Фото: president.gov.by
Урад Беларусі прыняў рашэнне аб фарміраванні мабільных рабочых груп для вывучэння і выяўлення ў рэгіёнах магчымых фактараў, якія абмяжоўваюць і запавольваюць ход уборачнай кампаніі ў 2026 годзе.
Пытанне мабільных груп абмяркоўвалася сёння на рабочай сустрэчы прэм’ер-міністра з кіраўніцтвам Генпракуратуры, КДК і іншых дзяржаўных органаў.
Перад мабільнымі групамі пастаўлена задача не правяраць ход уборачнай кампаніі, а прымаць аператыўныя рашэнні для забеспячэння высокіх тэмпаў уборкі ўраджаю.
«У зоне асаблівай увагі мабільных груп будуць пытанні няспраўнасці і аператыўнага рамонту тэхнікі, наяўнасці неабходнай колькасці механізатараў з улікам аб’ёму работ, якія выконваюцца, бесперабойнага забеспячэння палівам, захавання працоўнай і вытворчай дысцыпліны, а таксама забеспячэння аператыўнага эфектыўнага міжгаліновага ўзаемадзеяння як на рэгіянальным, так і на рэспубліканскім узроўні», — паведамляе прэс-служба ўрада.
Пытанні арганізацыйнага забеспячэння мабільных груп плануецца вырашыць на працягу двух дзён. Да канца тыдня яны павінны прыступіць да працы.
Нагадаем, 21 ліпеня Аляксандр Лукашэнка правёў селектарную нараду, прысвечаную ўборачнай кампаніі. Ён запатрабаваў забяспечыць жалезную дысцыпліну, змагацца з крадзяжом паліва і адпраўляць усіх, хто дрэнна працуе, у войска.