Скриншот видео t.me/pressmvd
У Шуміліне затрыманы мужчына, які спрабаваў застрэліць міліцыянера з яго ж табельнай зброі, паведамілі ў прэс-службе МУС. Інцыдэнт адбыўся 16 красавіка каля 23 гадзін.
46-гадовы жыхар горада быў затрыманы за хуліганства ў стане моцнага алкагольнага ап’янення (2 праміле). Па яго просьбе выклікалі хуткую дапамогу, і супрацоўнік міліцыі суправаджаў мужчыну ў бальніцу.
У медустанове затрыманы пачаў канфліктаваць з медработнікамі, а затым раптоўна напаў на міліцыянера. Падчас барацьбы яму ўдалося завалодаць табельнай зброяй. Мужчына накіраваў пісталет у галаву супрацоўніку і націснуў на спускавы кручок, аднак стрэлу не адбылося. Міліцыянер выбіў зброю з рук нападніка, пасля чаго той уцёк. Прыбылыя нарады заблакавалі мужчыну на прылеглай тэрыторыі і затрымалі яго.
На месца здарэння асабіста выехаў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў. За замах на забойства супрацоўніка міліцыі ўзбуджана крымінальная справа.