Ва УСУ назвалі сцэнар маштабнага наступлення з Беларусі нерэалістычным

Намеснік камандзіра палка беспілотных сістэм Kraken Канстанцін Немічаў у інтэрв’ю РБК-Украіна ацаніў пагрозы з боку Беларусі і назваў сцэнар шырокамаштабнага наступлення калонамі нерэалістычным.

«Пагроза ёсць заўсёды, але трэба разабрацца, для каго менавіта. Ёсць некалькі варыянтаў. Першы — пагроза для памежжа Украіны. Другі — краіны Балтыі, якія мяжуюць з Беларуссю. Расія разглядае Сувалкскі калідор як магчымасць захопу і адразання Балтыі ад Еўропы па сушы. Трэці варыянт — гэта маніпуляцыя. Яны праводзяць вучэнні, капаюць пазіцыі, каб прымусіць нас адцягнуць войскі з франтавой часткі Украіны і расцягнуць нашы сілы», — заявіў ён.

Немічаў падкрэсліў, што абарончая лінія на мяжы з Беларуссю гатовая.

«Які варыянт спрацуе — невядома, але наша задача — рыхтавацца. На мяжы з Беларуссю наша абарончая лінія гатовая. Калі РФ разам з Беларуссю паспрабуе рухацца ў наш бок, нашы беспілотныя сістэмы і пяхотныя брыгады зробяць усё, каб гэтая калона была знішчаная разам з тэхнікай і асабовым складам. Тады ў нас развяжуцца рукі для нанясення ўдараў па цэнтрах прыняцця рашэнняў у Беларусі. Лукашэнка гэта разумее, таму пяты год ёрзае на крэсле і не ведае, што рабіць. Мы паказваем на фронце, што можам знішчаць ворага», — падкрэсліў вайсковец.

На яго думку, сцэнар 2022 года, калі калоны ішлі па Кіеўскай або Чарнігаўскай абласцях, цяпер нерэалістычны.

«Тэхніку ў такім фармаце на фронце ўжо не выкарыстоўваюць, калоны проста знішчаць яшчэ на подступах. Глабальнай пагрозы буйным гарадам з боку Беларусі на дадзены момант няма з-за той колькасці сіл, якая там размешчана. Яны могуць назапашваць рэсурсы, магчымыя спробы заходу на памежныя тэрыторыі, у невялікія гарады і вёскі (як гэта робіцца ў Харкаўскай і Сумскай абласцях для стварэння так званай буфернай зоны). На гэтую пагрозу трэба адэкватна рэагаваць, што мы і робім. Нават пасля нашай перамогі правакацыі і назапашванне сіл ворагам на межах могуць працягвацца», — лічыць ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!