Фатографу не заплацілі абяцаны ганарар за ўдзел у выставе. Што параілі юрысты?

Культура
Латвіі.ў выставы Афіша

25 сакавіка 2023 года ў Юрмале (Латвія), у прасторы Art Station Dubulti адкрылася выстава «KREATĪVĀ REVOLŪCIJA. MINSKA 2020» («Крэатыўная рэвалюцыя. Мінск 2020»), прысвечаная беларускаму пратэсту. Сярод яе ўдзельнікаў былі фатографы Яўген Атцецкі і Яўген Ярчак, дызайнер Уладзімір Цэслер і керамістка Ганна Мядзведзева. Аўтараў на выставу запрашаў беларускі дызайнер Дзяніс Давыдаўу (у сеціве ён выкарыстоўвае нікнейм Vej Vetryk). Застаўся скрыншот перапіскі, дзе ён абяцае Яўгену Атцецкаму ганарар за ўдзел у праекце ў памеры 180 еўра.

«Выстава прысвечана БНР105, галоўны фокус – падзеі ў Беларусі ў 2020, задача – асветніцкая, расказаць жыхарам Латвіі пра наш кантэкст. Мы абмяркоўваем умовы супрацы, дамаўляемся пра ганарар. Дагавору няма, усе пытанні вырашаюцца ў вялікай спешцы, выстава з дня на дзень», — апісвае фатограф форс-мажорныя ўмовы падрыхтоўкі праекта.

Прайшоў год, абяцаны Давыдавым ганарар выплачаны не быў нібыта з прычыны перавышэння бюджэту на выставу.

Аднак дырэктарка арт-прасторы Art Station Dubulti у Юрмале Інгі Штэймане ўвогуле паведаміла, што ганарар для аўтараў, якія непасрэдна на выставу не прыязджалі, прадугледжаны не быў.

Яўген Атцецкі ў сваім допісе тлумачыць, што бескаштоўнае выкарыстанне яго аўтарскай працы ці ўдзелу ў праекце без ганарару для яго цалкам магчымыя ў выпадку, калі ідэйна падабаецца праект ці людзі, якія яго ладзяць; калі ўсе астатнія ў праекце таксама працуюць без грошай; калі ўсе лічбы празрыстыя. Аднак у гэтым выпадку дзейнічала толькі першая ўмова. Ідэйна, на момант запуску, Яўген Атцецкі падтрымліваў праект Дзяніса Давыдава, а вось па астатніх пунктах былі праблемы.

Фатограф паслядоўна дамагаўся пошуку справядлівасці ці, як ён піша, пайшоў па працэдуры: спачатку спрабаваў вырашыць пытанне ў прыватным парадку, даў час, каб той бок мог штосьці зрабіць, потым звярнуўся да ўмоўных ментараў/фасілітатараў.

У выніку, пасля беспаспяховых спробаў падпісаць дагавор, дзе было б пазначана, што арганізатар выкарыстаў работы і абяцае выплаціць за гэта ганарар, Яўген Атцецкі напісаў пост у фэйсбуку – з мэтай, па-першае, засцерагчы людзей ад супрацы з Дзянісам Давыдавым, па-другое, публічна заклікаць яго расплаціцца за працу, выкарыстаную для правядзення выставы. Аўтар допісу піша, што гатовы падпісаць дагавор і закрыць гэта пытанне.

Euroradio адгукнулася на праблему публікацыяй аўтарства Тараса Тарналіцкага, які звярнуўся да юрыста (ён пажадаў застацца ананімным) з пытаннем, наколькі распаўсюджаная праблема невыканання вусных пагадненняў і як аўтар можа сябе засцерагчы ў такой сітуацыі.

«У сваёй практыцы я няшмат сутыкаўся з такімі выпадкамі, але вырашэнне пытання на карысць фатографаў будзе цалкам залежаць, ці ёсць сведкі ці доказы (перапіска, аўдыязапісы), якія могуць пацвердзіць згаданыя ўмовы супрацы. Але і гэта не гарантуе поспех, бо шмат што залежыць ад латвійскага заканадаўства і суда. Працэс патрабуе шмат часу і грошай, што ў дадзеным выпадку проста немэтазгодна».

Варыянт, каб засцерагчыся ад падобных сітуацый, юрыст бачыць толькі адзін — не верыць нікому на слова і заўжды афармляць дамову.

«Трэба настойваць на юрыдычным афармленні супрацы. Патрабаваць гэтага ад партнёра ці мець шаблон уласнай дамовы, які можна адаптаваць пад кожны выпадак. Калі з вамі адмаўляюцца працаваць у легальным рэчышчы, трэба задумацца, а ці варта ўвогуле мець справу з такім контрагентам. Калі вы пагаджаецеся працаваць без дамовы, то трымайце ў галаве, што вам папросту могуць не заплаціць. І гэта будзе цалкам імавернае развіццё падзей».

Іншае медыя chrysalismag папрасіла парады ў юрысткі Марыі Колесавай-Гудзілінай. Яна прапанавала некалькі шляхоў вырашэння праблемы.

«Выстава здарылася, працы правіселі ў галерэі і гэтаму ёсць фота- і відэапацверджанні. Па праўдзе кажучы, мне незразумела, як арганізатар можа сысці ад гэтай гісторыі. Разлік у ёй, мабыць, на вельмі маленькі ганарар для аўтараў. У большасці сваёй людзі не сталі б ім займацца і марнаваць дадатковы час. Калі палічыць у гадзінах, то фатограф ужо выдаткаваў іх больш, чым трэба. Гэтым і карыстаюцца такія малабюджэтныя праекты. Тым не менш фатографы могуць тут выбраць розныя трэкі вырашэння канфлікту: напісаць прэтэнзію, дачакацца, што на яе адкажуць, і потым ісці ў суд ці ў паліцыю.

Прэтэнзія

Спачатку трэба напісаць афіцыйную прэтэнзію арганізатарам. Пад гэтым я маю на ўвазе ліст на электронную пошту з подпісам ці надрукаваны ліст на фізічны адрас, а не паведамленне ў Facebook. Facebook гэта, вядома, выдатна. Для некага спрацоўвае і напісаць пост, але, на жаль, у дыяспаральных беларускіх арганізацый, якія яшчэ не пражылі дзесяцігоддзя ў Еўропе, адсутнічае інстытут рэпутацыі. Іх не палохаюць пасты ў Facebook, таму што пройдзе, умоўна, паўгода, і ўсе забудуцца пра выпадак. Так што я вельмі крытычна стаўлюся да пастоў, хоць і разумею, што падобныя публікацыі гэта ў тым ліку выйсце негатыўных эмоцый фатографаў, але ці пісалі яны разам з пастом пісьмовую прэтэнзію? Варта гэтым цяпер заняцца і паглядзець, што адкажуць арганізатары, таму што ў іх ёсць абавязанне адказваць на падобныя звароты.

Паліцыя

Пасля прэтэнзіі можна напісаць у паліцыю. У адрозненне ад суда, гэта нічога не будзе каштаваць фатографам. У заяве слушней за ўсё будзе азначыць, што “мяне падманулі зламысна і ў арганізатара не было грашовых сродкаў, пра што ён сам кажа ў ліставанні”. Асабіста я б абірала гэты варыянт. Можа, гэта трошкі апрытомніць арганізатара.

Суд

З судом трэба ўлічваць усе складанасці. Напрыклад, прыезд у Латвію, найманне адваката, аплата адваката. Так што, калі пачаць судзіцца, то фатографы выдаткуюць на разбор шмат уласных сродкаў і часу. А ці гатовы яны на такое марнавацца? Яшчэ ж пытанне, як сума ў выніку будзе спагнана па выніку суда, ці ёсць грошы ў гэтага мігранта-арганізатара і на якіх падставах ён знаходзіцца ў Латвіі. Трэба разумець, што гэта гісторыя — доўгае змаганне, якое можа ў выніку нічога не прынесці. Але, я лічу, што людзей, якія карыстаюцца чужымі творамі мастацтва, аб’ектамі аўтарскага права, трэба караць. На жаль, мы бачым, што некаторыя грамадзяне Беларусі прыязджаюць на тэрыторыю Еўропы і задарма выкарыстоўваюць працу людзей. На мой пагляд, гэта вельмі сумная практыка».

Іншым аўтарам, якія разумеюць, што таксама трапляюць у падобную сітуацыю, Марыя Колесава-Гудзіліна прапануе доўга не чакаць вырашэння сітуацыі ад арганізатараў. Калі выстава прайшла, а вам гэтак і не выплацілі абяцанага ганарару, варта адразу пісаць афіцыйную прэтэнзію, піша chrysalismag.

Як цяпер збіраецца дзейнічаць аўтар? У сваім фэйсбуку Яўген Атцецкі паведаміў, што згодна з парадай Марыі Калесавай-Гудзілінай, магчыма, яго наступным крокам стане напісанне прэтэнзіі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: