У Гродне камунальныя службы адрамантавалі амаль стогадовы помнік Элізе Ажэшцы, пашкоджаны ў выніку залевы

Помнік Элізе Ажэшцы на рагу вуліц Ажэшкі і Тэлеграфнай – самы стары ў горадзе. Але ў выніку залевы, што адбылася 1 жніўня, пастамент помніка моцна падмыла. Асобныя пліты змясціліся, а сама канструкцыя нават крыху нахілілася, піша тэлеграм-канал Urban Grodna.

На стан помніка звярнула ўвагу гродзенская блогерка. Яна звярнулася ў службу 115, і там паабяцалі адрамантаваць помнік.

Стан помніка пасля залевы. Фота: Urban Grodna

12 жніўня гродзенскі помнік Элізе Ажэшцы адрамантавалі. Каля 10 дзён ён быў у аварыйным стане.

Сучасны стан помніка. Фота: Urban Grodna

Помнік пісьменніцы Элізе Ажэшцы адкрылі ў гарадскім парку 20 кастрычніка 1929 года. Паставіць помнік Ажэшцы ў Гродне спрабавалі адразу пасля смерці пісьменніцы ў 1910 годзе (яна памерла ў Гродна і была пахавана на Фарных могілках), але тады царскія ўлады не далі на гэта дазвол. Да ідэі ўвекавечыць Ажэшку гараджане вярнуліся толькі пасля Першай сусветнай вайны. У 1923 годзе быў аб’яўлены конкурс. Перамог праект помніка скульптара Рамуальда Зэрыха.

Скульптура з шэрага граніту працы Рамуальда Зерыха першапачаткова паставілі на Тэатральнай плошчы побач з гарадскім тэатрам, які тады насіў імя Элізы Ажэшкі.

У 1939 году камуністы перайменавалі вуліцу Ажэшкі на Ленінскую і хацелі спачатку прыбраць помнік польскай пісьменніцы з гарадскога парка. Але на лёс бюста паўплывала цэнтральная маскоўская газета «Правда», якая крытыкавала змену назвы вуліцы Ажэшкі ў Гродне. Камуністы падкрэслівалі яе сацыяльныя погляды, паказваючы, што яна была папярэднікам камуністычных ідэй. Так помнік Ажэшкі застаўся стаяць каля тэатра да 1941 года.

Падчас нямецкай акупацыі помнік пісьменніцы новая ўлада загадала прыбраць. Па адной з версій, яго схавалі жыхары Гродна на каталіцкіх могілках, па іншай, яго выкінулі ў раку Гараднічанку.

Помнік пасля рэканструкцыі вярнулі ў 1949 годзе па рашэнні гарадскога Савета. Аднак ён быў устаноўлены ў іншым месцы, на скрыжаванні вуліц Ажэшкі і Тэлеграфнай. На бакавых частках пастамента былі ўсталяваныя вазы для высадкі кветак, якія дэмантавалі ў пачатку ХХІ стагоддзя.

На мяжы 1960-х і 1970-х гадоў помнік Элізе Ажэшцы стаў месцам сустрэчы гродзенскіх хіпі. Тады яго называлі «каменнай матуляй».

Сёння помнік Ажэшцы разам з домам-музеем пісьменніцы – адна з самых папулярных турыстычных кропак Гродна.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!