Фото: ONA
Старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар прыбыў сёння ў Аман. Менавіта ён знаходзіўся на борце ўрадавага бізнес-джэта, які вылецеў учора ўвечары з Мінска ў Маскат.
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва Амана ONA паведамляе, што Віктар Лукашэнка прыбыў як спецыяльны пасланнік Лукашэнкі-старэйшага.
22 красавіка ад імя султана Амана Хейсама бен Тарыка аль Саіда Віктара Лукашэнку прыняў сын султана, спадчынны прынц, намеснік прэм’ер-міністра па эканамічных пытаннях Сайід Тэйязін бен Хейсам аль Саід. Віктар перадаў султану пісьмовае пасланне ад Аляксандра Лукашэнкі.
«У ходзе сустрэчы былі разгледжаны напрамкі супрацоўніцтва і партнёрства паміж дзвюма дружалюбнымі краінамі ў розных эканамічных і інвестыцыйных сферах, а таксама шляхі іх умацавання на карысць народаў дзвюх дзяржаў», — паведамляе ONA.
Віктара Лукашэнку суправаджаў яго памочнік Сяргей Зелянкевіч.
На пачатку красавіка ў Аман з візітам прылятаў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.