З дапамогай Цэнтра беларускай салідарнасці з 30 лістапада па 3 снежня незалежныя выдаўцы і аўтары былі прадстаўленыя асобным стэндам на Кірмашы гістарычнай кнігі ў Варшаве.
Як каля самога стэнда, так і ў асобнай залі Каралеўскага замка — месцы правядзення кірмашу — адбыўся шэраг прэзентацый кніг і сустрэч з чытачамі.
Пачалася праграма з кніжнай серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны», якую прадстаўлялі Яраслаў Іванюк і Ціхан Чарнякевіч.
Кнігі серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» выходзілі ў Беларусі да таго часу, пакуль Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» не было ліквідаванае ў краіне. Усяго выйшла больш за сорак выданняў. З 2023 годзе асобнікі пра гісторыю беларускай эміграцыі пачалі выходзіць па-за межамі краіны. Напрыклад, у фондзе «Камунікат» у супрацоўніцтве са Згуртаваннем і Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку было выдадзена дзве кнігі выбраных твораў Міхася Кавыля і Айца Льва Гарошкі. Гэта мемуарыстыка, якая пісалася па-за межамі СССР, і адпаведна — без цэнзуры. Таксама выйшлі кнігі Анатоля Занковіча «Лёс беларуса: паміж Эўропай і Амэрыкай» і Пётры Мурзёнка «Размовы з мамай».
У той жа дзень былі аб’яўлены імёны лаўрэтаў дзвюх літаратурных прэмій — за найлепшыя дэбютныя і перакладныя кнігі, і адбылася сустрэча з чытачамі Насты Кудасавай, аўтаркі зборніка вершаў «Я працягваю», які выйшаў сёлета ў выдавецтве hochroth Minsk.
Галоўны рэдактар выдавецтва Gutenberg Publisher Валянціна Андрэева прэзентавала серыю беларускіх перакладаў польскай класікі, выдадзеную пры дапамозе Цэнтра беларускай салідарнасці і фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Польшчы. На стэндзе размясціліся зборнік вершаў лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1996 года Віславы Шымборскай «Партрэт з памяці» (перакладзены на беларускую мову выбітнымі беларускімі пісьменнікамі і перакладчыкамі, укладальнік тома — Андрэй Хадановіч) і зборнік апавяданняў Марыі Кунцэвічовай пра Казімеж Дольны «Два месяцы» (пераклад Галіны Жарко). У найбліжэйшых планах выдавецтва — вершаваная аповесць Адама Міцкевіча «Гражына» і вершы для дзяцей Марыі Канапніцкай «Стэфэк Бурчымуха».
Сёлета адзначаецца 100-гадовы юбілей паэткі Віславы Шымборскай, і рэдактарка выдавецтва Валянціна Андрэева лічыць сімвалічным той факт, што Gutenberg працуе ў Кракаве, горадзе Шымборскай. Яна расказала, што кніга выйшла з фатаздымкамі сучаснага Кракава аўтарства Юліі Рай, якія выдатна адлюстроўваюць і падтрымліваюць паэзію цудоўнай польскай набелісткі.
Перакладныя выданні серыі не прадаюцца, але бібліятэкі і асяродкі беларусаў па ўсім свеце могуць атрымаць іх бясплатна. Тут просяць паведаміць пра такую неабходнасць.
Наступным днём прайшла прэзентацыя Алеся Аркуша, які прадставіў дзве свае новыя кнігі, што выйшлі сёлета.
Гэта «Тэстамент Рагвалода» і «Вечар – як сон, у якім шмат агнёў». У першай кнізе змешчаны два невялікія раманы — «Захоп марсіянамі Беларусі» і «Сядзіба» і адно апавяданне «Тэстамент Рагвалода». «Я хацеў сабраць мае тэксты, каб яны разам стварылі гіпертэкст. То-бок апавядалі пра штосьці адно. І яны апавядаюць пра Полацак. Яны набрынялыя розныямі легендамі, мітамі, асобамі, звязанымі з Полацкам», — патлумачыў аўтар.
Другая кніга складаецца з рамана «Спадчына» і апавяданняў рознага часу, што пісаліся «ў шуфляду». Адно з іх — пра Алеся Пушкіна, які аднойчы расказаў аўтару, што шукае Кубак Грааля, схаваны ў Сынкавіцкай царкве.
Альгерд Бахарэвіч на прэзентацыі сваёй кнігі «Плошча Перамогі» разыграў цэлы спектакль аднаго акцёра: уласнай персонай выступіў за аўтара і за мадэратара. Аўтар расказаў уяўнаму мадэратару, што пачатак аповесці ён убачыў унутраным зрокам: лясную дарогу і на ёй вястуна, які вяртаецца з вайны. Фармат для аўтар новы. Пісьменнік патлумачыў, што пасля 2020 года людзі адчулі патрэбу ў беларускай літаратуры і перад аўтарамі паўстала дылема: «Ці заставацца ў вежы са слановай косткі, заставацца сабой і, не зважаючы на чытача, працягваць рабіць сваю справу, або выйсці з гэтай вежы, спусціцца да людзей і запытацца, што б яны хацелі чытаць? І знайсці нейкую новую мову. І мне стала сумна заставацца тым жа самым, мець свой брэнд. Пераўвасабленне для мяне вельмі важнае», — прызнаўся літаратар.
3 снежня, у апошні дзень працы выставы, прайшла невялікая дзіцячая праграма — прэзентацыя кніг «Пра ваўка, зайца і мядзведзя» Тодара Кляшторнага і «Казіка з Каменнай Горкі і Вядзьмак Схаванага горада» Аляксандра Кудрыцкага.
А таксама адбылася сустрэча з Уладзіславам Гарбацкім, укладальнікам зборніка «Мовазнаўчыя працы» Вацлава Ластоўскага.
Лонданскае выдавецтва «Скарына» выпусціла ў свет «Мовазнаўчыя працы» Вацлава Ластоўскага, а ў пачатку наступнага года запланавала выхад альбома здымкаў з этнаграфічнай экспэдыцыі пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага на Случчыну і Мазыршчыну ў 1928 годзе. Гэты альбом захаваўся цудам з чатырох вядомых, астатнія зніклі падчас Другой сусветнай вайны.
У альбоме размешчана каля 200 фотаздымкаў, што адлюстроўваюць знікаючы свет: гэта архітэктура, побыт, адзенне, тыя яго элементы, якія ўжо тады выходзілі з ужытку і захаваліся толькі на гэтых здымках.
Вацлаў Ластоўскі стаяў ля вытокаў беларускай сацыялінгвістыкі, таму «Мовазнаўчыя працы» — важная прэм’ера выдавецтва «Скарына». Тут сабрана каля сямідзесяці артыкулаў і нататак розных памераў, якія з 1912 па 1927 гады друкаваліся ў перыядычных выданнях (“Наша Ніва”, “Крывіч”, “Узвышша”) і календарах.
Ластоўскі быў акадэмікам без завершанай вышэйшай адукацыі, пры гэтым быў дасведчаным навукоўцам, які сачыў за апошнімі тэндэнцыямі ў заходнім, еўрапейскім мовазнаўстве.
Нагадаем, што першая прэзентацыя зборніка «Мовазнаўчыя працы» Вацлава Ластоўскага адбылася восенню ў Вільні, удзел у ёй прынялі ўнук і праўнук Вацлава Ластоўскага і Марыі Ластаўскене — Рымантас Матуліс і Вісьвідас Матуліс.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: