Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прывітаў двухтыднёвае спыненне агню паміж ЗША і Іранам. Адначасова ён нагадаў, што Кіеў неаднаразова прапаноўваў Маскве перамір’е.
“Украіна заўсёды заклікала да спынення агню ў вайне, якая вядзецца Расіяй тут, у Еўропе, супраць нашай дзяржавы і людзей, і мы падтрымліваем цішыню на Блізкім Усходзе і ў Заліве, якая адкрывае шлях для дыпламатычнай працы. Украіна яшчэ раз паўтарае Расіі: мы гатовыя адказваць люстрана, калі расіяне спыняць свае ўдары. Гэта відавочна для ўсіх – спыненне агню можа стварыць правільныя перадумовы для дамоўленасцяў”, – гаворыцца ў заяве Зяленскага.
Ён таксама адзначыў, што ў працэс перамоў на Блізкім Усходзе былі ўцягнуты многія краіны. Паводле яго слоў, Украіна дапамагала абараняць жыцці ў Персідскім раёне.
“Украінскія экспертныя ваенныя каманды працягнуць працаваць у рэгіёне дзеля далейшага развіцця магчымасцяў бяспекі. Сітуацыя ў гэтым рэгіёне ўплывае глабальна: любыя пагрозы бяспецы і стабільнасці на Блізкім Усходзе і ў Заліве маштабуюць выклікі для эканомікі і кошту жыцця ў кожнай краіне.
Менавіта таму павінна быць створана бяспека, і інтарэсы кожнага народа павінны быць улічаны пры вызначэнні пасляваенных умоў. Таксама важна абараніць і свабоду мараходства ў Армузскім праліве. Рашучасць у гэтым пытанні таксама мае глабальнае значэнне.
Каб правільны вынік быў, патрэбныя актыўныя і скаардынаваныя дзеянні міжнароднай супольнасці. Бяспекі пасля вайны павінна стаць больш, а не менш. Украіна і надалей будзе канструктыўна працаваць з усімі партнёрамі”, – дадаў ён.
