вынікі Кангрэс не атрымаў дастатковага фінансавання дзеля таго, каб магла бы быць забяспечаная паўнавартасная праца ўсіх панэляў. Нягледзячы на тэхнічныя дасягненні і дыгітальныя магчымасці, перавод шэрагу панэляў у анлайн-рэжым ёсць вельмі спрэчным выхадам з такой, безумоўна складанай, сітуацыі.

Па-першае, такое рашэнне прымушае задаваць пытанні аб празрыстасці прыняцця рашэнняў у дачыненні да арганізацыі Кангрэса і ўтварае штучную іерархію дысцыплінаў і даследчыкаў. Бо незразумелым застаецца, якімі крытэрамі кіраваліся арганізатары, вырашаючы, што менавіта гэтыя, а не іншыя панэлі павінны адбыцца анлайн. Вельмі хацелася б атрымаць дадатковую інфармацыю па гэтым пытанні. […]

Па-другое, існуе верагоднасць таго, што такое рашэнне найперш закране вучоных, што знаходзяцца і працуюць у Беларусі. […]

Больш за тое, у выпадку, калі мы выключаем частку калегаў, не даючы ім магчымасць прысутнічаць асабіста, гэта аўтаматычна ўплывае на якасць інтэрдысцыплінарнай дыскусіі, што, як вядома, вядзецца на Кангрэсе і за межамі асобных панэляў.

Па-трэцяе, зноў жа не зразумела, чаму рашэнне было прынята так хутка, без разгляду прыцягнення дадатковых магчымасцяў фінансавання. У тым ліку, і з боку саміх удзельнікаў, вялікая частка якіх працуе ў заходніх універсітэтах і даследчых інстытуцыях, мае магчымасці і, мы ўпэўненыя, будзе гатовая падтрымаць сваіх калег. Частка з іх, напрыклад, мае альтэрнатыўныя магчымасці прафінансаваць свой удзел. Такім чынам, бюджэт мог быць быць перанакіраваны тым, каму ён найбольш патрэбны. У дадатак ёсць праграмы мабільнасці, напрыклад, MOST. Акрамя таго, можна было б арганізаваць краўдфандынг менавіта для вучоных з Беларусі.

Іншымі словамі, нам хацелася б звярнуць Вашую ўвагу, што гэта не проста арганізацыйнае рашэнне (і абурэнне сярод колаў удзельніц і ўдзельнікаў таму прыклад), але рашэнне, якое ў доўгатэрміновай перспектыве можа адбіцца як на на будучыні Кангрэса, так і на будучыні сацыяльных, палітычных і гуманітарных даследаванняў Беларусі ў цэлым.

З гэтай прычыны мы просім Вас перагледзець рашэнне і зрабіць працэс больш адкрытым і празрыстым, будуючы яго на прынцыпах салідарнасці, адкрытасці і падтрымкі, замест будавання новых межаў унутры беларускай навукі […

У каментарах да ліста, апублікаванага на Facebook, пішуць, што вельмі важна, калі голас бярэ моцны бок (той, хто не быў выключаны з удзелу, не быў пераведзены ў анлайн-фармат). Бо гэта паказвае салідарнасць навуковых колаў і неабыякавасць да самога праекта, якім ёсць кангрэс, і да лёсу беларусазнаўства ў цэлым.

Поўны варыянт гэтага ліста дасланы арганізатарам Кангрэса.

Адказы на гэтыя пытанні пакуль не атрыманыя.

Reform.by будзе сачыць за далейшым развіццём падзей.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: