Мирославас Троцкис. Скриншот видео
Дзяржаўны тэлеканал АНТ распавёў падрабязнасці пра грамадзяніна Літвы Міраславаса Троцкіса, якога затрымалі ў Беларусі паводле абвінавачання ў шпіянажы.
Як заяўляе АНТ, сапраўдныя імя і прозвішча затрыманага — Міраслаў Троцкі, але ён надаў ім «літоўскае гучанне праз нацыяналістычныя погляды». У дзяцінстве ён кожнае лета прыязджаў у беларускую вёску Пусьвары да бабулі і дзядулі па бацьку, а калі родныя памерлі, перастаў наведваць Беларусь.
Троцкіс працаваў у памежнай службе Літвы, а затым у дарожнай паліцыі, спрабаваў весці бізнес, але не меў поспеху. У 2020 годзе ажаніўся з грамадзянкай Беларусі, у пары з’явілася дачка.
У Літве Троцкіса затрымалі: ён знайшоў малакаліберную зброю, пакінуў яе сабе і захоўваў дома. Сябар-следчы прапанаваў паспрыяць яго вызваленню. Пасля вызвалення, паводле слоў Троцкіса, яму прапанавалі «папрацаваць на дзяржаву» і здабываць інфармацыю пра Беларусь: пра вайсковыя часткі, палігоны, медперсанал. Троцкіс выбраў сабе пазыўны «Рынга».
Прапагандысты сцвярджаюць, што асноўным заданнем Троцкіса была «перакідка ў Беларусь грошай і інфармацыі для літоўскай агентуры». У якасці легенды для паездак у Беларусь выбралі аднаўленне радавога дома.
Упершыню з заданнем у Беларусь Троцкіс прыехаў у 2024 годзе пад выглядам афармлення дакументаў на зямлю, гаворыцца ў фільме. Падчас паездак ён закладваў у тайнікі грошы і спыняўся начаваць у хроснай або ў цешчы.
У фільме сцвярджаецца, што КДБ сачыў за Троцкісам з моманту перасячэння мяжы і «кантраляваў усё — аж да мімікі на яго твары».
«У ходзе праведзенай аператыўнай працы была дакладна ўстаноўлена і задакументавана супрацьпраўная дзейнасць грамадзяніна Літвы Міраславаса Троцкіса 1990 года нараджэння. Ён збіраў рознага кшталту інфармацыю ў праваахоўнай, вайсковай і грамадска-палітычнай сферах, а таксама ўдзельнічаў у правядзенні тайніковых аперацый па падтрыманні агентурнай сувязі прадстаўнікоў замежнай спецслужбы са сваімі агентамі», — заявіў намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Аляксандр Тарасевіч.
Падчас апошняй паездкі Троцкіс западозрыў за сабой сачэнне. Каб выйграць час, ён звярнуўся ў бальніцу з язвай і паспрабаваў выйсці на сувязь з куратарамі праз сям’ю.
Аперацыя па затрыманні ў фільме прадстаўлена наступным чынам: у бальніцу да Троцкіса прыйшоў супрацоўнік КДБ і прадставіўся супрацоўнікам літоўскай разведкі, які прыбыў для эвакуацыі. Троцкіс распавёў яму «ўсё, што можна было распавесці».
Жонка Троцкіса нічога не ведала пра дзейнасць мужа, заяўляюць прапагандысты. Яны паказваюць відэа жанчыны са спіны, але не называюць яе імя.
Пасля затрымання жонка з дачкой прыехалі ў Беларусь.
«Яго жонку і дачку наш бок на волю лёсу не кінуў. Дзіця па паскоранай праграме атрымала беларускі пашпарт, дзяўчынку ўладкавалі ў дзіцячы сад. Гэтай сям’і аказваецца ўсялякая падтрымка», — заяўляюць аўтары фільма.
Можна меркаваць, што Троцкіса затрымалі да чэрвеня 2025 года, бо прапагандысты заяўляюць, што пасля затрымання ў Літве звольнілі кіраўніка вайсковай разведкі Элегіюса Паўлавічуса. Гэта адбылося напрыканцы чэрвеня 2025 года
Троцкіса прысудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі. Дата суда не называецца.
Таксама паведамляецца пра затрыманне «агентурнай сеткі літоўскіх спецслужбаў».