Александр Лукашенко во время посещения Ляденского храма, 19 апреля 2020 года. Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб змяненні заканадаўства па пытаннях дзейнасці Савета міністраў, які змяняе статус упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.
Згодна з дакументам, агульнае кіраўніцтва дзейнасцю ўпаўнаважанага цяпер ускладаецца на Адміністрацыю прэзідэнта. Сам упаўнаважаны будзе прызначацца прэзідэнтам і знаходзіцца ў яго непасрэдным падпарадкаванні.
Як заявілі ў прэс-службе Лукашэнкі, змяненне статусу павінна пашырыць магчымасці апарату ўпаўнаважанага для ўзаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі. У Адміністрацыі прэзідэнта таксама будуць каардынаваць рэалізацыю буйных міжканфесійных праектаў і заканадаўчых ініцыятыў у гэтай сферы.
«Сувязі з замежнымі рэлігійнымі цэнтрамі, якія прадстаўляюць інтарэсы вядучых канфесій свету, часта закранаюць шырокі спектр пытанняў, напрыклад тых, што адносяцца да сфераў знешняй палітыкі і бяспекі. Непасрэднае падпарадкаванне апарату ўпаўнаважанага кіраўніку дзяржавы дазволіць спрасціць і зрабіць больш эфектыўным узаемадзеянне па гэтых напрамках», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Улады чакаюць, што замацаваныя ў дакуменце нормы «ў цэлым будуць спрыяць далейшаму захаванню і падтрымцы міжканфесійнага і міжнацыянальнага міру і згоды».
Адначасова падпісаны ўказ, якім зацвярджаецца палажэнне аб упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, а таксама вызначаюцца яго асноўныя задачы, функцыі і паўнамоцтвы.