Жыхароў дома, побач з якім абваліўся грунт, адселяць

Жыхароў дома ў Віцебску, побач з якім абваліўся грунт, часова адселяць на час правядзення аднаўленчых работ. Прыкладны час выканання работ — адны суткі.

Цэласнасць падмурка дома не парушаная. Пачаты работы па расчыстцы пад’езда да месца для далейшай укладкі пліт, падсыпцы і ўмацаванні грунту, паведамляе газета «Віцьбічы».

«Абвал адбыўся на плошчы 10 на 20 метраў. У той жа дзень былі дастаўлены тры аэрадромныя пліты ПАГ, якія ўкладзены ў зону правалу. Далей плануецца выканаць уладкаванне шпунтавай агароджы — палі будуць утрымліваць грунт, які затым падсыплюць да неабходнага ўзроўню», — заявіў намеснік старшыні гарвыканкама Павел Шыкшнян.

Нагадаем, абвал грунту на вуліцы Шрадэра адбыўся сёння падчас правядзення земляных работ па пракладцы каналізацыйнай трубы. Папярэдняй прычынай прасадкі названыя багатыя ападкі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!