Загубленую гаспадарку, якую наведваў Лукашэнка, аддалі “Магілёўаблгазу”

ЗАТ “АСБ-Агра Гарадзец” будзе падтрымліваць “Магілёўаблгаз”. Сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавана пастанова Саўміна №234 ад 11 траўня, якой акцыі сельгаспрадпрыемства перададзены ў веданне РУП “Магілёўаблгаз”.

ААТ “Цяплічны камбінат Мачулішчы” да 1 жніўня перадасць ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь і гаспадарчае вядзенне “Магілёўаблгаза” 53 339 акцый прадпрыемства, а холдынг “Купалаўскае” — 53 690 акцый. У суме гэта 100% акцый “Гарадца”.

ЗАТ “АСБ-Агра Гарадзец” у верасні мінулага года наведваў Аляксандр Лукашэнка. Тады яго прэс-служба пісала, што ён звярнуў увагу “на безгаспадарчае стаўленне і адсутнасць парадку, што, паводле яго слоў, у негатыўным ключы характарызуе не толькі працу кіраўніцтва прадпрыемства, але таксама і недапрацоўкі кіраўніцтва Шклоўскага раёна і Кіраўніцтва справамі, у структуры якога знаходзіцца “Гарадзец”. На думку Лукашэнкі, гэта прывяло да таго, што “яны фактычна загубілі гаспадарку, якая стала хоць і не найгоршай, але адной з найгоршых”.

“Сумна, вядома. Гэта найгоршая гаспадарка, якую я бачыў за апошнія два гады”, — казаў Лукашэнка.

Ён паставіў задачу кіраўніку “Гарадца”, мясцовым уладам і кіраўніцтву Кіраўніцтва справамі да вясны навесці ідэальны парадак.

Лукашэнка сам калісьці ўзначальваў гэтую гаспадарку.

“Калі я сюды прыйшоў, гаспадарка была найгоршай у Савецкім Саюзе. Нам ніхто не прыходзіў тут і саломку не падсцілаў, каб было зручна. Выкарабкваліся самі”, — успамінаў ён восенню мінулага года.

Праз два тыдні кіраўнік справамі Лукашэнкі Юрый Назараў дакладваў, што было зроблена для выпраўлення сітуацыі.

Цяпер жа, падобна, “выкарабквацца” “АСБ-Агра Гарадцу” будзе дапамагаць “Магілёўаблгаз”.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!