Украінскія дэпутаты павіншавалі беларусаў з 35-годдзем незалежнасці

Украінскія дэпутаты выступілі са зваротам з нагоды 35-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі. Ён накіраваны ад імя міжфракцыйнай дэпутацкай групы “За дэмакратычную Беларусь!”.

“25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет Беларусі надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закона. У гэты дзень беларускі народ аднавіў сваю дзяржаўнасць і атрымаў шанец самастойна вызначаць уласную будучыню.

Прайшло 35 гадоў. Сёння Беларусь фармальна застаецца незалежнай дзяржавай, аднак яе суверэнітэт сістэмна знішчаецца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і залежнасцю ад Расійскай Федэрацыі. Беларусь ператвораная ў ваенны плацдарм для расійскай агрэсіі супраць Украіны, а яе тэрыторыя выкарыстоўваецца супраць суседніх дзяржаў.

Рэжым Лукашэнкі не толькі ўзурпаваў уладу, але паслядоўна знішчае беларускую нацыянальную ідэнтычнасць. У беларусаў адабралі сапраўдны Дзень Незалежнасці, пераследуюць за выкарыстанне гістарычных нацыянальных сімвалаў, а тысячы грамадзян былі зняволеныя за сваю палітычную пазіцыю.

У апошнія месяцы рэжым спрабуе стварыць уражанне «лібералізацыі», вызваляючы асобных палітычных зняволеных у рамках дамоўленасцей з Захадам. Але вызваленне соцень людзей не адмяняе самой сістэмы рэпрэсій: палітычныя пераследы працягваюцца, а беларусы і далей рызыкуюць свабодай за права адкрыта выступаць супраць дыктатуры.

Сёння лёс незалежнай Беларусі вырашаецца таксама на фронце ва Украіне. Беларускія добраахвотнікі ў складзе сіл абароны Украіны са зброяй у руках змагаюцца супраць расійскага імперыялізму, абараняючы не толькі Украіну, але і будучыню свабоднай Беларусі.

Міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднанне «За дэмакратычную Беларусь!» падтрымлівае права беларускага народа самастойна вызначаць лёс сваёй дзяржавы. Будучыня Беларусі – суверэнная, дэмакратычная і еўрапейская краіна, свабодная ад дыктатуры і знешняга кантролю.

Верым, што над Мінскам зноў будзе лунаць бел-чырвона-белы сцяг, палітычныя зняволеныя вернуцца дадому, а беларускі народ зможа святкаваць сваю незалежнасць у свабоднай і дэмакратычнай дзяржаве.

Жыве Беларусь! Слава Украіне!”, – гаворыцца ў звароце.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!