Лета 2025 насычана беларускімі падзеямі, у яго зеніце паспець ва ўсе месцы будзе проста немагчыма. Затое імпрэзы можна адшукаць на любы густ: ад вясковых кірмашоў з арыгінальнай самадзейнасцю да эфектных рыцарскіх спаборніцтваў і вялікіх прадстаўнічых оўпэн-эйраў. Звярніце ўвагу, што на многія фэсты трэба набываць квіткі.
Сабралі самыя адметныя фэсты (выкінуўшы афіцыёз, накшталт «Славянскага базару», і папулярныя ў публікі оўпэн-эйры з Z-артыстамі) у розных вёсках, мястэчках, гарадах і краінах. У Беларусі, Польшчы і Германіі.

Шляхецкі фэст «Жамчужная зорка – палац Умястоўскіх»
Іўеўскі раён, вёска Жамыслаўль, Беларусь
7 чэрвеня
У Жамыслаўлі размешчаная палацава-паркавая рэзідэнцыя роду Умястоўскіх. Адзін з самых прыгожых радавых маёнткаў з’яўляецца паменшанай копіяй палаца з варшаўскага сядзібна-паркавага комплексу Лазенкі, рэзідэнцыі польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Варшаве.
У праграме фэсту чакаецца ўрачыстае адкрыццё «Вітаем знатных асоб і гасцей фэсту», дэфіле калекцыі адзення, канцэртная і музычна-танцавальная праграма «Мелодыі ў старадаўнім парку».
Фестываль SONCAHRAJ
Случанка і Тафілаўцы, Польшча
7 — 8 чэрвеня
Фестываль SONCAHRAJ – гэта сустрэча са спеўнай і музычнай традыцыяй беларусаў, а таксама нагода пазнаёміцца з рознымі элементамі творчай ды культурнай спадчыны нашых продкаў.
У межах Фестывалю пройдуць варштаты, канцэрты і патанцоўкі, дзе загучаць аўтэнтычныя беларускія спевы і традыцыйная музыка.

«Свята Сонца»
Пухавіцкі раён, Музейны комплекс «Дудуткі», Беларусь
14 — 15 чэрвеня
«Свята Сонца» — купальскі фолк-фэст з 10-гадзінным канцэртам. На сцэну выйдуць Іван Кірчук, Plemя, Дудараў, Гурман, KaS, Сарматы, fishtank, а таксама спецыяльны госць, імя якога арганізатары пакуль што трымаюць у сакрэце. На тэрыторыі комплексу пройдуць майстар-класы ад кавалёў, ганчароў і ткачоў, будуць працаваць кірмаш рамеснікаў і інтэрактыўная зона па матывах гульні «Вядзьмак». Увечары абяцаюць двухгадзіннае шоу агню і піратэхнікі і традыцыйныя купальскія забавы.
Фэст «JUNACTVA» ў Варшаве
Варшава, Польшча
18 чэрвеня
Прадзюсарская ініцыятыва INEX KULT запрашае на новую эдыцыю фэсту «JUNACTVA».
На сцэне Teatr Komuna Warszawa выступяць: Разбітае Сэрца Пацана, ili-ili, Света Бень і Галя Чыкіс.
Чакаюцца: гукавы і тэатральны абсурды, неверагодныя перформансы.

VARUŠNIAK
Варшава, Польшча
28 чэрвеня
На мінулагоднім фестывалі VARUŠNIAK дзённая частка імпрэзы была прызначана для сямейнага адпачынку (з 12:00 да 18:00), а ноч — для аматараў тэхна. Сёлета праграма яшчэ не выкладзена, але сачыць можна тут.
Мюнхеншчына-фэст
Нойбург-на-Дунаі, Германія
27 — 29 чэрвеня
Трохдзённы летнік для беларусаў у Германіі ўключае ў сябе воркшопы і імпрэзы, музыка і вогнішча, адпачынак з сэнсам. З акустычным канцэртам выступіць Лявон Вольскі.
Летні джазавы фестываль «Джаз у горадзе Н»
Нясвіж, Беларусь
4 — 5 ліпеня
«Джаз у горадзе Н» традыцыйна пройдзе пад адкрытым небам у самым сэрцы Нясвіжскага замка. 4 ліпеня будзе прэзентавана першая праграма «Гукі джазу». 5 ліпеня публіка пачуе канцэртную праграму «Сінатра-110», прысвечаную 110-годдзю з дня нараджэння легендарнага амерыканскага спевака, кінаакцёра, лаўрэата кінапрэміі «Оскар», адзінаццаціразовага лаўрэата музычнай прэміі «Грэмі» – Фрэнка Сінатры.

Будслаўскі фэст
Будслаў, Беларусь
5 ліпеня
Больш за чатыры стагоддзі паломнікі з розных гарадоў і краін прыходзяць у Будслаў, каб пакланіцца цудатворнай святыні – абразу Маці Божай Будслаўскай. Штогадовая ўрачыстасць шанавання ператварылася ў прыгожае духоўнае свята, якое збірае тысячы пілігрымаў.
Будслаўскі фэст уключаны ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА.
Фестываль абуджаных TUTAKA
Падляшша, Польшча
10 — 13 ліпеня
Ад пачатку Фестываль абуджаных TUTAKA задумваўся як прастора сучаснай беларускай культуры на Падляшшы, у рэгіёне, дзе спакон веку жывуць і захоўваюць сваю тоеснасць этнічныя беларусы. Пасля падзей 2020 года ў Беларусі фэст стаў месцам сустрэч беларусаў Падляшша і свету, усіх прыхільнікаў беларускай культуры. Месца правядзення — паляна Барык, дзе раней грымела слаўнае «Басовішча». Сэнс зусім новы. Фестываль Tutaka — гэта пляцоўка для самых разнастайных форм творчага дыялогу: ад канцэртаў, выстаў, кінапаказаў да творчых сустрэч, акцый і публічных дыскусій, што разам ствараюць унікальную карціну сучаснай беларускай незалежнай культуры і грамадзянскай супольнасці.

Міжнароднае свята «Вішнёвы фестываль»
Глубокае, Беларусь
18 — 19 ліпеня
У Глыбокім расце шмат вішнёвых дрэў. Традыцыя гэта пачалася з ХІХ стагоддзя, калі мясцовы селекцыянер Баляслаў Лапыр вывеў новы гібрыд вішні і чарэшні, устойлівы да суровых маразоў. І цяпер кожны год, як толькі ягады спеюць, жыхары Глыбокага праводзяць шумнае свята.
Сёлета на «Вішнёвым фестывалі» традыцыйна выберуць Каралеву, зладзяць конкурс баяністаў і арганізуюць вішнёвае вяселле на беразе Кагальнага возера. У планах ёсць нават забег вішнёвых слімакоў.
Фестываль прапануе не толькі атрымаць асалоду ад вішнёвых пачастункаў, але і прыняць удзел у разнастайных актыўнасцях.
Рэспубліканскі фестываль народнага гумару «Аўцюкі»
Вёска Вялікія Аўцюкі Калінкавіцкага раёна, Беларусь
19 ліпеня
Фестываль гумару «Аўцюкі» ладзяць з 1995 года. Яго адкрываюць цырымоніяй прымірэння «варагуючых» вёсак Малыя і Вялікія Аўцюкі (па іроніі Малыя трохі больш за Вялікія). Свята аб’ядноўвае ў сабе конкурс на самыя смешныя выступленні, вулічны гандаль і вячэрнюю дыскатэку.
Далучыцца да фестывалю можна абсалютна бясплатна.

Фестываль славы беларускай зброі «Наш Грунвальд»
Пухавіцкі раён, Музейны комплекс «Дудуткі», Беларусь
21 ліпеня
Фэст будзе прысвечаны вайсковай і свецкай сярэднявечнай тэматыцы, звычаям нашых продкаў. Арганізатары абяцаюць відовішчныя баі рыцараў, бугурты і манеўры, экстрэмальны конны турнір па правілах XV стагоддзя, сярэднявечны стрытфуд, рынак рамеснікаў, fire show і open air рок-канцэрт. Галоўнай падзеяй стане тэатралізацыя «Грунвальдскай бітвы» 1410 года.
Пікнік LTCŃ
Кракаў, Польшча
26 ліпеня
Фестывалю спаўняецца шэсць гадоў. На галоўнай сцэне «Пікніка» выступяць сем артыстаў, сярод іх — Domsun і Zui. На электроннай сцэне будуць танчыць пад музыку Papa Bo Selektah.
Галоўныя правілы ініцыятараў пікніку: рабіць як для сябе, рабіць бясплатным, рабіць нават калі стаміліся — бо ўсім нам трэба шчырае свята пасярод будняў.
Фестываль «Гальшанскі замак»
Вёска Гальшаны Ашмянскага раёна, Беларусь
2 жніўня
Штогадовы рэгіянальны фестываль «Гальшанскі замак» праводзіцца ля сцен былога замка Сапегаў. Гасцей фестывалю чакае насычаная і разнастайная праграма: конныя турніры, турніры лучнікаў, прадстаўленні вулічнага тэатра і конна-спартыўных клубаў, канцэртныя выступленні груп сярэднявечнай музыкі і многае іншае.
На пляцоўках ля сцен замка збяруць сваіх прыхільнікаў турніры рыцараў — адно з самых займальных відовішчаў свята. Тут можна будзе пастраляць з лука, пазмагацца на мячах, пакатацца на кані. Гасцям на працягу свята будуць прапанаваны майстар-класы па ганчарнай справе, кавальскім рамястве, фехтаванні, хаджэнні на хадулях і сярэднявечных танцах.
Свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст»
Мсціслаў, Беларусь
2 — 3 жніўня
Рыцарскі фестываль у Мсціславе традыцыйна плануюць на першыя выхадныя жніўня. У праграме — тактычныя бугурты (рыцарскія бітвы паміж дзвюма групамі), турніры лучнікаў і коннікаў, тэатралізаваны штурм замка, канцэрт, вогненнае шоу. Адкрыецца кірмаш майстроў і рамеснікаў, дзе можна будзе купіць кераміку, упрыгожанні, абярэгі, даспехі, хатнія напоі. Для тых, каму цікавей не купляць, а рабіць сваімі рукамі, пройдуць майстар-класы.
Міжнародны фестываль фальклору «Мотальскія прысмакі»
Вёска Моталь Іванаўскага раёна, Беларусь
9 — 10 жніўня
Свята «Мотальскія прысмакі» — гэта палескі гастрафестываль, які праводзяць з 2008 года. Гэтым разам ён пачнецца са святочнага шэсця ў выглядзе вяселля, працягнецца гандлем на галоўнай вуліцы аграгарадка. Побач з фермерскімі сырамі, каўбасамі, вэнджанай рыбай, блінамі і пірагамі будуць прадаваць вырабы ад мясцовых майстроў. Увечары ў Моталі пройдзе канцэрт, яго праграма яшчэ ўдакладняецца.
Далучыцца да свята можна бясплатна.

Іўеўскі памідор
Іўе, Беларусь
9 — 10 жніўня
Памідоры ў Іўі вырошчваюць у прамысловых маштабах, на падворках можна ўбачыць цяпліцы даўжынёй у некалькі дзясяткаў метраў. Таму кожны год да моманту паспявання памідораў тут арганізоўваюць вялікае свята.
Па вуліцах Іўя праходзіць тэатралізаванае шэсце, першы слоік памідораў урачыста закатваюць. Плюс да ўсяго — канцэрт, гандлёвыя палаткі, «памідорны дартс». І, вядома, дэгустацыі.
Фестываль сярэднявечнай культуры «Навагрудскі замак»
Навагрудак, Беларусь
9 жніўня
Пачынаючы з 2000 года, у перадапошнія выхадныя жніўня ў Навагрудку рэгулярна праводзіцца фестываль сярэднявечнай культуры. Ля падножжа Замкавай гары разбіваюць велізарны рыцарскі лагер, ладзяць рысталішча для коннікаў, ставяць свае палаткі рамеснікі.

«Вяргіні да дня нараджэння Міхала»
Сядзіба Агінскага ў вёсцы Залессе. Смаргонскі раён, Беларусь
23 жніўня
Фестываль мае гістарычную перадумову: у часы кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага тутэйшыя клумбы стракацелі рознымі колерамі. Сярод іх было нямала руж, але асаблівае месца адводзілася вяргіням – у Міхала Клеафаса было больш за 60 відаў гэтых кветак.
У праграме: тэатралізаваныя паказы; канцэрты творчых калектываў; праца тэматычных пляцовак; розныя конкурсы і гульні; праца фотавыставак; квэст па парку музея; тэатралізаваныя экскурсіі па сядзібе Агінскага.

MARA FEST
Сопат, Польшча
23 жніўня
Marafest, заснавальнікам якога з‘яўляюцца беларусы, пазіцыянуе сябе як фестываль розных культур. Яго ідэя — яднанне людзей, якія жывуць побач, без падзелу на нацыянальнасці. Упершыню Marafest адбыўся ў 2022 годзе — ён пазіцыянаваўся як фестываль свабодных беларусаў, якія падтрымліваюць народ Украіны.
Сёлета на фэсце будзе працаваць некалькі музычных сцэн. Хэдлайнерам фестывалю будзе музыка Parra for Cuva з Берліна. На сцэне маладых творцаў выступіць Анастасія Рыдлеўская.
Звычайна падчас фестывалю арганізуюць актыўныя зоны для дзяцей і дарослых, рынак майстроў.

Ганненскі кірмаш
Зэльва, Беларусь
22-23 жніўня
Асаблівасць Ганненскага кірмашу — у яго даўняй і яркай гісторыі. Традыцыі кірмашу ідуць з XVIII стагоддзя, калі ў 1720 годзе Сапегі атрымалі права праводзіць у Зэльве кірмаш, які стаў адным з самых буйных не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ва ўсей Еўропе.
Кірмаш быў прымеркаваны да дня Святой Ганны, таму і атрымаў сваю назву. Гандлявалі ў асноўным коньмі, таму помнік гэтай жывёле стаіць на галоўнай плошчы Зэльвы, выява каня ёсць і на гербе Зэльвы. Апошнія гады імпрэза праводзіцца як кірмаш рамёстваў з майстар-класамі народных умельцаў і падворкамі-інсталяцыямі зэльвенскіх арганізацый.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram