Фото: Reform.news
Выбарчая камісія прапанавала Каардынацыйнай радзе падоўжыць час галасавання на выбарах. Пра гэта было заяўлена на адкрытым пасяджэнні Выбаркама. Нагадаем, галасаванне на выбарах у КР павінна было праходзіць з 11 да 17 мая.
Як расказала старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька, з першых дзён мая платформа «Тры сланы», дзе была размешчана інфармацыя пра кандыдатаў у КР, падвяргалася маштабнай DDOS-атацы. У выніку былі ўнесены змены ў тэхнічную частку платформы з мэтай знізіць пагрозу ад атак, у тым ліку зменена тэхнічнае заданне. Гэта запатрабавала правядзення дадатковых тэстаў пасля рэалізацыі змен. Іх планавалася правесці 10 мая перад пачаткам галасавання.
Аднак у гэты дзень выйшаў матэрыял «Нашай Нівы» пра правайдара SumSub. Вынікам стала тое, што пачатак галасавання быў адкладзены дзеля праверкі кампаніі SumSub да 22:00 11 мая. Увесь гэты час не вяліся тэхнічныя тэсты. Пасля заканчэння ўнутранай праверкі і рашэння пра працяг супрацоўніцтва з SumSub было вырашана вярнуцца да тэстаў. У выніку яны пачаліся за некалькі гадзін да прызначанага часу пачатку галасавання. Непасрэдна перад пачаткам галасавання «Тры сланы» і платформа для галасавання падвергліся новым масіраваным DDOS-атакам. Камісія прыняла рашэнне працягнуць тэсты да раніцы 12 мая.
«Вось такім чынам, зараз раніцаю мы сабраліся для таго, каб канстатаваць, што платформа для галасавання цалкам пратэставаная, гатовая, бяспечная і здольная працаваць ва ўмовах перманентнага DDoS, які працягваецца», — сказала Прыходзька.
Паводле яе слоў, у канале Каардынацыйнай рады неўзабаве з’явяцца інструкцыі для тых, хто галасуе.
Паколькі платформа была недаступная для выбаршчыкаў да раніцы 12 мая, Выбарчая камісія прыняла рашэнне звярнуцца да КР з прапановай падоўжыць галасаванне. Канчатковае рашэнне пра падаўжэнне галасавання павінна прыняць Каардынацыйная рада.
«З улікам усяго адзначанага Выбарчая камісія прыняла рашэнне падрыхтаваць зварот да Каардынацыйнай рады з рэкамендацыямі разгледзець магчымасці працягнуць тэрмін заканчэння галасавання на тую колькасць гадзін, колькі платформа была недасяжная. Гэтыя рэкамендацыі мы падрыхтуем, афіцыйна накіруем да КР і ўжо канчатковае рашэнне ў гэтым будзе прымаць Каардынацыйная рада», — дадала кіраўніца Выбаркама.
Алена Прыходзька адзначыла, што платформа цяпер даступная, ужо зарэгістраваныя першыя прагаласавалыя.
Платформа для галасавання на выбарах у КР. Таксама можна аддаць свой голас праз праграму SVAE Peera для Android і праз TestFlight для iOS. Падрабязныя інструкцыі тут.