Хлопец “расстраляў” веласіпедыста з пнеўматычнага пісталета ў Івацэвіцкім раёне

21-гадоваму жыхару Івацэвіцкага раёна давядзецца адказаць за хуліганства. Падазраваны заключаны пад варту.

Паводле версіі следства, малады чалавек у жніўні гэтага года ехаў на легкавым аўтамабілі па дарозе Р6 Івацэвічы-Пінск-Столін. Каля вёскі Краглевічы Івацэвіцкага раёна ён апусціў шкло з пасажырскага боку аўтамабіля і некалькі разоў стрэліў з пнеўматычнага пісталета па незнаёмым 53-гадовым мужчыне, які праязджаў на веласіпедзе.

Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю. Стралка знайшлі і затрымалі.

Падазраваны расказаў, што набыў пнеўматычны пісталет і камплектуючыя да яго ў адной з інтэрнэт-крам, а па незнаёмым яму мужчыне страляў дзеля забавы.

Адзначаецца, што мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту была абраная для маладога чалавека ў тым ліку яшчэ і з-за таго, што ён ужо з’яўляецца абвінавачаным па справе аб крадзяжы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!