Прэм’ерай новай стужкі нямецкага рэжысёра Тома Тыквера «Святло» 13 лютага распачаўся 75-ты Берлінскі міжнародны кінафестываль. Снег, гламур, чаканне кіно, палітычныя пікеты і беларуская прысутнасць — першы дзень юбілейнага кінафоруму запоўніўся фестывальнай мітуснёй, прадчуваннем сустрэчы з новым кіно і радасцю за тое, што сёлета ў праграме Берлінале — фільм беларускага рэжысёра, а на Еўрапейскім кінарынку ідэямі сваіх кінапраектаў падзеляцца беларускія фільммейкеры.
Размах Берлінале ўражвае. Натоўпы кінажурналістаў, кінаманаў, кінематаграфістаў, выпадковай публікі. Зоркі на вуліцах і, вядома, на «чырвоным дыванку». Ажыятаж ля кінатэатраў, фірмовы стыль супрацоўнікаў фэсту — чорнае паліто з чырвонымі шалікамі, асобны ўваход у фанзону, у іншыя «зоны», машыны з селебрыці, праца прэс-цэнтру, Еўрапейскага кінарынку, навігацыя і сувернірная крама… «Інжынерыя» буйной падзеі, дзе ўсё прадумана і пралічана, і маштаб якой заварожвае. Сёлета на Берлінале, які адзначае юбілей, міністэрства культуры Германіі вылучыла дадатковыя 2 мільёны еўра. У выніку яго бюджэт склаў 13,2 мільёны еўра, что на 17% болей, чым у мінулым годзе.



Берлінале паўстаў у 2025-м і канцэптуальна адноўленым — напрыканцы мінулай эдыцыі мастацкага і выканаўчага кіраўнікоў фестывалю Карла Шатрыяна і Марыету Рысенбек замяніла экс-праграмная дырэктарка Лонданскага кінафестывалю Трыша Татл. З яе прыходам ад берлінскага кінаагляду чакаюць замацавання пазіцый, узмацнення аўтарытэту, прыцягнення ўвагі публікі, міжнароднай кінасупольнасці, маладых талентаў ды, вядома, спонсараў.
У прыватнасці, Татл стварыла новую секцыю ў бягучай эдыцыі фэсту — «Перспектывы», дзе прадстаўлены дэбюты маладых рэжысёраў. Прапанавала і новыя менеджарскія рашэнні, прадумала вострую праграму, уражанне пра якую ў поўнай меры складзецца напрыкацы падзеі.
Берлінале заўжды ганарыўся сваёй палітызаванасцю. Сёлета ў яго праграме — фільмы, якія распавядаюць пра вайну ва Украіне, пратэсты ў Грузіі, выбары ў Дамінікайскай Рэспубліцы, канфлікты ў Арменіі, эміграцыю з Венесуэлы, гвалт у Казахстане, крыміналізацыю ЛГБТ-супольнасці ў Малайзіі… Не адварочваецца фестываль і ад праблем Заходняй Еўропы: так, у прыватнасці, адна з самых чаканых прэм’ер Берлінале — міні-серыял Яна Шомбурга «Грошы іншых людзей», у цэнтры якога — найбуйнейшае падаткавае махлярства, якое закранула не менш за пяць дзяржаў. Германія ў гэтай крымінальнай схеме пацярпела на больш чым 30 мільярдаў еўра. Хто замешаны ў гэтай схеме?


Тая ж драма Тома Тыквера «Святло» — распавядае гісторыю сям’і Энгельс, якая ўпускае ў свой дом хатнюю работніцу з Сірыі. У новай стужцы аўтар «Бяжы, Лола, бяжы», «Воблачнага атласу» (сумесна з сёстрамі Вачоўскі), «Парфумера: гісторыя аднога забойцы» кажа пра праблемы міграцыі, посткаланіялізму, крызіс ідэй, сям’і.
Шмат фільмаў у аглядзе прысвечаны Халакосту — гэта лінія звязана з 80-годдзем заканчэння Другой сусветнай вайны і шырэйшым кантэкстам.
Ад кіно — да прамога выказвання. Яшчэ напярэдадні 75-га фестывалю, калі да Трышы Татл звярнуліся з пытаннямі наконт палітычных заяў, якімі суправаджаецца форум — летась было даволі шмат прапалестынскай рыторыкі, фестываль нават папракнулі ў антысеміцкіх настроях, — яна дыпламатычна адказала, што для яе важная свабода слова, але ж пры гэтым і рознабаковыя пазіцыі.
Берлінале толькі стартануў, а ў яго межах ужо пачаліся асобныя пікеты і маршы. Толькі ў Палац Берлінале зайшлі акторы фільма-адкрыцця «Святло» Тома Тыквера — Ларс Айдынгер, Нікалет Крэбіц ды іншыя артысты — на Марлен Дзітрых Плац з’явілася купка людзей з расцяжкай пра генацыд і вольную Палестыну. Нягледзячы на малую колькасць дэманстрантаў — каля васьмі чалавек, іх ахоўвала паліцыя — актывісты здзейснілі невялікі марш па вуліцы. Цікава, што на адваротным баку прасторы сваё меркаванне дэманстравала іншая група — два чалавекі стварылі пікет з ізраільскімі сцягамі. А крыху далей звяртаў увагу на парушэнне дэмакратыі ў Паўднёвай Карэі малады чалавек з Кітая — ён раздаваў лістоўкі супраць палітыкі нядаўна арыштаванага паўднёвакарэйскага прэзідэнта Юн Сок Ёля.


Уся гэта палітычная актыўнасць адбывалася пасля пачатку цырымоніі адкрыцця фестывалю — з «чырвоным дыванком», зоркамі ў шыкоўных строях, фанамі, якія крычаць ад захаплення. Тэрытарыяльна літаральна побач з неймавернай Цільдай Суінтан, якая атрымоўвала «Ганаровага Залатога мядзведзя» за яе жыццёвыя дасягненні на сцэне Палаца Берлінале.

«Гэта Берлін, дзетка», — напэўна так можна пракаментаваць сузор’е зорак і меркаванняў.
У дадатак да гэтай цудоўнай атмасферы гламурнага бляску, кіно і дэмакратычнасці, раўназначнасці ўсіх галасоў, берлінскі фэст вылучаецца сёлета момантам удзелу беларусаў у праграме форуму.
У бягучай эдыцыі ў конкурсе Forum, які збірае навацыйнае і эксперыментальнае кіно, заяўлена ігравая дэбютная стужка беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава». На яе прэм’ерны паказ, які адбудзецца ўжо сёння, 14 лютага, усе квіткі раскуплены. Ці звязана гэта з тым, што ў сваёй карціне аўтар згадвае абстаноўку напярэдадні Трэцяй сусветнай вайны, ці з тым, што гледача ў цэлым зачапіў сюжэт пра музыканта, які шукае натхненне, нягледзячы ні на што, але факт застаецца фактам — нечакана на мікрабюджэтны фільм, створаны Беларускай сеткай фільммейкераў сумесна з літоўскімі і нямецкімі партнёрамі, назіраецца ажыятаж. І гэта адчуванне, што за квіток на кіно сваіх суайчыннікаў трэба пазмагацца, прыемна бадзёрыць і натхняе.

Таксама ў праграме — у індустрыяльнай яго частцы — і пітчынг беларускіх кінематаграфістаў. Нагадаем, што на Еўрапейскім кінарынку (EFM) будуць прадстаўлены дзевяць ігравых праектаў і адзін дакументальны ад рэжысёраў і рэжысёрак з Беларусі.
Кадр са стужкі Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» аздабляе і стэнд беларускага незалежнага кіно на EFM. Пляцоўка, праца якой была ініцыявана Беларускай незалежнай кінаакадэміяй у 2023 годзе, дае магчымасць на прафесійным узроўні прадстаўляць інтарэсы беларускай незалежнай кінематаграфіі. Стэнд пачынае вахту на індустрыяльнай платформе ўжо ў трэці раз.

У рамках Берлінале-2025 пакажуць у агульнай складанасці 243 фільмы. Пералічым некалькі сусветных прэм’ер, з якімі кінапрэса звязвае пэўныя чаканні.
Гэта «Mickey 17» з Робертам Пацінсанам у галоўнай ролі ад лаўрэата «Оскара» Пона Джун Хо («Паразіты»).
«Гарачае малако» ад сцэнарысткі «Іды» Паўла Паўлікоўскага — Рэбекі Лянкевіч.
«Ары» — ад прадстаўніцы новай хвалі жанчын-рэжысёрак Леанор Серай.
«Блакітная луна» ад стваральніка «Малалецтва», амерыканскага незалежнага рэжысёра Рычарда Лінклейтера.
«Kontinental ‘25» — ад румынскага рэжысёра-правактара Раду Жуде.
«Ледзяная вежа» — ад французскай кінематаграфісткі, аўтаркі «Нявіннасці» і жонкі Гаспара Ноэ Люсіль Хаджыхалілавіч.
«Блакітная сцяжына» — ад аўтара «Боскага кахання», бразільца Габрыэля Маскару.
Дакументальная карціна «Стрічка часу» — ад украінскай рэжысёркі Кацярыны Гарнастай.
Серыял «Вузкая дарога на далёкі поўнач» — ад аўстралійскага пастаноўшчыка, аўтара «Маўклівага братэрства» Джасціну Курцэлу.
Ды іншыя і іншыя кінатворы.




Узначальвае журы 75-га Берлінскага міжнароднага кінафестываля амерыканскі рэжысёр Тод Хэйнс («Удалечыні ад раю», «Атрута», «Кэрал», «Май Снежань»).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram