Ругінене пра дыялог з Беларуссю: Мы хочам бачыць добрую волю і з іншага боку

Літва гатовая да дыялогу з Беларуссю, але хоча бачыць добрую волю з боку Мінска. Пра гэта заявіла прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене 22 красавіка, піша LRT.

«Мы не змяняем пазіцыю, і пазіцыя ўрада ясная. Мы гатовыя, проста хочам бачыць добрую волю і з іншага боку», — заявіла літоўскі прэм’ер пра магчымы дыялог.

Ругінене падкрэсліла, што пра аднаўленне адносін да даваеннага ўзроўню гаворка не ідзе, але Літва разглядае магчымасць нармалізацыі адносін.

«Мы не гаворым пра аднаўленне адносін або дыялогу, які быў шмат гадоў таму да вайны. Мы гаворым пра магчымасць нармалізацыі адносін шляхам абмену пэўнымі тэхнічнымі дэталямі, як гэта робяць і іншыя краіны, але для гэтага неабходныя абставіны і ўмовы, якія павінен выканаць іншы бок», – заявіла Ругінене.

Прэм’ер-міністр Літвы адзначыла, што сустрэча для абмену інфармацыяй будзе магчымай, калі Мінск прапануе доўгатэрміновыя рашэнні па пытаннях метэазондаў, нелегальнай міграцыі і затрыманых у Беларусі грузавікоў. Пра гэтыя ж умовы для пачатку дыялогу раней заяўляў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Раней беларускі МЗС заяўляў, што гатовы да камунікацыі па лініі прадстаўніка Літвы для ўзаемадзеяння з Беларуссю. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы на днях заявіў, што бачыць вялікія рызыкі ў дыялогу з Беларуссю.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!