«Глыбокае пачуццё крыўды перашкаджае не толькі адаптавацца, але і шукаць дапамогу». Беларусы, якiя вярнулiся з вайны ва Украiне, — пра праблемы, з якiмi сутыкаюцца пры адаптацыi

Армия
Група байцоў Палка Каліноўскага на вучэбных стрэльбах пад Кіевам. Фота: Pasha Kritchko

Вайна ва Украiне забірае ахвяры нават у мірным жыцці, далёка ад выбухаў і акопаў. Яе разбуральная сіла ўядаецца ў памяць вайскоўцаў кашмарнымі флэшбэкамі, можа выклікаць афектыўны стан, алкагалізацыю… У грамадства вяртаюцца людзі, якія маюць патрэбу як мінімум у кансультацыі псіхолага, а ў цяжкіх выпадках — у лячэнні. Як перажываюць вяртанне з фронту беларусы і пра якую небяспеку папярэджваюць медыкі?

«Бяздзейнасць яшчэ горш за страх смерці»

У размовах байцы, якія пабывалі на фронце, называюць адзін аднаго пабрацімамі, пры звароце па звычцы выкарыстоўваюць пазыўныя і, як здаецца, імкнуцца ў сваіх аповедах пазбягаць жахлівых падрабязнасцей.

— Да ўсяго хутка прызвычайваешся. Тыдзень «на нулі» (у зоне сутыкнення) — і ўжо не памятаеш, што было ў звычайным жыцці, — распавядае Андрэй Кушняроў (пазыўны — «Рыцар»), які з сакавіка па чэрвень знаходзіўся на фронце. — У Севераданецку мы жылі ў прамзоне, дзе не было ні электрычнасці, ні душа. А калі прыехалі ў Краматорск, то радасна націскалі на пераключальнік: святло!

Імгненны пераход у іншы стан экс-ваяр палка Каліноўскага параўноўвае з пераходам у свет, дзе экстрэмальныя ўмовы існавання неўзабаве становяцца штодзённасцю.

«Глыбокае пачуццё крыўды перашкаджае не толькі адаптавацца, але і шукаць дапамогу». Беларусы, якiя вярнулiся з вайны ва Украiне, - пра праблемы, з якiмi сутыкаюцца пры адаптацыi
Андрэй Кушняроў. Фота з асабістага архіва

— Адзін хлопец у першыя дні здзіўляўся, як мы спім у такой абстаноўцы, — працягвае ён. — Казаў, што нават сядзець не можа, не тое што прыкархнуць. А праз пару дзён ужо спакойна хадзіў пад абстрэламі.

Усведамленне блізкасці смерці кожны з байцоў адольвае па-свойму.

— Быў момант, калі з сямі чалавек, з якімі я знаходзіўся на заданні, вярнуліся двое — я і яшчэ адзін баец. Адзін трапіў у палон, астатніх забілі на маіх вачах, — кажа яшчэ адзін беларускі ваяр Васіль Верамейчык («Пацук»). — Я спрабаваў сфарміраваць у сябе пачуццё здаровага фаталізму, калі абстрагуешся і холадна ўспрымаеш падзеі навокал, нават спрабуеш звыкнуцца са стратамі загадзя.

Многія на фронце трымаюць дыстанцыю, асцерагаюцца збліжацца, каб не перажываць магчымую страту блізкіх людзей, расказвае медык (дзяўчына папрасіла захаваць ананімнасць), якая пэўны час знаходзілася ў складзе палка Каліноўскага.

— Ёсць людзі, якія імкнуцца пазбягаць сяброўства, — пацвярджае Андрэй Кушняроў. — Але паступова прывыкаеш нават да гібелі пабрацімаў, якіх паспяваеш даведацца даволі блізка. Хтосьці наўпрост прымае, што памром. Сёння ён ёсць, заўтра яго можа не быць… Ці мяне.

У той жа час нашы суразмоўцы прызнаюць, што на вайне межы парушаюцца, і абстрагавацца вельмі няпроста. А найбольш балюча пераносіцца страта пабрацімаў, нават цяжэй, чым уласнае раненне.

Так, сапраўднай трагедыяй для многіх каліноўцаў стала смерць Івана Марчука («Брэста»), на што наклаліся няпростыя ўзаемаадносіны ў вайсковым калектыве.

Аднак, кажучы пра самае страшнае, беларусы-ваяры ў адзін голас адзначаюць: бяздзейнасць яшчэ горш за страх смерці.

— Калі б я проста назіраў за падзеямі, што ўплываюць на будучыню, то, верагодна, адчуваў бы душэўны неспакой, — упэўнены Аляксандр Клачко («Кусь»), які ў момант размовы знаходзіцца на ўсходзе Украіны. — Таму ва Украіне дзейнічаю і іду да сваёй мэты. Гэтае дзеянне даруе мне душэўны спакой — я ў патрэбны час на сваім месцы, іду да сваёй мэты.

Аналагічнае меркаванне выказвае Андрэй Кушнераў, для якога «быць пад абстрэламі значна лягчэй, чым проста назіраць за вырашаючымі падзеямі з боку».

Псіхолаг Наталля Скібская называе гэтую рэакцыю тыповай і тлумачыць яе з пункту гледжання медыцыны: «Стандартная рэакцыя дзеля выжывання: біць, бяжаць або заміраць. Так, трус прыкідваецца мёртвым, каб яго не заўважыла ліса, але пазней, у бяспечнай сітуацыі, ён пачынае трэсціся. Таго патрабуе фізіялагічная рэакцыя: гармоны мяняюцца, арганізм патрабуе пампаваць кроў. А людзі так не паступаюць, таму што непрыгожа ж. У выніку арганізм спрабуе ажыць, вярнуць вітальнасць, упырсквае дозы гармонаў, каб разагнаць кроў, а чалавек супраць. Вы ўяўляеце, як у гэтым выпадку зношваецца эндакрынная сістэма? Наднырачнікі перагружаныя, гіпертанія развіваецца».

Калі ж чалавек робіць нешта для яго важнае і бачыць вынік дзейнасці, падкрэслівае спецыяліст, яму прасцей перажываць стрэсавую сітуацыю.

«Глыбокае пачуццё крыўды перашкаджае не толькі адаптавацца, але і шукаць дапамогу». Беларусы, якiя вярнулiся з вайны ва Украiне, - пра праблемы, з якiмi сутыкаюцца пры адаптацыi
Група байцоў Палка Каліноўскага на вучэбных стрэльбах пад Кіевам. Фота: Pasha Kritchko

«На вайне ў нас ёсць зброя і магчымасць абараняцца. А ў 2020 годзе гэтага не было»

Характэрна, што многія беларусы, якія апынуліся ў зоне баявых дзеянняў, параўноўваюць падзеі 2020 года ў Беларусі з вайной ва Украіне і знаходзяць шмат агульнага.

— 9 жніўня я быў на пратэстах у Мінску, — успамінае Аляксандр Клачко. — Светлашумавыя гранаты, дым, разарваная пятка… На маіх вачах аўтазак наехаў на чалавека. Праз два гады, ужо пабываўшы на фронце, я ўзгадаў тыя падзеі і зразумеў: гэта ж было маё першае баявое!

Ваяры лічаць, што пратэсты маральна падрыхтавалі іх да баявых дзеянняў.

— На фронце хлопцы працягвалі абмяркоўваць, каго і дзе затрымалі, як білі. Мне здаецца, што 2020 год для нас быў нашмат большай траўмай, чым удзел у баявых дзеяннях, — лічыць Васіль Верамейчык. — На вайне ў нас ёсць зброя і магчымасць абараняцца. А ў 2020 годзе гэтага не было. Падчас пратэстаў прыходзілася задушыць мужчынскі пачатак і не адказваць на агрэсію агрэсіяй. На вайне ўсё прыйшло ў норму. Падбадзёрвала разуменне, што робім правільную справу і рухаемся ў верным кірунку.

Падчас размовы з ваярамі склалася ўражанне, што для многіх удзел у вайне не скончаны.

«Кусь» наўпрост зараз знаходзіцца ва Украіне, «Пацук» гатовы вярнуцца ў выпадку, калі Беларусь усё ж такі ўступіць у баявыя дзеянні. «Рыцар» таксама знаходзіцца недалёка ад гарачых падзей — у Кіеве.

— Траўма штурхае чалавека да выздараўлення, — кажа Наталя Скібская. — Часам людзі несвядома шукаюць магчымасць трапіць у траўматычную сітуацыю, каб падзеі вырашыліся інакш, чым раней. Напрыклад, чалавек вяртаецца на фронт, каб выратаваць параненага і перайграць такім чынам падзеі з загінулым таварышам. Апынуўшыся ў падобных сітуацыях, людзі схільныя звязваць гэта са злым рокам. Але гэта не так: гэта трэба, каб склалася іншая гісторыя і адбылося псіхалагічнае выздараўленне.

Другая асаблівасць знаходжання на фронце, на якую звяртае ўвагу псіхолаг, гэта скажэнне лініі часу. Для чалавека ў траўме мінулае становіцца больш рэальным, чым «тут i цяпер», адначасова губляецца здольнасць бачыць будучыню, планаваць яе, таму што заўтра ўжо можа не быць.

— Падчас ратацыі, калі ведаеш, што праз некалькі дзён прыйдзецца вяртацца на фронт, грошы траціш імгненна, — успамінае Андрэй Кушняроў. — Заўважаеш незвычайны сыр і адразу яго купляеш, бо калі не пакаштуеш сёння — магчыма, ніколі не пакаштуеш. І такое стаўленне — да многіх рэчаў.

«Глыбокае пачуццё крыўды перашкаджае не толькі адаптавацца, але і шукаць дапамогу». Беларусы, якiя вярнулiся з вайны ва Украiне, - пра праблемы, з якiмi сутыкаюцца пры адаптацыi
Васіль Верамейчык. Фота з асабістага архіва

«Пасля вяртання з Украіны адчуваў сябе як рыбіна, якую выкінулі з вады»

Вяртанне з пекла баявых дзеянняў у мірнае жыццё толькі здаецца шчаслівым канцом. Сапраўдны выклік — прайсці пасля вайны рэсацыялізацыю, вярнуцца на працу і весці звыклы лад жыцця.

Такія жорсткія ўзброеныя канфлікты даўно не адбываліся ў суседніх краінах, і многія ў Беларусі забыліся, што такое афганскі сіндром.

Наўпрост цяпер ваяры з параненымі душамі вяртаюцца ў грамадства, прычым нават не на радзіму, а ў трэція краіны, што ўскладняе іх лёс. Але ці змогуць яны інтэгравацца, маючы мінулы досвед, поўны жаху і перажытага?

Пасля прыезду ў мірныя гарады вайскоўцы, як яны самі кажуць, у першы час нанава прызвычайваюцца нават да бытавых момантаў. Напрыклад, што не трэба нагінацца, калі бачыш самалёт.

— Гляджу ў вакно аўтобуса, якім вяртаюся з Украіны ў Вільню. Бачу гандлёвы цэнтр. Узгадваю такі ж цэнтр у Лісічанску. Толькі той — чорны, згарэлы, разрабаваны, — распавядае пра свой досвед вяртання з Украіны ў Літву Аляксандр Клачко. — І думаю пра тое, наколькі крохкае мірнае жыццё.

Па словах ваяра, першыя дні ён адчуваў сябе як рыбіна, якую выкінулі на бераг.

— Быццам перада мной быў чысты ліст паперы, на які трэба нанесці планы на бліжэйшую будучыню: афармленне дакументаў для легальнага знаходжання ў Літве, пошук працы на некаторы час, пакуль ідзе афармленне дакументаў, — узгадвае каліновец.

То-бок жыццё само прымусіла варушыцца. Бюракратычныя працэдуры пайшлі на карысць — з’явіліся планы, мужчына пачуў глебу пад нагамі і вярнулася ўпэўненасць у жыцці.

— На вайне жыццё вельмі спрашчаецца, — каментуе гэтую з’яву былы вайсковы медык з палка Каліноўскага. — Баец не вырашае бытавых пытанняў, засяроджаны на справах, увесь час з кімсьці знаходзіцца. Прысутнічае таксама гераізацыя. Але варта зняць ваенную форму, і гэта аказваецца вельмі складана. Здаецца, што не робіш нічога важнага. Ніхто не разумее, хто ты і навошта сюды прыехаў. Хтосьці з такім выклікам спраўляецца нармальна, хтосьці — не вельмі.

«Глыбокае пачуццё крыўды перашкаджае не толькі адаптавацца, але і шукаць дапамогу». Беларусы, якiя вярнулiся з вайны ва Украiне, - пра праблемы, з якiмi сутыкаюцца пры адаптацыi
Баец Палка Каліноўскага на ратацыі на базе палка ў Кіеве. Фота: Pasha Kritchko

«Да 20-30% байцоў вяртаюцца з фронту з цяжкімі праблемамі»

Рэакцыяй псіхікі на перажыты вопыт можа стаць развіццё посттраўматычнага стрэсавага разладу (ПТСР). У мірным жыцці паводзіны экс-ваяроў, якія вярнуліся з фронту, прыкметна адрозніваюцца.

Так, амерыканскія байцы пасля вяртання з В’етнама сутыкаліся з флэшбэкамі, амнезіяй, дэпрэсіяй. Тады на гэтую сістэмную з’яву звярнула ўвагу медыцынская супольнасць. Вынік — пасля даследаванняў ПТСР быў уключаны ў міжнародную класіфікацыю хвароб.

З міжнароднай класіфікацыі хвароб: Посттраўматычны стрэсавы разлад узнікае як адтэрмінаваны або зацягнуты адказ на стрэсавую падзею пагрозлівага або катастрафічнага характару, што можа выклікаць глыбокі стрэс. Тыповыя прыкметы ўключаюць паўтаральныя перажыванні аб траўматычных падзеях у неадчэпных успамінах, думках або кашмарах. Звычайна маюць месца пераўзбуджэнне і звышнасцярожанасць, павышаная рэакцыя на спалох і бяссонніцу. З вышэйзгаданымі сімптомамі часта звязаны трывожнасць і дэпрэсія, не рэдкасцю з’яўляюцца ідэі самагубства.

— Траўматычным мы называем падзею, якая па сваёй сіле перамагала магчымасці чалавека справіцца з ёю, — кажа псіхолаг Наталля Скібская. — Асаблівасць у тым, што траўма імкнецца да выздараўлення. Флэшбэкі нібы таксіны, якія мозг вяртае назад. Тым самым ён падказвае, што нейкая інфармацыя засталася непераваранай. Як толькі з’яўляецца рэсурс — псіхіка кажа: давай лячыцца, але чалавек гэтага не разумее.

Яна папярэджвае, што чалавек не павінен пакутаваць, а ісці да медыкаў. Хаця многія працягваюць жыць з гэтым, у іх перыядычна зносіць дах. Здаецца, чалавек вярнуўся з поля боя, але ўнутры вайна працягваецца.

— Асаблівасць у тым, што гэта складаны комплекс сімптомаў, якія выяўляюцца не адразу, — папярэджвае былы вайсковы медык з палка Каліноўскага. — Латэнтны перыяд можа доўжыцца да паўгода. Перажыць такі вопыт у адзіноце часам вельмі складана. Хлопцы ўпадаюць у залежнасці, не шукаюць працу, не спрабуюць ужыцца ў новую сацыяльную ролю. Там яны рабілі важную справу, а цяпер… У параўнанні з перажытым досведам астатняе здаецца няважным. Адзін баец мне казаў: я магу адкрыць сваю справу, але яе ж трэба любіць, а я не ведаю, што магу любіць.

Спецыяліст называе такія даныя: 20-30% байцоў вяртаюцца з фронту з цяжкімі праблемамі, яны не могуць функцыянаваць у грамадстве, не знаходзяць сябе ў ім, 60% адчуваюць дэзадаптацыю, але ў стане функцыянаваць, астатнія ўваходзяць у звыклае жыццё досыць лёгка.

— Я сам не ведаю, што будзе, калі я канчаткова вярнуся з Украіны, — задаецца экзістэнцыяльным пытаннем Аляксандр Клачко. — Лічу, што наступствы ПТСР закрануць кожнага. Пытанне толькі, у якой ступені. Чалавек, калі апынуўся ў зоне баявых дзеянняў, пабываў пад абстрэламі, ён становіцца іншым.

На пытанне, якія самыя цяжкія наступствы ад ПТСР, псіхолаг Наталля Скібская без сумневаў адказвае: дэзадаптацыя.

— Цячэнне хваробы праходзіць індывідуальна, — кажа яна. — У першыя месяцы могуць выяўляцца сімптомы, назірацца вострая рэакцыя. У доўгатэрміновай перспектыве гэта можа прывесці да хранічнага знясілення нервовай сістэмы, істотнага змянення характару. Выяўляюцца фобіі, неўрозы, высокі ўзровень трывожнасці. Часцяком развіваюцца такія кампенсаторныя формы як алкагалізацыя і наркаманія. У людзей, якія пакутуюць ад ПТСР, настолькі перанапружаная псіхіка, што яны інакш не могуць расслабіцца.

Некаторыя байцы з палка Каліноўскага, гледзячы па іх інтэрв’ю, перажываюць менавіта такі перыяд — алкагольную залежнасць, немагчымасць знайсці сваё месца, выбухі агрэсіўнасці. Хтосьці лічыць гэта наступствам мінулага, даваеннага вопыту, але медыкі папярэджваюць ад спрашчэння: на іх думку, гэта можа аднесці да сімптомаў ПТСР.

Псіхолаг Наталля Скібская папярэджвае, што хвароба аказвае ўплыў на якасць жыцця не толькі самога чалавека, але і негатыўна ўплывае на навакольных, траўміруючы іх.

— Чалавек, калі вып’е, можа схапіцца за сякеру і ганяцца за сваёй сям’ёй па вёсцы, а потым нават не памятаць гэтага, — прыводзіць прыклад яна. — Гэтым людзям вельмі важна прадстаўляць своечасовую дапамогу, таму што іх стан уплывае на навакольных. Хатні гвалт без вырашэння праблемы сканчаецца вельмі дрэнна.

Нядаўняя трагедыя ў Вільні, калі адзін экс-баец палка Каліноўскага загінуў, а другі апынуўся пад вартай, можа быць выклікана наступствамі псіхалагічных траўм, атрыманых на вайне. Знаёмыя з сітуацыяй не каментуюць справу і пазбягаюць пытанняў аб матывах, але не выключаюць, што адной з прычын мог стаць своеасаблівы стан пасля перажытага на фронце.

«Глыбокае пачуццё крыўды перашкаджае не толькі адаптавацца, але і шукаць дапамогу». Беларусы, якiя вярнулiся з вайны ва Украiне, - пра праблемы, з якiмi сутыкаюцца пры адаптацыi
Наталля Скібская бярэ ўдзел у сустрэчы ў рамках «Тыдня супраць катаванняў» у Варшаве. 23 чэрвеня 2022. Фота: Pasha Kritchko

«Чалавек адчувае, што даў занадта шмат гэтаму свету, а наўзамен нічога не атрымаў»

Яшчэ аднім выклікам, з якім сутыкнуліся многія беларускія ваяры, стала нязвыклая для іх рэакцыя грамадства. Спачатку каліноўцы адчулі вялікую ўвагу з боку журналістаў, навакольных, а пасля — такі ж рэзкі спад цікавасці. Апынулася, што дэфіцыт увагі для некаторых стаў вялікай праблемай. Яны сталі закладнікамі гераічнага вобразу.

— Першы час ты адчуваеш героем, табе дзякуюць, — дзеліцца ўражаннямі Андрэй Кушняроў. — Ты разумееш, што рабіў важную справу. А потым усё быццам бы абнуляецца. Не кожнаму лёгка справіцца з гэтым.

На думку экс-ваяра, вешаць на сябе ярлык былога салдата рызыкоўна. Інакш ёсць небяспека стаць афганцам, які праз трыццаць гадоў не можа адпусціць тыя падзеі і дагэтуль не рэалізаваўся ў мірным жыцці.

— Усё залежыць ад таго, што ты маеш апроч баявога вопыту, — лічыць Андрэй Кушняроў. — Вось мне сорак гадоў. Я атрымаў багаслоўскую адукацыю, да вайны працаваў праграмістам у амерыканскай кампаніі, займаўся палітыкай. У мяне куча іншых дасягненняў, і я не хачу, каб мяне асацыявалі выключна з палком Каліноўскага.

Аднак былы медык з палка сумняецца, што большасць экс-байцоў гатовыя на хуткія змены: «Наўрад ці можна сёння павесіць форму на цвік, а заўтра адпраўляць рэзюмэ ў розныя кампаніі. Патрэбен некаторы час, перш чым прыйдзе ўсведамленне перажытага вопыту. Хтосьці ўдала пераварвае і ідзе далей. Або актыўна шукае дапамогу, вядзе сябе адэкватна сітуацыі, наладжвае жыццё. А хтосьці не да канца разумее, што адбываецца, і не функцыянуе, запаўняе жыццё чымсьці нездаровым».

Важным фактарам у гэтым выпадку становяцца паводзіны і падтрымка тых, хто знаходзіцца побач. Усе нашы суразмоўцы адзначалі, што сябры, сям’я і знаёмыя спрыяюць хутчэйшай адаптацыі і інтэграцыі ў грамадства.

— Гэта нармальна, калі ў такіх сітуацыях патрабуецца дапамога старонніх, — падкрэслівае псіхолаг Наталля Скібская. — Важна, калі цябе заўважаюць як чалавека, а не героя — з тваімі думкамі, болем. У цябе ёсць магчымасць гаварыць у тым фармаце, у якім ты гатовы, называць з’явы сваімі імёнамі. Гэта дапамагае інтэгравацца і перажываць падзеі нармальна.

Але далёка не ва ўсіх рэсацыялізацыя адбываецца лёгка. Нашы суразмоўцы распавядаюць пра пабрацімаў, якія жывуць у лагеры для бежанцаў, не спрабуюць знайсці працу, выглядаюць згубленымі.

— Ведаю хлопца, які кажа: я ваяваў і ў брудзе калупацца не буду, — прыводзіць прыклад Аляксандр Клачко. — Ён лічыць, што ўсе яму абавязаны. Абы-якой працай займацца не гатовы. Пры гэтым грошай няма, затое ёсць праблемы з алкаголем.

Як кажуць медыкі, такая рэакцыя можа быць характэрнай для былых вайскоўцаў.

— Глыбокае пачуццё крыўды перашкаджае не толькі адаптавацца, але і шукаць дапамогу, — тлумачыць псіхолаг Наталля Скібская. — Чалавек адчувае, што даў занадта шмат гэтаму свету, а наўзамен нічога не атрымаў.

Пасля заканчэння баявых дзеянняў дапамога пэўна спатрэбіцца сотням экс-ваяроў

Ва Украіне, якая з 2014 года вядзе баявыя дзеянні, добра ведаюць спецыфіку цячэння ПТСР. Там не трэба тлумачыць, якая дапамога неабходна ваярам. За восем год склалася сістэма лячэння.

— Чуў ад украінскіх жаўнераў, што калі яны вяртаюцца ў мірнае жыццё, то абавязкова праходзяць праз вайсковага псіхолага, — расказвае Аляксандр Клачко. — Гэта робіцца дзеля таго, каб зразумець, ці патрэбна ім дапамога, а таксама каб ад іх не пацярпелі родныя, знаёмыя і наўпрост выпадковыя людзі.

«Глыбокае пачуццё крыўды перашкаджае не толькі адаптавацца, але і шукаць дапамогу». Беларусы, якiя вярнулiся з вайны ва Украiне, - пра праблемы, з якiмi сутыкаюцца пры адаптацыi
Аляксандр Клачко. Фота з асабістага архіва

Псіхолаг Наталля Скібская нагадвае, што пасля вайны ў Афганістане ў СССР былі створаны цэнтры па аказанні дапамогі байцам.

— Вялікая складанасць у працы з тымі, хто пакутуе на ПТСР, у тым, што яны не разумеюць, чаму павінны плаціць за тэрапію, — кажа яна. — «Я пацярпеў, яшчэ і павінен расплачвацца?» — так яны разважаюць. А дапамога ім патрэбна. У выніку яны аказваюцца без дапамогі, але з крыўдай.

Аднак зараз беларусамі зроблены першы крок, каб выправіць сітуацыю. Створана Асацыяцыя беларускіх ветэранаў, якая заклікана дапамагаць вайскоўцам па прававых, медыцынскіх і іншых пытаннях.

Найбольш актыўна дапамога аказваецца там, дзе апынуліся ваяры, якія вярнуліся з фронту — у Літве, Польшчы, Украіне.

— Беларусы масава даўно не ўдзельнічалі ў вайсковым канфлікце на тэрыторыі іншай краіны, але ў нас ёсць досвед узаемадапамогі, які быў напрацаваны за два гады, — нагадвае былы медык палка Каліноўскага. — Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з дыяспарамі. Калі ў кагосьці з ваяроў узнікаюць праблемы з фінансамі або жыллём, то шукаем спосабы дапамагчы. З медыцынай троху складаней, але знаходзім спецыялістаў, якія аказваюць дапамогу па тым жа прынцыпе, што пасля пратэстаў.

У асацыяцыю ўвайшлі некалькі дзясяткаў чалавек, якія ваявалі ва Украіне. Па словах прадстаўнікоў новай арганізацыі, пасля заканчэння баявых дзеянняў дапамога пэўна спатрэбіцца сотням экс-ваяроў.

— Гэтымі людзьмі павінны займацца спецыялісты, якія разумеюць, з кім маюць справу і могуць адрозніць перабольшанне ад рэальнай праблемы, — мяркуе Андрэй Кушнераў, які стаў адным з ініцыятараў стварэння асацыяцыі.

Аднак не менш важна ідэнтыфікаваць такіх людзей. Зразумець, каму патрэбна дапамога. З гэтым не так цяжка, бо стваральнікі асацыяцыі самі былі на фронце і добра ведаюць пабрацімаў. Нашмат складаней пераканаць пацярпелых у тым, што яны маюць патрэбу ў медычнай дапамозе.

«Глыбокае пачуццё крыўды перашкаджае не толькі адаптавацца, але і шукаць дапамогу». Беларусы, якiя вярнулiся з вайны ва Украiне, - пра праблемы, з якiмi сутыкаюцца пры адаптацыi

Група байцоў Палка Каліноўскага на вучэбных стрэльбах пад Кіевам. Фота: Pasha Kritchko

— Не трэба самастойна ставіць дыягназ, клеймаваць сябе, — заклікае псіхолаг Наталля Скібская. — Ёсць спецыялісты, якія могуць і ведаюць, як працаваць з такімі траўмамі, не трэба сумнявацца і саромецца звяртацца да іх. Чым раней гэта будзе зроблена, тым лепш. Нездарма на месца надзвычайных сітуацый прыязджаюць крызісныя псіхолагі, якія дапамагаюць усведаміць падзеі так, каб наступствы ў выглядзе ПТСР былі меншымі. Калі ж зацягваць, то можа адбыцца істотная змена характару, прычым з пераходам на цела.

Медыкі падкрэсліваюць, што пакуты — не норма. Калі чалавек не здольны адчуваць шчасце, не можа пабудаваць давяральныя адносіны, магчыма, гэта не яго віна, а прычыны — у мінулым.

А вось што не рэкамендуе псіхолаг Наталля Скібская тым, хто пакутуе на ПТСР, дык гэта навамодныя практыкі кшталту арт-тэрапіі і рэлаксацыйных практык: «Мяне як спецыяліста абурае, калі чалавеку ў цяжкім стане прызначаюць такія тэхнікі. Гэта можа быць шкодна! Больш за тое, часам з-за цяжкасці стану ўнутраных рэсурсаў можа не хапаць, каб дастаткова было выключна тэрапіі, тады ёсць сэнс у медыкаментознай падтрымцы».

…Разбуральныя дзеянні ў суседняй краіне не маглі не закрануць Беларусь. Грамадства сутыкаецца з новымі выклікамі, да якіх трэба быць гатовым. І як лічыць былая медык палка Каліноўскага, галоўная праблема — усвядоміць, што ветэраны баявых дзеянняў ужо сярод нас, і іх будзе больш.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: