– Севярын, слова «каларады» паўстала падчас інтэрвенцыі Расіі ва Украіну вясной 2014 года. «Каларадская Пушча» – гэта сатыра на сучаснае ідэйнае супрацьстаянне ў нашым посткамуністычным рэгіёне Еўропы?
– Я думаю, адбылося гэткае містычнае супадзенне. Бо задумаў раман я значна раней, а назву са згоды аўтара ўзяў з прынта Артура Вакарава «Colorадская пушча» (цішоткі з ім з’явіліся ў 2012 годзе). Тое, што мастацкі жарт пра пушчу і каларадскіх жукоў, зразумелы толькі беларусам, загучаў актуальна і зразумела па-за межамі Беларусі, цалкам адпавядае ідэі кнігі.
Нашы грамадствы ў посткамуністычнай прасторы даўно цывілізацыйна падзеленыя ўнутры саміх сябе. У жыцці людзі з рознымі культурнымі кодамі перамяшаныя, а ў сваім рамане я іх развёў на розныя, але суседнія тэрыторыі. Менск і Горад-Герой жывуць побач, але з візавым рэжымам і мяжой, якая жорстка ахоўваецца.
– Па аналогіі з Берлінскім мурам?
– Падобна, але сутнасна інакш. У маім рамане людзі падзяліліся самі — без прамога ўплыву звонку, як было ў Нямеччыне з зонамі акупацыі.
– Полацкі гісторык і эсэіст Сяргей Шыдлоўскі адзначыў у сваім водгуку, што ваш раман – гэта найперш культурніцкі постапакаліпсіс.
– Мы жывём у культурніцкім постапакаліпсісе. Ваш сайт, мая кніга, іншыя незалежныя праекты — яны жывуць…
– У гета?
– У гета заганяюць сілай. А мы жывём на выспах, утвараем цывілізацыйныя архіпелагі. Як адны з маіх герояў. Толькі яны фізічна пакінулі Менск, каб не браць удзел у барацьбе тых, хто ім не блізкі паводле светагляду. Але ў горадзе засталося «Гета». З вялікай літары і ў двукоссі. Гэта пра нас з вамі ды іншых аўтараў непадцэнзурных праектаў. Мой тэкст у чымсьці антрапалагічны: розныя светаглядныя групы рэпрэзентаваныя ў гратэскнай форме, разведзеныя па сваіх асобных ячэйках.
– У вашым рамане людзі жывуць на рэальных, а не ўмоўных выспах: краіна апынулася пад вадой, з-за таго што ўзровень сусветнага акіяну ўзняўся на 199 метраў. Як вы выбіралі, што застанецца сушай?
– Ёсць сервіс, які дазваляе ўбачыць, як зменяцца абрысы сушы пры той ці іншай вышыні вады сусветнага акіяну, я ім скарыстаўся. Таму геаграфія будучыні пасля патопу даволі дакладная.
– Антураж твора вы акрэслілі як «вясёлы постапакаліспіс», фактычна ён фэнтэзійны. Для чаго гэта? Вы вялікі аматар фэнтэзі?
– Такі ход дазволіў мне змадэляваць сітуацыю, калі побач няма вонкавых сіл ні з Захаду, ні з Усходу. Мы адны і мусім штосьці рабіць самі з сабой. Ці супрацоўнічаць, ці разысціся і амаль не перакрыжоўвацца.
– У супрацьпастаўленне Менску вы стварылі «Горад-Герой». Чаму было не выкарыстаць ужо вядомы вобраз падзелу па лініі «Менск» і «Мінск»?
– На мой погляд, «Менск» і «Мінск» — а хутчэй ужо «Менск» і «Минск», з рускай «и» — гэта занадта тонка. Дый не так ужо актуальна. Расейскамоўныя менчукі вельмі актыўна бароняць беларускую мову ад пасягальніцтва савецкіх беларусаў-масквапаклоннікаў. Той жа «Савушкін» дзяўблі за беларусафобію акурат на расейскай мове.
У рамане іншае супрацьпастаўленне. «Горад-Герой» я ўзяў як сімвал фальшывай ідэалогіі. У саўку замест таго, каб шанаваць ахвяры, у тым ліку гераічныя ахвяры, трагедыю Другой Сусветнай вайны выкарыстоўвалі для псіхічнай падрыхтоўкі людзей да Трэцяй Сусветнай. Цяпер у Расеі гэта вылілася ў «можам паўтарыць!». А сучасная Беларусь? Што яна можа паўтарыць? Савецкая ідэалогія выглядае недарэчна. Яе фальш быў відавочным ўжо ў познім СССР, а цяпер дык гэта трагікамічны фальш.
– І каго ж вы ў выніку выселілі ў Горад-Герой? Яго жыхары ў вас часам паводзяць сябе пачварна, але часам і досыць сімпатычныя.
– Каб не спойлерыць, скажу, што жыхары Горада-Героя – гэта той самым вядомы ўсім з дзяцінства «просты народ». Хоць што такое просты народ у дваццаць першым стагоддзі, ніхто патлумачыць не можа. Гэта ў дзевятнаццатым было нескладана вызначыць: не маеш адукацыі – значыць просты. У БССР «просты» – гэта быў ідэалагічна афарбаваны рабочы ці селянін. А цяпер… Магчыма, гэта той, хто не хоча нічога паварочваць у сваім жыцці ў рэаліях, якія імкліва змяняюцца.
– Вы лічыце, што Менск і Горад-Герой маюць шанцы на паразуменне?
– Вядома!
– У вашай сатыры на Беларусь няма нават словаў «Беларусь» і «беларусы», няма звыклага для гэтага жанра ўвасаблення ў героях нейкіх вядомых у грамадстве асоб. Прэтэндуеце на ўніверсальнасць?
– Я сапраўды спадзяюся, што мой тэкст будзе зразумелы не толькі беларусам. Безумоўна, канадзец ці парагваец не счытаюць усе нюансы кнігі. Ды нават маладыя палякі ці чэхі, якія не памятаюць «савок», штосьці не зразумеюць. Але ж і мы так глядзім, напрыклад, амерыканскія фільмы, дзе шмат якая фактура нам незразумелая. Калі б я ўвёў у сюжэт сучасныя беларускія рэаліі, то давялося б шмат тлумачыць кантэксты, а яны хутка змяняюцца. Хоць атмасфера ў рамане, вядома, менская і — шырэй – беларуская, і для атмасфернасці некаторыя чыста беларускія рэчы трэба было пакінуць. Калі кніга будзе перакладацца, іх давядзецца тлумачыць у зносках. А ўвогуле мне здаецца, што той прыдуманы свет, які я стварыў для ўмоўнай будучыні праз трыццаць гадоў ад нашага часу, можа захапіць патэнцыйнага чытача ў любой краіне.
– Вашы калегі ў беларускай літаратуры даволі рэдка звяртаюцца да сатыры — як думаеце, чаму?
– Не ведаю. Гэта варта было б даследаваць нават не літаратуразнаўцам, а псіхолагам. Празмерная сур’ёзнасць уласцівая паўночным народам. Магчыма, суворы клімат адкладае адбітак на характар.
Кніга пакуль не выйшла цалкам, але працяг будзе. Больш падрабязна: «Каларадская Пушча».
***
Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка RFRM на Facebook, пакуль усе нашыя там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: