Ландшафты памяці ў Буэнас-Айрэсе: беларуская мастачка ўвайшла ў склад куратарскай групы міжнароднага праекта ў Аргенціне

З 28 ліпеня па 1 жніўня 2026 года ў Буэнас-Айрэсе ў межах 10-й штогадовай канферэнцыі Асацыяцыі даследаванняў памяці (MSA) адбудзецца серыя выставачных і перфарматыўных падзей. Адной з сукуратарак і аўтарак міжнароднай арт-праграмы вылучана беларуская арт-крытык, фатографка і даследчыца Вольга Бубіч.

Штогадовы з’езд MSA — адна з найбольш аўтарытэтных у свеце навукова-культурных пляцовак для даследчыкаў і мастакоў, якія працуюць з тэмамі калектыўнай памяці, гістарычнай траўмы і захавання спадчыны. Сюды з’язджаюцца сотні навукоўцаў, філосафаў, музейшчыкаў і мастакоў з усіх кантынентаў. Тэма форуму «Памяць і дэмакратыя» выбрана менавіта таму, што сёння свет сёння перажывае агульны крызіс дэмакратычных інстытутаў, рост аўтарытарызму, новыя войны, вымушаную міграцыю і спробы перапісаць гісторыю ў самых розных кутках планеты.

Сёлетняя мастацкая праграма, арганізаваная міжнароднай камандай куратараў — Вольга Бубіч, Моніка Габрыэла Дорняк, Мірта Купфермінк і Рэбека Харыс — ахопіць дзве сучасныя арт-галерэі сталіцы Аргенціны: Fundación Cazadores і Zonderflag.

Куратарская ідэя: памяць па-за межамі чалавечага

Куратарскі канцэпт выставы «[Opening the Brackets] of Memory» прапануе пашырыць наша ўяўленне пра само паняцце памяці і паглядзець на захаванне гісторыі не толькі праз чалавечы вопыт, але і праз прастору, матэрыяльную культуру і ландшафты (more-than-human).

Асноўныя падзеі праграмы размясцяцца на дзвюх пляцоўках.

У Fundación Cazadores адкрыецца асноўная экспазіцыя «[Opening the Brackets] of Memory», у якой задзейнічаны 14 міжнародных аўтараў. Урачыстае адкрыццё імпрэзы адбудзецца ўвечары 27 ліпеня з перформансам Яніны Маніньскай «Dear Daddy…», заснаваным на ліставанні з бацькам — былым палітвязнем. На працягу тыдня тут таксама пройдуць майстар-клас нямецкай мастачкі Францыскі Віндольф (спецыялізуецца на прасторавых помніках і тэме выгнання) і фінальны перформанс Хаўера Альфонса Арменьё Кастра — даследчыка правоў чалавека і мастака, які выкарыстоўвае перформанс для супольнай тэрапіі і працы з траўмай.

Галерэя Zonderflag стане пляцоўкай для спецыяльнай праграмы відэа-мастацтва, а таксама персанальнай выставы адной з найбольш знаных мастачак сучаснага аргенцінскага мастацтва Мірты Купфермінк «Zona de Vigilia / Vigil Zone». 31 ліпеня тут таксама пройдзе двухмоўны воркшоп «Асемічнае пісьмо і дэмакратыя».

Праект Вольгі Бубіч «Memory Landscapes»

Вольга Бубіч выступае адзінай прадстаўніцай Беларусі сярод аўтарак праекта. У межах відэа-праграмы ў галерэі Zonderflag яна прэзентуе сваю працу з доўгатэрміновага мультыдысцыплінарнага даследавання «Memory Landscapes» («Ландшафты памяці»). Выстава ў Буэнас-Айрасе стане чарговым важным этапам у маршруце гэтага міжнароднага праекта.

Праект зарадзіўся яшчэ ў пачатку 2023 года падчас наведвання мастачкай мемарыяльнага комплексу ў былым канцлагеры Дахаў у Германіі. Увагу даследчыцы прыцягнулі таполі, якія растуць там амаль нязменна з часоў нацызму — у адрозненне ад большасці разбураных і пазней рэканструяваных баракаў.

Каб даследаваць, як прырода захавала ў сабе «памяць» пра траўматычнае мінулае Европы, Вольга наведала 19 месцаў гістарычнай памяці ў Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Італіі, Літве, Нідэрландах і Чарнагорыі.

«Што засталося ў „памяці“ тоўстай кары, магутных галін і густой сеткі каранёў, нябачных з зямлі? Якім чынам працуе такая памяць і хто валодае здольнасцю фармаваць і захоўваць успаміны? Калі прырода здольная памятаць, чаму мы, людзі, можам у яе навучыцца?» — рэфлексуе Вольга Бубіч над сваім праектам.

У сваёй працы твоцра спалучае архіўныя пошукі, візуальнае мастацтва і рэфлексію над пераацэнкай Антрапацэну, прапануючы звярнуцца да больш старажытных, прыродна-цэнтрычных культур, дзе дрэвы і камяні служылі жывымі носьбітамі гісторыі.

Ад асабістай траўмы да глабальнага крызісу

На выставе ў Буэнас-Айрэсе праца Вольгі Бубіч будуць паказаныя поруч з творамі міжнародных аўтарак, дзе сустракаюцца розныя кантэксты: паўднёваамерыканская траўма дыктатур, еўрапейская спадчына Халакосту і сучасная ўсходнееўрапейская рэальнасць.

Сярод удзельніц праграмы — мастачка Грэйс Швіндт, чые візуальныя праекты выстаўляліся ў лонданскай Tate Britain, даследчыца і ўдзельніца Венецыянскай біенале Нела Міліч, вышэйзгаданая знакавая постаць аргенцінскага арт-актывізму, куратарка і выкладчыца з Буэнас-Айрэса Мірта Купфермінк. Разам яны ствараюць агульную прастору для размовы пра тое, як захаваць чалавечнасць і праўду ў свеце, які праходзіць праз сур’ёзныя выпрабаванні.

Выставачная праграма адкрыецца ўвечары 27 ліпеня і працягнецца да 1 жніўня 2026 года.

Уваход на ўсе падзеі ў межах канферэнцыі MSA ў Буэнас-Айрасе — вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!