У калекцыйнай залі Нясвіжскага палаца працуе часовая экспазіцыя «Рэстаўратар. Журнал гісторыі мастацтва, тэорыі і рэстаўрацыі».
Выстава прысвечана нябачнай працы рэстаўратараў музея – унікальнаму даследчаму, тэхналагічнаму працэсу захавання культурнай спадчыны. Наведнікі могуць даведацца, як спецыялісты працягваюць жыццё музейным каштоўнасцям з дапамогай сучасных тэхналогій і навуковых методык, спалучаючы традыцыі і інавацыі.

Акрамя саміх адрэстаўраваных аб’ектаў – прадметаў побыту і рэлігійнага культу, ваеннага рыштунку і нават цацак, падрыхтавалі планшэты, на якіх паказваюцца асаблівасці рэстаўрацыйнай працы.
Рэстаўрацыйны аддзел Нясвіжскага музея-запаведніка ўключае ў сябе спецыялізаваныя майстэрні, якія займаюцца кансервацыяй і аднаўленнем музейных прадметаў для далейшага захавання і экспанавання. А таксама арганізуе спецыялізаваныя выставачныя праекты, якія асвятляюць «нябачную» працу майстэрняў для наведвальнікаў.

Мэта рэстаўратараў – не проста «зрабіць прыгожа», а спыніць старэнне матэрыялу, падоўжыць жыццё твора мастацтва на стагоддзі.

Галоўны прынцып працы рэстаўратара – поўная незаўважнасць слядоў умяшальніцтва майстра. Існуюць пэўныя правілы, якіх рэстаўратар музейных прадметаў павінен прытрымлівацца – гэта прынцып адрознасці і прынцып абарачальнасці. Гэта значыць, усё, што робіць рэстаўратар, пры неабходнасці можа лёгка выдаліць, не закранаючы сапраўднай аўтарскай паверхні, а рэстаўрацыйныя праўкі павінны адрознівацца ад аўтарскага слоя.

Трэба валодаць вялікім майстэрствам, каб зрабіць рэстаўрацыыйныя ўмяшальніцтвы абсалютна не адрознымі для гледача, але вышэйшы пілатаж у гэтай прафесіі, калі рэстаўратар на вельмі тонкіх нюансах праводзіць ледзь прыкметную, але выразную розніцу паміж сваімі праўкамі і аўтарскай паверхняй, аднаўляючы пры гэтым цэласнасць успрымання некалі пашкоджанага твора.

Выстава будзе працаваць па 15 лістапада.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
